Магічны алгарытм, які ператварае дзяўчыну ў нявесту.
“Сбежала Мальвина в чужие края! Сбежала Мальвина, невеста моя!”
Вы сустракаецеся ўжо не першы год. Магчыма, вы ўжо даўно жывяце разам. Пытанні бацькоў і ўсіх знаёмых “Калі ўжо вяселле?” выклікаюць у вас істэрыку. Вы і самі не супраць ведаць, калі ж вам прапануюць стварыць сапраўдную сям’ю. Аднак ваш, скажам шчыра, сужыцель мае на “сапраўдную сям’ю” іншыя погляды. Верагодна, ён вам нават іх агучваў. “Я яшчэ не гатовы”, “Я яшчэ не вызначыўся”, “У нас і так нармальныя дачыненні”.
Пры тым вы такія дачыненні за нармальныя не ўважаеце. Якія ж яны “нармальныя”, калі іншым робяць прапанову, клянуцца ў пажыццёвай вернасці, шануюць і баяцца страціць, а вас — НЕ? І ў дадатак точыць сэрца чарвячок падазрэнняў: вас не толькі не баяцца страціць, вас могуць страціць пры першых спрыяльных акалічнасцях.
Для дзяўчат, якія аказаліся ў такой двухсэнсоўнай, няпэўнай і хісткай сітуацыі, я маю дзве навіны: добрую і дрэнную. Пачнем, як заўжды, з апошняй.
Дрэнная навіна: ён не зробіць вам прапановы. Я казала ўжо не адзін раз: чым даўжэй вы сустракаецеся, тым далейшая ад вас перспектыва вяселля. Калі лік дачыненням пайшоў на гады, калі яны ўвайшлі ў фазу звычкі, калі вы самі сваімі паводзінамі стварылі сітуацыю, у якой хлопцу больш не трэба вас заваёўваць, не відаць вам ніякага вяселля.
Добрая навіна: ён не зробіць вам прапановы, калі нічога не зменіцца. А зладзіць перамены вельмі проста.
Перад тым як пачнем, узгоднім умовы задачы: вашыя стасункі зацягнуліся, хлопец усё не робіць вам прапановы, а вы хочаце за яго замуж. Звярніце ўвагу на апошні складнік: вы хочаце замуж менавіта за яго. Магчыма, ваш хлопец паспеў вам абрыдзець, а вас турбуе толькі незакрыты гештальт. Магчыма, вы і не хочаце правесці з ім усё жыццё. Вызначыцеся цяпер! Бо надалей, у выніку нескладаных дзеянняў, ён стане вашым мужам.
А з тымі, хто наважыўся, мы распачынаем аперацыю “Нявеста, якая ўцякла”.
Я ўпэўненая, вы неаднаразова назіралі такую сітуацыю: хлопец і дзяўчына сустракаліся вельмі працяглы час; пачуцці астылі; дзяўчына перастала атрымліваць так шмат увагі, пяшчоты й цеплыні, як было напачатку; суцэльная абыякавасць, туга і звыклая завядзёнка. Пры тым яна дагэтуль не замужам, то бок, афіцыйна вольная; а навокал дастаткова мужчынаў, якія не супраць аказаць ёй знакі ўвагі. Кампліменты. Магчыма, запрашэнні на каву — якія і спатканнямі назваць быццам нельга. Кветкі. Дзяўчына глядзіць на свайго хлопца. Потым — на патэнцыйнага кавалера. Потым — зноўку на свайго хлопца. Той абыякава сядзіць за кампом. Потым зноўку на кавалера — той піша ёй паведамленні, робіць кампліменты, прапануе сустрэцца. А з хлопцам, магчыма, быў канфлікт на глебе ягонай безыніцыятыўнасці і халоднасці; і не адзін канфлікт. Карацей, параўнанне — не на карысць бойфрэнда. Фінальны скандал, развітанне — і новыя дачыненні, якія кружаць галаву і хвалююць кроў.
І тут хлопца раптам як падмянілі. Ён ссумаваўся, ацаніў, усвядоміў — і вось ён зноўку пад вашымі вокнамі з букетам кветак. Вы абыякава праходзіце міма. Хлопец проста шалее, завальвае вас паведамленнямі, смс, падарункамі і букетамі — і, калі нічога не дапамагае, робіць прапанову! Добра, вы паплакалі, абдумалі на самоце перспектывы, далі адстаўку новаму і пагадзіліся на прапанову старога. Вы замужам.
Аднак не ўсё так гладка. У вас жа быў іншы мужчына! Думаеце, ваш цяпер ужо муж так лёгка забудзецца на вашую фактычна здраду? Калі вы не разыдзецеся, то прынамсі нагода для скандалаў і абвінавачванняў будзе з вамі яшчэ доўга.
Ах, калі б ведаць наперад…
Але калі вы яшчэ не паспелі ўшчэнт сапсаваць асабістае жыццё, то аперацыю “Нявеста, якая ўцякла” вам правярнуць нічога не перашкаджае. Усвядомлена, упарта, крок за крокам і — галоўнае — спакойна. Вы ж цяпер усё ведаеце наперад. Мацуйцеся і загартоўвайцеся. Вам спатрэбіцца шмат вытрымкі. Вельмі шмат.
З хлопцам, за якога вы сабраліся замуж, спярша трэба разысціся.
Калі вы жывяце разам — пакуйце валізкі, свае ці ягоныя. Выклікайце яго на гутарку. І імператыўным тонам абвяшчайце: так, маўляў, і так, не магу надалей марнаваць з табой сваё жыццё; хачу, маўляў, сапраўдную сям’ю, а ты — не; дык не будзем здзекавацца адно з аднаго, дзякуй табе за ўсё і бывай назаўжды. Можаце паплакаць, але лепш пасмяяцца.
Далей вы спыняеце з ім любую камунікацыю. Не адказваеце на званкі. Не пішаце смскі. Блакуеце яму доступ да вашых старонак у сацсетках. Папярэджваеце сваякоў, каб не клікалі вас да стацыянарнага тэлефона. Гэта — самы адказны пэрыяд. Трымайце паўзу. Майце на ўвазе — паўза можа быць доўгай.
Ніякі нармальны мужчына не стрывае такой абразы! Ніякі! Спакойна паставіцца да таго, што яго кінулі? Такіх мужчынаў не бывае.
Нават калі ён зусім не любіў вас, нават калі блытаў вашае імя, нават калі апрача вас меў яшчэ некалькі дзяўчат, пакінуць без увагі такую страшную абразу ён ніяк не здолее.
Як я ўжо казала, кінуты хлопец абавязкова прыцягнецца да вас — нават проста з цікаўнасці. Вашая задача — абвастрыць гэтую цікаўнасць да максімуму.
Калі “кінуты” хлопец з’явіўся на вашым бясхмарным даляглядзе — не спяшайцеся святкаваць перамогу. Барацьба за светлую будучыню толькі пачалася.
Цяпер пачаўся другі перыяд. Вельмі складаны і спакуслівы. Мацуйцеся і загартоўвайцеся з падвойнай сілай. І крый божа вам даць слабіну, паддацца на спакусу, не стрываць і ўпасці ў ягоныя абдымкі — усё, вы прайгралі. Усё пачнецца наноў. Пара месяцаў бясхмарнага шчасця — і вітаем старое пытанне: “Хуан Карлас, любімы мой, калі ж адбудзецца нашае вяселле?”
Калі вы знойдзеце сілы не адказваць на званкі і паведамленні, хлопец абавязкова “выпадкова” сустрэнецца вам у горадзе. Можаце нават пагадзіцца выпіць з ім кавы. Вы павінныя выпраменьваць шчасце і выглядаць як мага больш бестурботнай. Не зацягвайце кавапіццё, паўгадзінкі вам хопіць; не давайце сябе праводзіць. Хлопец мусіць зразумець: вы яму больш не належыце і цудоўна без яго пачуваецеся.
Увага: ён паспрабуе аднавіць дачыненні. Мацуйцеся і загартоўвайцеся. І пры найменшай ягонай спробе да вас наблізіцца паведаміце: “Дарагі юзэрнэйм, ты мяне, здаецца, не зразумеў. У мяне пачалося новае жыццё, дзе я буду мець сапраўдную сям’ю, якой ты так не хочаш”. Вось тут самы час зрабіць празрысты намёк на новага мужчыну. Толькі намёк.
Мацуйцеся і загартоўвайцеся. Трымайце сябе ў руках. Вы намякнулі адзін-адзіны раз, што апошні шанец вас вярнуць — зрабіць вам прапанову? Гэтага хопіць. Цяпер проста чакайце.
(Увага: гэты спосаб дрэнна працуе, каб зводзіць з сям’і чужога мужа. Чужы муж — наогул найгоршая кандыдатура для стварэння сям’і, бо ён ужо мае адну. Навошта яму яшчэ? Не, чужому мужу трэба прыемна бавіць час без лішніх турботаў; ён проста заменіць вас на іншую.)
Рызыкоўна? Бясспрэчна. Ці ёсць верагоднасць, што хлопец з вамі ўсё ж не ажэніцца? Ёсць. Але ён не ажэніцца з вамі і тады, калі вы працягнеце з ім жыць. Не верыце? Што ж, пачакайце яшчэ некалькі гадоў. Магчыма, вам гэта падабаецца. Не спрачаюся. Далёка не кожная жанчына хоча замуж. Але калі хоча, ды ніяк не атрымліваецца — гэта катастрофа. І лепш ведаць, як яе ліквідаваць, чым у сорак гадоў напісаць кніжку “Чаму я дагэтуль не замужам і як цяпер жыць”.