«Як пазнаёміцца з хлопцам?» — часта пытаюцца не абазнаныя ў амурных справах дзяўчаты. Пра гэта чытайце ў маёй новай кнізе «Ніяк, чорт мяне дзяры!» Знаёміцца мусіць мужчына. Певень мусіць бегчы за курыцай!
Але калі б мы моўчкі чакалі мужчынскай ініцыятывы, мы б вымерлі як від цягам пакалення. Парадокс? Не! З мужчынам варта знаёміцца так, каб ён быў перакананы, што ініцыятыва ідзе ад яго. Для гэтага ёсць адна-адзіная простая формула: папрасі дапамогі.
Прасі мужчыну аб дапамозе — і чароўны Сезам раскрыецца, аддаючы табе задарма ўсе скарбы шчаслівага жыцця. Формула дзейнічае заўсёды. Прасі дапамогі, каб пазнаёміцца; каб дэклараваць даўно знаёмаму, што ён табе падабаецца; прасі дапамогі ў свайго бойфрэнда, каб ён стаў мужам, і ў мужа, каб не сышоў ратаваць якую-небудзь прынцэсу.
Я ведаю, што ты ўсё можаш сама: купіць кватэру, перабіраць сантэхніку і кіраваць машынай. Сучаснай жанчыне мужчына для выжывання без патрэбы — ну і не ўблытвай яго ў сваю прафесійную дзейнасць. Няхай у прыватным жыцці ўсё будзе па-старому. Няхай мужчына і не здагадваецца, што жанчыны навучыліся абыходзіцца без іх. Толькі так можна вярнуць у жыццё магію прынцаў і рыцараў. Толькі пакінуўшы мужчыну магчымасць заваёўваць жанчыну, можна зрабіць шчаслівымі абодва бакі.
Гэта было сумнае лірычнае адступленне. Прыкінемся, што не чыталі папярэдні абзац, і пяройдзем да займальных практычных заняткаў.
Маючы на ўзбраенні формулу “Прасі дапамогі”, можна дамагчыся шмат чаго. Напрыклад, пазнаёміцца першай. Цяпер знаёміцца з дзяўчатамі наважваюцца толькі спрактыкаваныя адзінкі — а нам без патрэбы індывідуум з вялікім досведам (“Дарагая, ты ў мяне дваццаць першая — ад пачатку года”). Добрыя хлопцы, якіх мы шукаем, першымі знаёміцца не пойдуць: ім страшна. Чакаць, пакуль вас звядзе пан Лёс, можна ўсё жыццё. Давядзецца дзейнічаць самастойна.
У кабаку можна з сур’ёзным і заклапочаным тварам раскрыць меню і папрасіць суседзяў дапамагчы разабрацца з гатункамі лобстараў (у такой сітуацыі надзвычай важна захоўваць сур’ёзнасць і выказваць зацікаўленасць толькі морапрадуктамі; а то ведаем мы дзяўчат, якія ходзяць у рэстарацыі знаёміцца). У спартзале вельмі дарэчы папрасіць аматараў здаровага ладу жыцця пераставіць вам вагу на трэнажоры ці накруціць бліны на штангу (толькі не трэба апрацоўваць трэнера: ён адразу ж прадасць вам індывідуальную трэніроўку). На веладарожцы можна спыніцца і разгублена прысесці ля “паламанага” ровара: хвіліны праз дзве дапамога вам будзе прапанаваная нават без вашых намаганняў. У офісным будынку суседу з трэцяга паверха можна спрытна вываліць пад ногі цэлы пачак дакументаў (падпільнаваўшы суседа ля аўтамата з кавай). Жыццё штодня прапануе жанчыне мноства сітуацый, калі ёй, слабай і безабароннай, патрэбная дапамога, падтрымка і ахова.
Выдатна, першы кантакт наладжаны. Што рабіць далей? Адказ просты: нічога. Абсалютна нічога! Вы ўжо ўсё зрабілі. Цяпер, калі хлопец вольны і самотны, ён сам працягне знаёмства. А калі ў яго ёсць жонка ці дзяўчына, працягу не будзе. Гэта элементарна.
Чаму толькі так і не іначай? Бо мы памятаем: курыца ўцякае ад пеўня. Мужчына бегае за жанчынай, і ніяк не наадварот. Папрасіўшы аб дапамозе, вы ніяк не зашкодзілі свайму гонару (вы не навязваліся, не заляцаліся, не “лезлі першая знаёміцца”), і ў той жа час вы абазначылі пеўню вялікую дыстанцыю для разгону. Цяпер ён можа пачынаць дзейнічаць. А калі не пачне? Пра гэта ніжэй.
Цяпер недалёка і да запрашэння на спатканне. Але раней мы разгледзім яшчэ адну катэгорыю мужчынаў, на якіх можна звярнуць увагу. Гэта нашыя знаёмыя: калегі, сябры сяброў, суседзі — божа, вы і самі ведаеце, каму б вы з радасцю далі спадзеў на працяг дачыненняў. Не саромейцеся. Дапамагаць жанчыне — гэта святы мужчынскі абавязак.
“Дапамажы мне, калі ласка, пераехаць! Не маю ўяўлення, як цягаюць гэтыя канапы і камоды!”
“У мяне ў кватэры (якую я нядаўна купіла) іскрыць праводка, цячэ кран на кухні і хістаецца рама на балконе! Паглядзі, калі ласка, мужчынскім вокам, што там да чаго!”
“Ці не мог бы ты загнаць маю машыну на СТА? І паразмаўляць з майстрамі. Я ж нічога не цямлю, а раптам яны мяне абдураць?”
“На маім адронным калайдары паламаўся выключальнік! Адрамантуй, калі ласка, бо я нават інструментаў не маю!”
У любым выпадку вы нічога не страчваеце. Атрымаеце як мінімум адрамантаваныя краны з выключальнікамі. Галоўнае — паўтарайце як “Ойча наш”: папрасіць аб дапамозе — і больш нічога не рабіць. Нічога! (Нічога — паўтару для тых, хто скончыў універ імя М. Танка, — гэта не званіць, не пісаць, не запрашаць застацца на каву і не закохвацца). Гэта першае выпрабаванне для мужчыны. І ён спачатку мусіць яго вытрымаць.
Пасля таго як прынц выратаваў вас ад дракона, ён можа папрасіць у караля рукі і сэрца прынцэсы пазваніць вам ці напісаць паведамленне ў Кантакціку. А можа і не напісаць. Не варта адчайвацца — варта радавацца! Бо калі хлопец не робіць наступнага кроку, ён мае на тое сур’ёзныя падставы. Апрача жывой дзяўчыны ці жонкі.
Пералічым гэтыя нагоды:
– імпатэнцыя;
– венерычная хвароба;
– занадта маленькі талент ці іншая метафізічная паталогія;
– пяцёра дзяцей ад розных жанчын;
– ён гей;
– ён жыве з мамай, і яму няма куды прыводзіць жанчын;
– вы не ў ягоным гусце;
– ён проста лох.
(Я наўмысна змясціла на перадапошнім месцы самую значную прычыну. Вы проста яму не падабаецеся — гэта не нагода пачынаць даказваць яму адваротнае.)
Дзяўчаты, запомніце: калі хлопец не хоча працягваць знаёмства з вамі, ён мае на тое сур’ёзныя прычыны! Вы ўсё зрабілі правільна. Забудзьцеся на яго.
Але знойдзецца і нармальны хлопец, які прапануе вам сустрэцца. Гэтая сустрэча называецца “першае спатканне”. І яго таксама трэба прызначаць правільна. Але ёсць таленавітыя дзяўчаты, якія ўжо на гэтым этапе могуць “закахацца”. Больш за тое, мноства дзяўчат такія адораныя, што змудраюцца “закахацца” у напаўзнаёмага і нават незнаёмага (SIC!) чалавека. Як і чаму такое “безадказнае каханне” — самы просты шлях да катастрофы ў асабістым жыцці, чытацьмем далей.