Так часта бывае: сустракаліся з хлопцам пяць гадоў, тры з іх пражылі адным домам, жаніцца ён быў “яшчэ не гатовы”, слова за слова — разышліся. І тут знянацку: паўгода не прайшло — а ён ужо з пярсцёнкам на правай руцэ.
Чаму мужчыны не жэняцца? Не, пытанне некарэктнае: паўсюль адны вяселлі, а ад вас белы вэлюм гэтаксама далёка, як рыса далягляду. Сфармулюем правільна: чаму ваш хлопец не хоча прапанаваць вам руку і сэрца?
Адказ настолькі просты, што мы даручым гэтую місію Капітану Відавочнасць: мужчына не жэніцца тады, калі не мае ў тым патрэбы.
Па вялікім рахунку, нашая цывілізацыйная парадыгма амаль скасавала патрэбу браць шлюб як і для мужчынаў, так і для жанчынаў. Цяжкая фізічная праца амаль знікла; магчымасць займець вялікі заробак для ўсіх роўная (і жанчыны на гэтым фронце выступаюць вельмі паспяхова), на самоце ніхто з голаду не памрэ, дый грамадства адносна памяркоўна ставіцца да “адзінокіх”. Адзінае, што не дае сям’і канчаткова знікнуць у цемры гісторыі, — неабходнасць памнажацца, а талентам нараджаць дзяцей пакуль што валодаюць толькі жанчыны. Што ні кажы, дзяцей выхоўваць зручней у сям’і.
Так што, пакуль брытанскія вучоныя не вынайшлі чалавечыя інкубатары, нам давядзецца пераймацца праблемамі сям’і, а дакладней няўменнем некаторых яе стварыць.
Мужчына не хоча жаніцца, бо не мае ў тым патрэбы. І жанчыны сваімі паводзінамі (а я кажу — няправільнымі полавымі паводзінамі) часта гэтую патрэбу скасоўваюць.
Ці вы ўжо зрабілі ўсё, што маглі, каб аддаліць як найболей дзень уласнага вяселля?
Вызначцеся самі для сябе: дзеля чаго вы пачынаеце новыя дачыненні? Абы пачаць, потым — пратрымацца як мага даўжэй, і прапанова адбудзецца сама сабою? Маўляў, чым даўжэй вы сустракаецеся, тым большая імавернасць, што дачыненні скончацца шлюбам? Вялікая памылка. Хутчэй наадварот: чым болей гадоў прамінула ад дня першага пацалунку, тым меншая імавернасць выйсці замуж. Але не будзем забягаць наперад.
Якія крокі робяць жанчыны дзеля таго, каб “памерці ў дзеўках”?
Першы крок. Паспешлівы сэкс
Сёння вас ніхто не папракне за грэхападзенне ў першы тыдзень знаёмства. Што там першы тыдзень: давайце наогул на першым спатканні! Ну а што тут такога: ёсць жаданне — трэба яго рэалізаваць, гэта пацвердзіць любы псіхолаг. Далей — болей, і вось мужчына атрымлівае бесперашкодны доступ да цела, і яму не трэба прыкладаць да гэтага ніякіх намаганняў. Ніякіх! Гэта жахліва. О, вось абураюцца “сучасныя жанчыны”, прыхільніцы здаровага полавага жыцця: што за дзікунства — адмаўляць мужчыну ў сэксе, што за цемрашальства! Мы ж сустракаемся, гэта цалкам нармальна! У такім выпадку не магу не запытацца: ці жадаеце вы бачыць гэтага чалавека сваім мужам? Калі так, то памятайце: мужчыну, які мае бесперашкодны доступ да вашага цела, больш не трэба вас заваёўваць. Вы для яго — заваяваная тэрыторыя.
Другі крок. Вельмі частыя сустрэчы
Спатканні адзін раз на тыдзень — гэта замала. Два разы — таксама замала. Давай бачыцца часцей: тры, чатыры, пяць разоў на тыдзень, а лепей штодня! Трэба хутчэй зблізіцца, зрабіць усе інтарэсы агульнымі, вывучыць адно аднаго як мага лепей, гэта і ёсць сапраўднае каханне. Калі правесці вечар разам ніяк не атрымліваецца, то ёсць мабільны тэлефон. З дапамогай гэтай прылады, якая ўдала зруйнавала амаль дарэшты межы прыватнасці, чалавека можна знайсці ў любы момант у любым месцы. Што мы і робім. Гадзінныя размовы перад сном, смс раніцай, сазвон у абед… Бліжэй, бліжэй, яшчэ бліжэй — і вось мы блізкія, нібыта сапраўдная сям’я. Увага: нібыта. Залішне частыя камунікацыі ніяк не спрыяюць утварэнню сям’і.
Наогул, такі стыль будавання дачыненняў стаў настолькі звыклы, што спроба паказаць на ягоныя заганы выклікае страшныя абурэнні. Зноў жа пытанне: ці хочаце вы хутка выйсці замуж за таго, з кім працягла сустракаецеся? Калі хочаце, то зважайце.
Трэці крок. “Грамадзянскі шлюб”
Калі ў кагосьці з пары ёсць жылплошча, чаму б не з’ехацца? Калі жылплошчы няма, што перашкаджае здымаць разам кватэру? Грошай плаціць трэба меней, а разам весялей. Шмат для якіх дзяўчат супольнае пражыванне робіцца першым цвіком у труну будучай сям’і. Так званы “грамадзянскі шлюб” — гэта забойца сям’і, гэта хвароба грамадства; і да здаровых дачыненняў ён не належыць ніякім бокам.
Чацвёрты, апошні крок. Прэтэнзіі
Ну і апошні, фатальны крок, які рана ці позна робіць кожная дзяўчына, што паспяхова прайшла ўсе папярэдне пералічаныя этапы: прэтэнзіі да хлопца. Рамантыка першых месяцаў прамінула, пара штодня бавіць шмат часу разам і нават разам жыве. Як сям’я. Імаверна, дзяўчына нават прадстаўляецца дзе-нідзе жонкай свайго хлопца. Прынамсі, ёй пачуваецца. А жонка заўжды мае да мужа шмат пытанняў. Напрыклад, чаму ён неахвотна дапамагае ёй весці хатнюю гаспадарку. Ці ляжыць цэлымі днямі на канапе ў той час, як яна разрываецца паміж трыма працамі. Сутнасць прэтэнзіі неістотная: сапраўдная жанчына заўжды знойдзе да чаго прычапіцца. Не, не так: жанчына абавязкова пачне ўдасканальваць дачыненні, працаваць над імі; ствараць, карацей кажучы, ідэальную сям’ю, дзе ў кожнага свае абавязкі.
І тады паступова пачынае надыходзіць момант, калі ў мужчыны аформіцца і вербалізуецца пытанне: а на якой падставе яна змушае мяне змяняць мае звычкі? Чаму яна так шмат ад мяне патрабуе? Яна мне, між іншым, не жонка.
Мужчыну ў такой сітуацыі вельмі проста зразумець (хоць і цяжка апраўдаць). Глядзіце, ён ужо ўсё ад вас атрымаў.
Пункт першы: рэгулярны сэкс — ёсць.
Далей — бесперашкоднае камунікаванне. О так, з каханым чалавекам хочацца бавіць час як найболей. Да каханага чалавека моцна цягне, і чым ён далей ад нас, тым мацней. Але цяпер мужчына ведае, што ён і так пабачыць вас увечары. Штодня. Кожны дзень ён мае магчымасць вячэраць з вамі, ляжаць на канапе і глядзець серыялы, спаць пад адной коўдрай. Ці доўга яго будзе да вас неадольна цягнуць? Як тут можна захаваць трапяткую закаханасць?
Трэцяе: супольны побыт. Натуральна, вы добрая гаспадыня. І ўсе прывілеі сямейнага жыцця вы ахвотна прэзентавалі свайму каханаму. Сняданак і вячэра, папраныя шкарпэткі і адпрасаваныя кашулі, фіранкі на вокнах і кветкі на падваконнях, чысціню і дабрабыт, а галоўнае — цёплую жанчыну пад коўдрай у ложку. А ён, каб трапіць у гэты рай, не зрабіў нічога. Вы самі яму ўсё забяспечылі.
Калі мужчына гэта зразумее — што ён без намаганняў атрымаў усе перавагі сямейнага жыцця, — хіба ён захоча займець яшчэ і клопаты?
Навошта мужчыну ўскладаць на сябе абавязкі, калі ён задарма мае ўсе правы? Што дзяўчына ў такой сітуацыі можа яму яшчэ даць? Менавіта што толькі клопаты: змяні свае звычкі, зарабі больш грошай, паводзься гэтак і гэтак і ўрэшце ажаніся са мною, бо я хачу сапраўдную сям’ю.
Такая сітуацыя — цудоўная глеба для канфлікту, і ён абавязкова адбудзецца.
(Увага. Канфлікт адбудзецца, калі дзяўчына ў такой сітуацыі хоча замуж, а хлопец — не. Бывае наадварот: калі дзяўчына збіраецца прыгледзець сабе кагосьці больш перспектыўнага, а цяперашнім сужыцелем проста карыстаецца. Так што калі вы хочаце замуж, не памыліцеся вонкавым падабенствам сітуацыі і не гадуйце марных надзеяў.)
Пазналі сябе ў гэтым апісанні? Спачуваю. Між тым, яна вельмі проста і хутка вырашаецца. Сустрэнемся наступным разам, а пакуль што можаце ісці выбіраць вясельную сукенку.
Югася Каляда