Усе значна прасцей, чым здаецца.
Ёсць дзяўчаты — і іх шмат, — у якіх нават не паўстае праблемы асабістага жыцця. Яны, скажам, пэўна ведаюць, што сям’я ім не патрэбная, прынамсі, у найбліжэйшы час. Ці наадварот: заўчасна бяруцца шлюбам і не пераймаюцца з гэтай нагоды.
Але ёсць і тыя, якія ўжо схільныя ўважаць сябе за выклятых: яны раскладаюць карты таро, ходзяць да цыганак здымаць сурок ці проста махнулі на ўсё рукой і рыхтуюцца гадаваць пляменнікаў. Мужчыны змяняюць адзін аднаго, але заканчваецца ўсё аднолькава. А варта толькі зрабіць шэраг простых дзеянняў.
Перш чым пачынаць ператвараць у жыццё сваю даўнюю мару паводле ніжэйпрыведзенага рэцэпту, варта лішні раз падумаць, ці сапраўды вы так моцна хочаце замуж. (Ёсць нават прымаўка: “Не хадзіце, дзеўкі, замуж: нічыво харошага…”) Вам жа давядзецца ўвесь час трываць аднаго чалавека, а потым — яшчэ некалькі. Праўда, затое вам заўжды будзе калі не весела, то, прынамсі, не сумна; а калі прыкласці намаганні, то вы здолееце стварыць сямейную футбольную каманду. Так што спачатку вырашыце, што для вас важнейшае, футбол ці самотны ёгурт на вячэру, — і дзейнічайце.
Калі б я прадавала гэтую паслугу, я б дала на яе гарантыі з вяртаннем грошай. Вам зробяць прапанову і, магчыма, не адну.
Чаму мужчыны не жэняцца? Бо не маюць у гэтым патрэбы. Перад вамі стаіць задача сфармаваць гэтую патрэбу, а не ліквідаваць яе, як вы рабілі да таго.
Галоўны прынцып я агучвала столькі разоў, што мяне пачалі ім папракаць: курыца павінная ўцякаць ад пеўня. Але добра, адкінем заалагічныя асацыяцыі. Галоўнае ў каханні — гэта перашкоды. Чым болей перашкодаў, тым мацней гарыць полымя жарсці. Пра гэта вам скажа нават Шэкспір, а таксама ўсе драматургі планеты.
Перашкоды! Вы павінныя акружыць сваю дзявоцкую вежу сямю мурамі і глыбокімі равамі з кракадзіламі — і тады кожны хлопец, хоча ён ці не, ператворыцца ў рыцара і пойдзе на штурм. Ягоных жаданняў мы нават не ўлічваем. Галоўнае, чаго хочаце вы.
Пяройдзем да канкрэтыкі. Пра якія перашкоды вядзецца?
Крок першы. Абвясціце вашыя правілы гульні
Па-першае, вы мусіце давесці да вашага новага кавалера, што адзіная магчымасць вамі авалодаць — стварыць з вамі сям’ю. “Авалодаць” на мужчынскай мове азначае “пачаць уважаць за сваю жанчыну”. Толькі пасля таго, як вы пройдзеце вядомым маршрутам у нязручнай белай сукенцы, з пярсцёнкам на пальцы, — толькі пасля таго ён атрымае на вас усе правы. А вы, адпаведна, атрымаеце абавязкі: захоўваць вернасць, гатаваць вячэру, паведамляць пра сваё месцазнаходжанне; разам і назаўжды, пакуль тое-сёе нас не разлучыць. Толькі пасля шлюбу. А да вяселля вы не ягоная жанчына. Вы — свабодны чалавек, які яшчэ не вызначыўся, з кім звязаць свой лёс. І ўсе рашэнні вы прымаеце самастойна: ад вечаровых размоваў па тэлефоне да аўтаномнага адпачынку на беразе мора. Паведаміце, што для вас няма нічога больш значнага, чым сям’я; а ў бясконцых шматгадовых “сустраканнях” вы не бачыце сэнсу.
Як пра гэта паведаміць? Чалавецтва вылучылася з жывёльнага свету прыкладна два мільёны гадоў таму і вынайшла цудоўны спосаб перадачы думак: маўленне. Так, проста скажыце яму. Самы просты варыянт фразы гучыць як “Я табе не жонка”. Не раю ім злоўжываць, бо гэта адкрытая форма пратэсту; але менавіта пратэсты прыводзяць да рэвалюцыйных перабудоваў у грамадстве.
Падсумуем: абазначце вашыя каштоўнасці ў самым пачатку дачыненняў. Патлумачце хлопцу, што па-за шлюбам вы лічыце сябе вольным чалавекам. Калі ён уцячэ, гэта будзе падарункам: лёс падаруе вам некалькі гадоў жыцця, якія б вы растрацілі ў марных спадзевах.
Вы яшчэ поўныя рашучасці забяспечыць сабе вяселле? Тады рухаемся далей.
Крок другі. Дурная справа няхітрая
Чаму яшчэ нейкія пяцьдзясят гадоў таму мінала так мала часу ад знаёмства да шлюбу? Бо грамадства тады не ўхваляла пазашлюбны сэкс. І гэта вельмі спрыяла ўтварэнню сем’яў. Калі замуж вам трэба вельмі хутка, то перакрыць доступ да цела — самы кароткі шлях. Гэта дзейнічае дагэтуль. (Усе ж глядзелі фільм “Сэрцаедкі”?) Я б асцераглася дзейнічаць настолькі радыкальна: хто яго ведае, можа, жаніх пападзецца бракаваны? Але ў кожным разе, заставайцеся крыху недаступнай. Калі вы маеце жылплошчу, не спяшайцеся паведамляць пра гэта новаму кавалеру, бо ў хуткім часе рамантычныя спатканні ператворацца ў вячэры на вашай кухні. Няхай клопат арганізацыі спатканняў хоць нейкі час цалкам ляжыць на хлопцу. Прынцэса — у высокай вежы, і не трэба адразу апускаць масты і скідваць вяровачную лесвіцу.
Крок трэці. Стварыце востры дэфіцыт
Меней камунікуйце.
Не, гэта не заклік бачыцца раз на тыдзень. Проста дзяўчаты часта не ведаюць межаў і ствараюць такую сітуацыю, калі хлопец марыць ад іх адпачыць.
(О, якую цудоўную гісторыю мне аднойчы расказаў калега! Ён напісаў свайму сябру Укантакце: “Мы з ёй зашмат часу бавім разам; думаю з’ездзіць адзін у адпачынак”. А дзяўчына прачытала гэты дыялог. І замест таго, каб зрабіць высновы, яна… Ну, вы ўяўляеце.)
Зашмат камунікавання — гэта калі вы тры разы на дзень тэлефануеце яму на працу, а яшчэ лепей — размаўляеце ў скайпе. З перапынкам толькі на абед. Вечар вы абавязкова бавіце разам, а калі не, то адбываецца гадзінная размова па тэлефоне. Выходныя — таксама разам. Іначай што за дачыненні? “Мы ж сустракаемся”.
Супакойцеся. Перастаньце так часта званіць і пісаць. Скасуйце некалькі спатканняў (выдатна дзейнічае, проста выдатна). Адзін вечар проста не здымайце слухаўку — цэлую ноч ён будзе думаць толькі пра вас. На выходныя едзьце з сяброўкай у Капыль (там цудоўнае гарадзішча, помнік археалогіі). Вас не павінна быць зашмат! Стварыце востры дэфіцыт сябе. Востры дэфіцыт. Каб ён не марыў адпачыць без вас на моры, а арганізаваў вашую супольную паездку туды.
Крок апошні. Ніякіх грамадзянскіх шлюбаў
Калі вы маеце спадзеў стварыць сапраўдную сям’ю з гэтым чалавекам, не рабіце галоўнай памылкі: не пачынайце жыць разам без дамоўленасці аб канкрэтнай даце шлюбу. Сужыцельства (так запішуць у пратаколе, калі вы яго заб’яце) або фактычныя шлюбныя дачыненні (так вы напішаце ў заяве ў суд аб фактычным устанаўленні бацькоўства) — гэта ніякая не сям’я. Калі вы пачынаеце “проста жыць разам”, то вы ступаеце на тонкі лёд, і вынік гэтай прагулкі прадказаць немагчыма. Наогул, так званы “грамадзянскі шлюб” — гэта проста чума, і пра яе варта гаварыць асобна.
А пакуль што ўсё. Калі вы, пачынаючы новыя дачыненні, скарыстаеце гэты алгарытм, то хутка атрымаеце і прапанову.
Калі вы сустракаецеся ўжо пяты год і ўсё безвынікова — гэта таксама вырашальна, проста крыху іначай.
Падумайце, вы сапраўды хочаце замуж? Шлюб не вырашыць вашых праблем: вы магічным чынам у адзін момант не схуднееце, не загартуеце характар, не ператворыцеся ў прыгажуню, і шчасце не ўключыцца пасля вяселля як па павароце рубільніка. Вы застаняцеся сама сабою, проста будзеце замужам. Шлюб — не вырашэнне праблемаў, а адказнае рашэнне, якое вымагае вялікай штодзённай працы.