Майстар-дудар Юрась Панкевіч прадстаўляе дыск “Дуда беларуская” пры падтрымцы кампаніі “Будзьма беларусамі”.
Юрась Панкевіч называе сябе майстрам-дударом. Гэта значыць, ён сам вырабляе дуды і грае на іх. Ды яшчэ робіць усё магчымае, каб гэтым інструментам авалодала як мага болей людзей. Якраз дзеля гэтага ён і задумаў аўдыёпраект “Дуда беларуская”, які прадстаўляе на сайце budzma.org.
— У чым задума праекта?
— Хацелася прадэманстраваць яскравыя магчымасці дуды як сольнага інструмента. А таксама зняць праблему адсутнасці навучальнага матэрыялу для пачаткоўцаў. Я як майстар часта чуў пытанні. Ці ёсць ноты для дуды? Ці ёсць якія практыкаванні? Ці ёсць прыклады, як граць? Можа, вы навучыце? Цяпер усё гэта будзе. Да таго ж гэта першы дыск, дзе дуда прадстаўленая ў традыцыйным гучанні, першы запісаны майстрам і выканаўцам. Для гэтага быў адабраны дударскі класічны рэпертуар з этнаграфічных зборнікаў XIX — пач. XX ст. А інструменты — аднабурдонная дуда і дуда-мацянка.
— Чаму так сталася, што дагэтуль не было аніякага дапаможніка для дудароў-пачаткоўцаў?
— Што да мяне, то быў патрэбны час, каб ператварыцца з музыкі ў настаўніка. Калі б не мой сябра Антон Сеткін, то і не было б гэтага дыска. Ён прымусіў мяне ўзяцца за гэтую працу. Добры прыклад, калі прыватная асоба дапамагае ў запісах. Наогул жа спробы зрабіць дапаможнік у дударскай суполцы былі. Але як на мяне, традыцыйнае ўяўленне перадачы ведаў ад майстра да вучня — гэта найлепшы шлях, які пасуе дудзе.
— Што ўяўляе з сябе праект “Дуда беларуская”?
— Дыск умоўна падзяляецца на дзве часткі. Найперш гэта ўласна CD-частка. Запіс яе быў зроблены ўжывую без рэдагавання. Каб стварыць адчуванне, што дудар грае побач. Гэта значыць, ніякіх метраномаў, ніякіх рэзак. Тут пераследавалася галоўная мэта — прадставіць традыцыйнае гучанне інструмента. Другую частку можна адкрыць на камп’ютары, і мэта яе — даць пачаткоўцам ноты, прыклады развучвання і прыклад грання ў дударскай традыцыі.
— Ці падтрымліваецца ініцыятыва па адраджэнні дуды з боку дзяржаўных культурных установаў?
— Я лічу, што падтрымліваецца. Проста гэтая справа ідзе асобным шляхам. Ва ўніверсітэце культуры з 2000 года існуе кафедра народных духавых інструментаў, дзе вучаць граць на дудзе. Праўда, не ў традыцыі. А на кафедры этналогіі і фальклору з 2006 года існуе спецыяльнасць “этнафоназнаўства”.
— Ці можна сказаць агулам, што колькасць тых, хто хоча авалодаць дудой, з цягам часу расце?
— Гэта факт. Канечне, гэта не мануфактурныя патокі, але граць на дудах людзі хочуць. І нават людзі такіх прафесій, што ўявіць сабе цяжка. Напрыклад, нядаўна рабіў дуду гандляру з аўтарынка.
— Гранне на дудзе хаця б у перспектыве можа стаць агульнанацыянальнай забавай? Можа, і прагноз ёсць?
— Было б добра. Як на мяне, лепш бы дзеці у садках і школах слухалі дуду. Вывучалі яе як прыклад сапраўднага нацыянальнага інструмента. Прагнозы рабіць я не ўмею, але бачу, што дуда такі інструмент, які ніколі нікога не пакідае абыякавым. Нейкая магія ў ім ёсць.
Размаўляў Мікалай Дубавіцкі