Абцасы ў горадзе — гэта гусенічны трактар на бездарожжы, гэта танк супраць пяхоты. Дзяўчына на абцасах лёгка пройдзе там, дзе дзяўчыне ў красоўках праход забаронены.
Наш свет неідэальны, але іншага няма. А я мару пра ідэальны свет, дзе эталонам прыгажосці ёсць жанчына нават не ў джынсах, а ў спартовых штанах і цёплай байцы. Я мару прыйсці на перамовы ў лыжным касцюме, і сур’ёзныя мужчыны ў зручных ватоўках будуць слухаць разумныя рэчы, што я кажу, а не моўчкі варажыць, як выглядае мая фігура, пазбаўленая бясформавай і цёплай, з нагоды зімы, экіпіроўкі. У маім ідэальным свеце жанчыну робяць жанчынай толькі вартасці характару, а не макіяж з манікюрам. Ніякіх подыумаў, ніякай моды, толькі асэксуальныя швэдры, вязаныя шкарпэткі, панаванне ідэалаў гуманізму і татальнае паразуменне між насельнікамі планеты, без розніцы, мужчына ты ці жанчына. І галоўнае — там няма ніякіх абцасаў.
Але мы жывем у іншым свеце. І ў нас тут свая атмасфера і свае каноны прыгажосці. І гэтыя каноны не скасуеш заканадаўча.
Ёсць усім вядомая, але не ўсімі зразумелая прымаўка: прыгажосць вымагае ахвяраў. А французы, якія цямяць у прыгажосці, яшчэ больш шчырыя: pour être belle, кажуць, il faut souffrire — каб быць прыгожай, трэба пакутаваць. Пакутаваць давядзецца нам, дзяўчаты.
Разбяром гэта па аналогіі. Калі ўжо метафара з курыцай і пеўнем вам не даспадобы (а гэта ж была проста цытата анекдота), то звернемся да больш блізкай стыхіі: да камп’ютарных гульняў. І чыт-кодаў. Як зрабіць лэвэл-ап без намаганняў? Скарыстацца чыт-кодам. Як забяспечыць свайму сіму стабільнае і квітнеючае існаванне, не ганяючы яго на працу цягам трох гульнёвых гадоў? Здабыць яму магічных чытарскіх грошай, якія валяцца на персанажаў камп’ютарных гульняў проста з неба. А ў гульні, у якую мы ўсе гуляем, такі чыт-код для дзяўчат — гэта абцасы. Надзявайце прыўкрасныя нязручныя чаравічкі — і на вас шчодра пасыплюцца дарункі лёсу.
Чаравікі на абцасах — плюс сто ў карму. Чаму? Гэта невытлумачальна. Проста ў нашай культурнай парадыгме жанчына на абцасах — гэта прыгожа.
Жанчыну на абцасах адразу ўсе заўважаюць, паважаюць і прапускаюць наперад. Жанчына, узнятая над падлогай на дзевяць сантыметраў, у вачах мужчынаў выглядае як эталон чыстай прыгажосці, якой трэба пакланяцца. Жанчыны на абцасах правакуюць у мужчынаў прыпадкі лёгкага (а часам і цяжкага) крэтынізму. А жанчыны ў красоўках выглядаюць на іх тле як… ды ніяк.
Несправядліва? У найвышэйшай ступені. Я сама абураная. Хочаце паспрачацца, што я не маю рацыі? Калі ласка. Толькі пастаўце ўяўна іх побач: жанчыну ў чаравічках, у маленькай чорнай сукенцы, з прыбранымі валасамі, з манікюрам і макіяжам — і яе ж у джынсах і швэдры. Ну і хто ў нас тут гатовы скарыць свет? Каму саступяць месца ў метро, перад кім адкрыюць дзверы аўтамабіля, да каго на перамовах паставяцца больш сур’ёзна?
Абцасы — гэта прылада для катавання жанчыны, тут не паспрачаешся. Яны нязручныя. На іх не прабяжыш за аўтобусам, не пяройдзеш вуліцу шырокім маршавым крокам. Не, абцасы змушаюць жанчыну ісці павольна, роўна трымаць спіну, не бегаць за аўтобусамі і мужчынамі (бо будзе наступны), і кожны крок, пройдзены на абцасах, каштуе даражэй, чым кіламетр у красоўках. Абцасы — гэта балюча і шкодна, яны дэфармуюць косткі і выклікаюць боль. І дзякуй богу, што ў нас прыгожымі ўважаюцца прынамсі ножкі ў зграбных чаравічках, а не перакрыўленыя ступні, як калісьці ў Кітаі. Абцасы — гэта тая самая ахвяра, якую трэба пакласці на алтар прыгажосці.
Але абцасамі пакуты не абмяжоўваюцца. Для нас, прыгожыя жанчыны, падрыхтаваны яшчэ адзін чыт-код — спадніца-аловак. Вузкая, шчыльная, нязручная; плюс тысяча ў карму. Далей — болей. Чорную спадніцу-аловак нельга насіць са швэдрам. Нас чакаюць белыя блузкі, якія трэба праць штодня. Строгая белая блузка, расшпіленая на два гузікі, аўтаматычна дадае вам у вачах суразмоўцы і розуму, і харызмы. Макіяж, манікюр і ўкладзеныя валасы адбіраюць не толькі па гадзіне ў суткі, але і ладны бюджэт, пакінуты ў салонах прыгажосці. Прыгажосць вымагае ахвяраў; каб быць прыгожай, трэба пакутаваць.
Чаму не ўсе жанчыны карыстаюцца чыт-кодамі, калі ў нашых руках такі просты спосаб дамінаваць і ўладарыць? Я разумею, чаму. Але не перастану паўтараць: абцасы — гэта вельмі, вельмі, вельмі прыгожа. Калі ў вашым жыцці ўсё дрэнна, прыспеў час набываць чаравічкі на абцасах. І ўсё магічна зменіцца да лепшага.
А затым можна зрабіць яшчэ адзін рэвалюцыйны крок — набыць маленькую торбачку. На гэта складана наважыцца. Абмяркуем торбачку потым, бо цяпер у мяне вельмі баляць ногі.
Але не, яшчэ адна маленькая гісторыя з майго жыцця. Пра абцасы.
Я шмат ездзіла паміж Мінскам і Гомелем, цягала вялікія торбы. Заўжды ў дарогу я надзявала, як разумны чалавек, джынсы і красоўкі. Але аднойчы штосьці перамкнула ў маёй галаве, і я выйшла з дому ў спадніцы, блузачцы і ў чаравічках на маленькіх абцасіках. Здаецца, на мне яшчэ былі не надта сціплыя завушніцы. І быццам трапіла ў іншую рэальнасць. Увесь Гомель і палова Мінска памкнулі мне на дапамогу. Торбу мне занеслі ў вагон. Вынеслі з вагона. Мне ўпершыню ў жыцці дапамаглі падняцца па прыступках у метро, хоць я нікога не прасіла. Я сталася аб’ектам такой увагі, што марыла хутчэй дабрацца дадому. Быццам раней я была празрыстая, нябачная — і раптам праявілася, і свет заўважыў мяне. Што за дзіўны свет! Я і цяпер пачуваюся ў джынсах і красоўках чалавекам. А на абцасах — жанчынай.
Югася Каляда