Дарагая, табе зноў прапанавалі выйсці замуж? Віншуем! Крыху псуе радасць тое, што прапанова ішла ад бацькоў. У цябе заўтра вяселле? Крута! Вельмі крута, калі цябе шосты раз паклікалі сведкай на вяселле, бо ўсе астатнія сяброўкі ўжо замужнія.
Здавалася, што прасцейшае, чым выканаць асноўную біялагічную функцыю — размножыцца? Але дзяўчатам не толькі складана ўтварыць бацькоўскую пару — праблема нават у тым, каб пачаць з кімсьці сустракацца.
Якіх толькі скаргаў (заўважым, справядлівых) не паступае ў адрас няшчасных мужчын!
Яны не хочуць жаніцца. Не хочуць сям’і і дзяцей. Не хочуць браць на сябе адказнасць. Не ўмеюць зарабляць грошы. Яны інфантыльныя і жывуць з бацькамі. Яны не паважаюць жанчын. Не ўмеюць паводзіцца: не падаюць руку, не адчыняюць дзверы, не дораць кветкі, не праводзяць дадому цёмнымі вечарамі. Яны кахаюць іншую, якая імі пагарджае.
Здавалася б, такія непаўнавартасныя мужчыны мусяць выбракоўвацца натуральным адборам, цягам аднаго пакалення. Аднак не! І па гэтых нябогаў стаіць жаночая чарга. І за іх вядзецца барацьба, і енк стаіць па ўсёй зямлі.
Чаго не хапае гэтым пераборлівым пыхлівым недамеркам, калі такая прыгожая, разумная, таленавітая і паспяховая дзяўчына прапануе ім любоў, сям’ю, руку, сэрца, кватэру і гарачыя абеды? У найлепшым выпадку яны задавальняюцца жылплошчай, але “ствараць сям’ю” яны “не гатовыя”.
“Я не ўпэўнены, што ты — той самы чалавек, з якім я хачу пражыць усё жыццё”. “Я яшчэ не ачуняў пасля разводу”. “Спачатку я зараблю шмат грошай/скончу навучанне/куплю аднарога (закрэслена) дом за горадам…” “Мне трэба параіцца з мамай”.
У няшчаснае жаночае каханне абавязкова дадае трагізму “добры хлопец”, якога “я люблю як сябра”. У часе тваіх бясплодных спробаў дамагчыся ўвагі/любові/прапановы жаніцца ад каханага ён будзе табе і званіць, і пісаць, і запрашаць на спатканні… Дарыць сто адну ружу, здымаць аматарскі фільм-віншаванне на твой дзень народзінаў… А ты, на жаль, канстатуеш поўную абыякавасць да яго.
Чаму? Закон подласці? Не. Правільныя полавыя паводзіны.
У жывёл няма праблем з размнажэннем. Нават яшчаркі па дасягненні пэўнага веку з’язджаюцца ў адну норку, разам палююць на інсектаў і разам грэюцца на сонцы. Яшчаркі (!), у якіх мазгоў меней за грам, умеюць ствараць сям’ю!
Дзве сусветныя вайны, нястача мужчын, эмансіпацыя, змена эканамічнага ладу (ці не сказала я выпадкова, крый божа, “фемінізм”? Не? І фемінізм таксама — вось прычыны таго, што жанчыны развучыліся паводзіцца з мужчынамі. Добра, калі кагосьці навучыла мама. Шчаслівая тая, хто дайшла да гэтага сваім розумам ці інтуітыўна.
Але многія дзяўчаты — тысячы іх! — робяць такія памылкі, ад якіх хочацца роспачна ўзяцца за галаву.
“Дай я напішу яму ў скайпе, ён рыхтык анлайн”. “Ён проста баіцца зрабіць першы крок”. “Давай куды-небудзь сходзім увечары”. “Я сама заплачу за сваю каву”. “Сэкс на першым спатканні — гэта так рамантычна! Незвычайная жарсць авалодала намі”. “Ты мне патэлефануеш?” “Калі мы сустрэнемся?” “Пераязджай да мяне!” “Табе трэба вызначыцца: мы сустракаемся ці не?” “Даўно не пісала табе, і вось наважылася… Пасля таго, што адбылося паміж намі”… Дрэнная, дрэнная навіна — гэта дрэнныя, дрэнныя ўчынкі!
Аднак ёсць і добрая навіна. Уся сутнасць правільных полавых паводзінаў укладаецца ў адну формулу: курыца павінная ўцякаць ад пеўня. Мужчыны павінныя бегаць за жанчынамі, і ніяк не наадварот.
У вас усё дрэнна з вашым “хлопцам”? (Бадай, ён і не здагадваецца, што вы з ім “сустракаецеся”). Адкажыце на простае пытанне: з чыёй ініцыятывы адбываюцца вашыя дачыненні? З чыёй ініцыятывы вы прысутнічаеце ў ягоным жыцці? Спыніце вашую актыўнасць: перастаньце пісаць, званіць і прызначаць сустрэчы. Ён знікне? Туды яму і дарога. Не марнуйце на яго час.
Жанчына можа наладзіць сваё асабістае жыццё шляхам некалькіх простых крокаў, якія будуць укладацца ў схему правільных полавых паводзін: калі курыца ўцякае ад пеўня, ён абавязкова пачынае яе даганяць. Гэта інстынкт, шматкроць старэйшы за чалавека. Мужчыны ж жывёлы, мы самі на гэта часта наракаем. І не карыстацца з гэтага — злачынства супраць чалавецтва. А свет — і жаночыя нервы, і найлепшыя гады жыцця — уратуюць гендарныя стэрэатыпы, якія варта культываваць і ахоўваць.
Факт: чалавечы соцыум арганізаваны складаней за ільвіны прайд. У некаторых сітуацыях добра было б атрымаць параду дасведчанай сяброўкі. Як пазнаёміцца з тым, хто спадабаўся? Чаму нельга прапаноўваць свой нумар тэлефона? Чаму нельга пісаць першай? Запытвацца пра наступную сустрэчу? Плаціць за сябе ў кавярні і кінатэатры? Вайна джынсам і красоўкам, мір — абцасам! Чаму маленькая торбачка зручнейшая за вялікую зручную торбу? Як забяспечыць сябе кветкамі? Як адсяліць яго ад мамы? Як змусіць яго зарабляць грошы? Аперацыя “Сбежала Мальвина в чужие края, сбежала Мальвина, невеста моя” і іншыя гендарныя стэрэатыпы ў забойным дзеянні. Заставайцеся з намі. Культура полавых паводзінаў значна паляпшае жыццё.
Чытайце ў наступны чацвер:
«Як пазнаёміцца з хлопцам?» — часта пытаюцца не абазнаныя ў амурных справах дзяўчаты. Пра гэта чытайце ў маёй новай кнізе «Ніяк, чорт мяне дзяры!» Знаёміцца мусіць мужчына. Певень мусіць бегчы за курыцай!
Але калі б мы моўчкі чакалі мужчынскай ініцыятывы, мы б вымерлі як від цягам пакалення. Парадокс? Не! З мужчынам варта знаёміцца так, каб ён быў перакананы, што ініцыятыва ідзе ад яго. Для гэтага ёсць адна-адзіная простая формула: