Яшчэ нейкія паўтара пакалення таму адказ быў адназначны: “Толькі пасля шлюбу!”
Падазраю, што менавіта з гэтай прычыны мае бацькі, якія былі пазнаёміліся ўлетку ў будатрадзе, пад Новы год ужо згулялі вяселле. Аднак не прайшло і сто гадоў, як дасягненні фемінізму дазволілі і жанчынам паўнавартасна браць ад жыцця ўсё — і праводзіць кастынг кандыдатаў паводле сваіх таемных крытэраў (памер жа, як дэкларуецца, не мае значэння). Я маю сур’ёзныя здагадкі, што гэтае “дасягненне фемінізму” было інспіраванае мужчынамі: на іх вуліцы пачалося бесперапыннае свята, калі кожная сустрэчная дзяўчына можа без усялякіх умоваў даць (абяцанне любіць), а ён нават не абавязаны з ёй жаніцца.
Але некаторыя дзяўчаты (пераважная большасць) замест таго, каб скарыстацца з даволі перспектыўнай сітуацыі, прымудраюцца на роўным месцы займець сабе праблемы. Агульнае рэзюме кожнай такой ”унікальнай” сітуацыі гучыць аднолькава: “Я адчуваю, нібыта мною скарысталіся”. Залішні, заўчасны, непатрэбны сэкс; супольны ложак, у якім кожны пачуваецца паасобку; раніца, калі трэба збірацца на працу — анігадкі ад ўчорашняй рамантыкі; і неагучанае пытанне, якое застаецца без адказу: калі мы сустрэнемся наступным разам?
Калі вы хоць аднойчы ціха плакалі ў ложку ў той час, як ваш партнёр (не жаніхом жа яго называць) спакойна спаў, — вам сюды. Калі вы бавілі самотныя тыдні ў пакутлівых чаканнях хаця б тэлефоннага званочка, не кажучы ўжо пра запрашэнне на спатканне, і ламалі галаву, чаму ён знік, калі “ўсё было так добра”, — гэта напісана для вас.
Насамрэч адказ на пытанне “Калі можна нарэшце прыйсці на каву і застацца?” настолькі просты, што нават не варты асобнага артыкула. І адказ залежыць ад вашых мэтаў.
Калі вас ушчэнт не цікаваць трывалыя дачыненні; калі вы нават не даведаліся пра пашпартныя звесткі вашага абранца (я пра імя і прозвішча); калі вашае халоднае сэрца не крануць пакуты беднага хлопчыка, якога вы скарысталі і кінулі; калі вас сапраўды не хвалюе пытанне “ўладкавання прыватнага жыцця” — калі ласка, усе прэлесці праміскуітэту — для вас. Дзякуй богу, камянямі не закідаюць, тапіцца ў сажалцы ад сораму не давядзецца, і нават бабуля, не кажучы ўжо пра маму, здагадваецца, што вы не цнатлівіца — і нічога, з тэстамэнта не выкрэслівае.
А вось калі вы не супраць “трывалых дачыненняў”, калі вас цікавіць “узаемнае каханне” — то пабудуйце спачатку дачыненні. Ад пакутаў выратоўвае адзін просты тэст: каву можна піць, калі вы дакладна ведаеце, што будзе назаўтра. Калі вы ўпэўненыя, што ваш абраны не знікне ў невядомым кірунку, — можна. Калі нават сумневаў няма, што ён пазвоніць і заўтра, і паслязаўтра. Калі ў вас на пятніцу квіткі ў кіно, а ў нядзелю — шпацыр у Батанічным садзе, піце каву хоць пяць разоў на дзень.
Канечне, чым даўжэй вы пратрымаецеся, тым мацней ён “закахаецца”, але час тут — не крытэр. Толькі хардкор, толькі ўпэўненасць у заўтрашнім дні. Ёсць такія індывіды, якім сапраўды “толькі гэта і трэба”, колькі іх ні выпрабоўвай часам: ён дасягне сваёй мэты і знікне, як фокуснік. Такога альфа-самца бачна здалёк, а калі ён набліжаецца, у вас падгінаюцца каленкі і макрэюць далоні, голас пераходзіць у грудны шэпт, і вось вы ўжо ў віры палкіх пачуццяў; а не, не ў віры, а ў ложку; і я б не сказала, што камунікацыі з найлепшымі прадстаўнікамі чалавечага віду непрыемныя… Яшчэ якія прыемныя… але бессэнсоўныя. Замуж за яго вы не выйдзеце, хоць вы яго перад тым будзеце дынаміць цэлы год.
Час — не крытэр, зусім не крытэр: з іншым харошым хлопчыкам ужо праз тыдзень будзе ўсё зразумела. Але ўсё ж не займайцеся сэксам на першым спатканні, калі вы хочаце, каб адбылося і другое.
“Гэта ўсё лухта, а вось мая сяброўка займалася, і выйшла замуж!” Ну што тут сказаць, а мая сяброўка гулялася ў рускую рулетку і засталася жывая. А яшчэ адна мая сяброўка таксама займалася, а потым выйшла замуж — праўда, праз дзесяць гадоў і за іншага чалавека. Тут, як кажуць, хто не рызыкуе, той не п’е глог.
Дарэчы, пра замуж: адна праўдзівая гісторыя пад заслону. Дзевачкі, калі вам тэрмінова трэба замуж (бываюць у жыцці розныя сітуацыі), то вам дапаможа генератар пастаяннага току. У народзе гэты механізм называецца “Дынама”. Зарана думаць, што канцэпцыя “Толькі пасля шлюбу” згубіла сваю актуальнасць: сур’ёзны на першы погляд мужчына рабіў мне прапанову, прыпаўшы на калена і працягваючы букет ружаў (ісцінную святую праўду кажу, ёсць сведкі) — а ўсё таму, што дваццацігадовая саплячка пагаджалася з ім толькі гуляць пад ручку па добра асветленых вуліцах, і тое без вялікай ахвоты. На жаль, мая юначая дурасць не дала мне зразумець, што гэта — не прыватны выпадак, а агульнае правіла: чым на далейшай дыстанцыі трымаем мы мужчыну, тым больш ён зацікаўлены нас “заваяваць”.
Ратуй мяне божа ад маралізатарства і ад высноваў, “што такое добра і што такое дрэнна”: хай кожны паводзіцца як уважае патрэбным. Але не рабіце з уласнага жыцця эксперымент: усе эксперыменты праведзеныя да нас, і высновы шматкроць паўтораныя. Дзейнічайце, ведаючы наступствы.