Людзі прыдумалі спатканні, каб знаёміцца. На жаль, не кожны гэта разумее, таму ў паніцы перачытвае супярэчлівыя артыкулы на сайтах пад загалоўкамі “Як паводзіцца на першым спатканні”: надзеньце тое, выглядайце гэтак, кажыце тое… Такія парады — абсурд. Кожны ўрэшце знойдзе сабе пару (на такой умове калісьці нас усіх запусцілі ў Каўчэг), таму шануйце сябе, не разменьвайцеся на дробязі, і абавязкова сустрэнеце чалавека, які палюбіць вашыя малінавыя валасы і манеру размаўляць цытатамі з мульфільмаў (рост метр дзевяноста, доўгі нос, кароткія ногі і іншыя “недахопы”). Знаёмцеся і паводзьцеся натуральна, не спрабуйце ўдаваць таго, кім вы не ёсць.
Некаторыя проста баяцца спатканняў. “Ну, не ведаю, — аднойчы абвясціла мне сяброўка, — гэта ж трэба неяк зрабіць, каб ён мной зацікавіўся…” У мяне з рук ледзь не выпала бутэлька марожанае. Але тут не спатканні вінаватыя. Пра недахоп любові да сябе мы пагаворым іншым разам. А пакуль што нам прыдадуцца парады “Чаго нельга рабіць на першым спатканні”.
Не расказвайце мужчыну пра сваіх іншых мужчынаў
Мая папярэдніца, спецыялістка ў гендарных пытаннях Ірына Алеграва, узяла і падступна агучыла галоўны жаночы сакрэт: “Кто у нас не первый, тот всегда второй”. Моўчкі і пагардліва даруем ёй гэтую подласць, але правіла запомнім.
Жыццё некаторых дзяўчатаў пачынае бруіцца, толькі калі з імі побач ёсць прадстаўнік моцнага полу, а самотныя дні ў пледзе на падваконні проста не адкладаюцца ў іхнай памяці. Таму яны без усялякіх злых намераў проста апавядаюць пра падзеі ўласнага жыцця: а вось калі мы з Лёшам ездзілі ў Маларыту… Гэта было яшчэ да таго, як Андрэй прапанаваў мне пераехаць да яго… калі мама Максіма навучыла мяне гатаваць боршч… Неадкладна пазбаўцеся гэтай звышшкоднай звычкі! У вашым жыцці не было ніякіх мужчын, апрача таго, хто сядзіць насупраць! Ну, можа быў адзін… Вельмі даўно. І вы забыліся нават на ягонае імя. Як там спявала Даліда? Францужанкі, яны ў мужчынах цямяць: Je n’ai pas connu d’autre garçon que toi. Si j’en ai connu je ne m’en souviens pas. (Я не ведала хлопчыкаў, апрача цябе; а калі і ведала, то забылася).
Натуральна, мужчыны здагадваюцца пра сапраўдны стан рэчаў. Але яны ахвотна і ўдзячна даруюць вам гэтую “хлусню”.
Ніколі ў жыцці ніводны мужчына не павінен даведацца ад вас пра вашых іншых мужчынаў. Ніколі і ніводны: нават былому мужу нельга казаць пра вашыя новыя дачыненні. Хай лепш яму скажуць пра гэта іншыя. Проста паверце — і не правярайце на сабе шалёныя наступствы гэтай фатальнай памылкі.
Не плаціце за сябе
Яшчэ адна фатальная памылка: прапанаваць хлопцу на спатканні “расплаціцца напалову”. Проста эпік фэйл! За сябе вы плаціце на дзелавым абедзе альбо ў кампаніі сяброў. А самы просты спосаб абразіць мужчыну на спатканні — заплаціць за сябе самастойна, яшчэ і бравіраваць сваёй плацежаздольнасцю. Уявіце: ён рыхтаваўся, хваляваўся, абіраў рэстарацыю, магчыма, пазычыў грошы (у мамы) — усё, каб выглядаць у вашых вачах сапраўдным мужчынам. Спатканне — гэта рытуал, дзе мужчына і жанчына адыгрываюць свае гендарныя ролі. Рыцарскіх турніраў больш няма, спрытна забіць дзідай маманта складана, забойства ворагаў пераследуецца крымінальна, а цмокі даўно звяліся. Што застаецца? Толькі спатканні, на якіх мужчына дэманструе свае здольнасці здабываць ежу. І тут вы тыцкаеце свае грошы і знішчаеце яго маральна. Не хвалюйцеся, ён не збяднее праз вашую каву. Вы ж не прымушаеце карміць вас штодня ў рэстарацыі.
А раптам хлопец сам прапануе вам разлічыцца? Выдатна. Плаціце і ўцякайце. Дачыненні на такіх умовах вам не патрэбныя. Потым ён адмовіцца сустракаць вас на вакзале (хіба ты сама не зможаш даехаць?), прапануе ўкласціся ў падарунак на дзень народзінаў ягонай сястры (мы ж абодва запрошаныя!); у адпачынку вы будзеце скідвацца на нумар у гатэлі; а за шампунь, які вы выкарыстаеце ў доме ягонай мамы, вам таксама давядзецца падкінуць бабла. На жаль, гэта прыклады з жыцця. Таму калі мужчына на першым спатканні патрабуе ад вас грошай, не прыдумляйце яму апраўданняў. Проста ўцякайце.
Не дазваляйце праводзіць вас “да метро”
Запомніце: на спатканні мужчына плаціць не толькі за вашу вячэру, але і за таксоўку — альбо праводзіць вас да дзвярэй кватэры (а не да метро). Іначай гэта не спатканне. Прапанаваў правесці вас да прыпынку — прапануйце яму застацца сябрамі. А лепш нічога не прапануйце.
Бывае, што хлопец не здагадваецца пра патрэбу праводзіць “да дзвярэй”. (Бывае, факт! Без злых намераў. Проста ў яго сапраўды да вас не было дзяўчат.) Настойвайце! Вашая бяспека — гэта не жарт.
“А раптам ён не пагодзіцца?” О божа — не пагаджайцеся на дачыненні з ім! Сустракае вас на машыне — сустракае ля пад’езду, а не на прыпынку; кудысьці падвозіць вас — тое самае; бедны студэнт не мае аўтамабіля — значыць, вязе вас у Вайсковы гарадок, цалуе на лесвічнай пляцоўцы і вяртаецца ў інтэрнат на Паўднёвы Захад. Шануйце сябе, не разменьвайцеся на дробязі, дачакайцеся мужчыны, які будзе гатовы дзеля вас прайсці пешшу праз увесь горад. Такія мужчыны ёсць, і я іх асабіста ведаю. Праўда, яны ўжо жанатыя — з тымі самымі дзяўчатамі, якія здолелі запатрабаваць да сябе адпаведнага стаўлення.
Не пачынайце дзяліць уладу
Звычайна на першым спатканні дзяўчаты, якія маюць схільнасці раздаваць загады і самасцвярджацца за кошт іншых, яшчэ трымаюцца ў межах звычайнай чалавечай прыстойнасці і не дазваляюць сабе рэплікі кшталту “Не цісні на мяне, я ўсё сама вырашаю!” Да выкаранення звычкі “ўсё вырашаць самой” мы абавязкова дойдзем — а пакуль што хутчэй згадаем галоўнае правіла першага спаткання.
Не спадзявайцеся на працяг дачыненняў
Людзі прыдумалі спатканні для таго, каб знаёміцца — а не для таго, каб вы ўжо ў кавярні пачалі адпрацоўваць на сурвэтках ваш подпіс з новым прозвішчам. Удалае першае спатканне зусім не азначае, што вы ўжо ператварыліся ў пару. Пасля першага спаткання мужчына сапраўды нічога вам не вінны: ні жаніцца, ні знаёміць вас з мамай, ні званіць назаўтра. Мужчыны значна цяжэй прывыкаюць да новых дачыненняў і да неабходнасці пускаць кагосьці ў сваё жыццё. Наогул, пра дачыненні пакуль не вядзецца. Можа, ён сапраўды шукаў дзяўчыну з зялёным колерам валасоў, а не з малінавым, як у вас? Рашэнне аб працягу дачыненняў прымае мужчына (хай упадабаны вамі хлопец цешыцца гэтай ілюзіяй) — вось і дайце яму час. Не званіце яму і не пішыце.
Ні ў якім разе — пад страхам смяротнага пакарання!!! — не пытайцеся на развітанне “А калі мы зноў сустрэнемся?”
Забудзьцеся пра яго на пэўны час. Зрэшты, вас чакаюць курсы санскрыту, новы тэатральны сезон і недаробленая шпакоўня — вы яшчэ на іх не забыліся? Вось і займайцеся сваімі справамі — і нават не чакайце званка. Магчыма, ён пазвоніць. А магчыма, і не. Не варта адчайвацца. Пераследаваць мужчыну бессэнсоўна. Вам патрэбны толькі той мужчына, які будзе шчыра зацікаўлены ў працягу дачыненняў з вамі. І прызначэнне наступнага спаткання — другое выпрабаванне для яго.
Дапусцім, спатканне прайшло добра: вы цудоўна прабавілі час за змястоўнай гутаркай (ці не надта змястоўнай, бо ваш візаві моцна хваляваўся), не спрабавалі за сябе заплаціць, вас правялі дадому і — о цуд! — пазванілі праз тры дні (ці нават назаўтра). Цяпер вас чакае наступнае спатканне і — мама, я не магу паверыць у гэткі цуд! — рэальная перспектыва “сапраўдных дачыненняў”.
Але некаторыя дзяўчаты на гэтым этапе пачынаюць вагацца. Рэч у тым, што… як бы так сказаць… яны не ўпэўненыя, што маюць права пачынаць новыя дачыненні, бо ў іх нібыта ёсць… ну, як бы хлопец, але… напэўна, яму трэба паведаміць, што… Пра дзяўчат, якія пішуць у статусе “Усё складана”, і будзе нашая наступная гутарка. Не пераключайцеся.
Югася Каляда