Якая сувязь паміж вывучэннем гуманітарных дысцыплін і інавацыямі ў эканоміцы? Сусветная мастацкая культура ў школе – цяжкі груз на маршы да сіліконавай даліны або стратэгічна важная дысцыпліна? Як урбанізацыя паўплывала на гарадскую культуру і беларускую адукацыю? Што прымушае нас дарыць кветкі і падарункі нелюбімым настаўнікам, і ці варта падымаць зарплату педагогам? Як спадчына савецкай школы адбіваецца на нашых дзецях? Разважаем разам з мастацтвазнаўцам і педагогам Юрыем Івановым. Чарговае інтэрв’ю праекта «Культура паляпшае жыццё!»
– Нягледзячы на тое, што сусветная педагагічная навука шукае адказы на выклікі часу і імкнецца выхаваць чалавека, адэкватнага новай эпосе, беларуская сістэма адукацыі ўсё яшчэ працуе па-старому. Сёння сярэдняя адукацыя ледзь спраўляецца з падрыхтоўкай абітурыента, хоць дзяржава і грамадства мае права спадзявацца атрымаць ад школы ўсебакова развітога чалавека, а не проста будучага работніка.
– У чым прычыны такой безнадзейнай неактуальнасці нашай адукацыі?
– Школа не гатова ў сучасных умовах да падрыхтоўкі дзейнага і матываванага да ведаў вучня, і яна пайшла па шляху ўтылітарнасці і спрашчэння, асабліва ў гуманітарнай сферы. У школе стала вельмі сумна вучыцца. Паступова школа стала ўсё больш падмяняць змест адукацыі зручнымі формамі справаздачнасці, напоўненымі навуковай тэрміналогіяй, якая надае гэтым формам неіснуючы сэнс і вагу. Падобнае адбываецца, калі школа дазваляе сабе стаяць, павярнуўшыся спінай да бацькоў і грамадства, а тварам да чыноўнікаў, перад якімі яна справаздачыцца. Павышэнне сацыяльна-культурнай сталасці сям’і шмат у чым аздаравіла б школьны клімат. Ну а пакуль, можна не турбаваць сябе рашэннем наспелых праблем, знаходзячы “пераканаўчыя” довады: «У нас усё добра, нашы вучні алімпіяду выйгралі». Выдатна! Але падобныя перамогі – не дасягненне ведамства, а як правіла – поспех аўтарскай стратэгіі педагога.
Дзяржаве і грамадству патрэбны не проста прафесіянал, а чалавек з шырокім кругаглядам, творча актыўны, маральна спелы, які імкнецца зрабіць свет вакол сябе лепшым.
– А наша сістэма адукацыі здольная выхаваць такога чалавека?
– Па сутнасці, гэта яе галоўная задача. На практыцы ў нашай педагагічнай дзейнасці шмат дэкларатыўнасці і пафасу, але, напрыклад, рэдка ўсведамляецца каштоўнасць дзяцінства як унікальнага этапу жыцця. Няма павагі да права дзіцяці выказваць няхай нават спрэчнае, але ўласнае меркаванне, няма належнай увагі да узроставых асаблівасцяў псіхічнага жыцця дзіцяці. Мы многае спрашчаем і выпускаем. Большасць дзяцей ад трох да сямі гадоў невылазна знаходзіцца ў дзіцячым садзе, дзе з імі паўнавартасна не займаюцца, а яны інтуітыўна патрабуюць пашырэння пазнавальнай прасторы. Ідзеш міма і чуеш вокрыкі выхавальніцы: “Куды пайшоў? Не заходзь за мяжу ўчастка!”. Але ж важна, каб унікальны ў пазнавальным сэнсе перыяд (да шасці-сямі гадоў, калі складваецца асоба, фармуецца вобразнае мысленне) дзіця праводзіла ў асяроддзі цікавых, яркіх людзей, якія падахвочваюць яго да пазнання і самавыяўлення. Я ў Празе назіраў, як дзве сімпатычныя маладыя асобы гуляюць з групай малых, вядуць іх у парк, у музей, распавядаюць пра гісторыю горада. Дзеці першапачаткова дапытлівыя і актыўныя, іх цікавасць да навакольнага свету трэба заахвочваць, інакш абмежаванні замацоўваюць пасіўнасць і абыякавасць.
Вельмі важна ўмела выкарыстоўваць у развіцці дзіцяці гульню і творчасць, а не «навучыць» заўчасна на дакладныя навукі, якія блакуюць ў раннім ўзросце развіццё вобразнага мыслення – крыніцы будучых адкрыццяў. Але ў школы свае патрабаванні да першакласнікаў: яны ўжо павінны ўмець чытаць і лічыць. Вось і аддаюць бацькі дзіцяці ў школы ранняга развіцця або да рэпетытара, часам не разумеючы, што такое – добра, і што такое – дрэнна.
Здараецца, бацькі незадаволеныя тым, што адбываецца ў школе, але не вырашаюцца абмяркоўваць праблемы публічна, кажуць: “А што мы можам зрабіць? Пачнеш скардзіцца – дзіця пацерпіць”. І асуджана збіраюць грошы на падарункі нелюбімаму настаўніку. Але ж дзеці бачаць няшчырасць і фальш! Школа і бацькі павінны быць партнёрамі, што ў прынцыпе прадугледжана Кодэксам аб адукацыі.Але раўнапраўнага дыялогу пакуль не атрымліваецца.
– А давайце паспрабуем разабрацца, чаму ўзнікла такая сітуацыя?
– Прычын, якія перашкаджаюць нашаму развіццю, шмат. Калі коратка, то гэта – спадчына савецкага быцця, якая моцна спрасціла нашу свядомасць. Успомнім, што ў школе мы вывучалі літаратуру па канонах крытыкі, дзе было сказана, хто дрэнны, хто добры, зыходзячы з логікі партыйна-класавых прынцыпаў, а не каштоўнасцяў мастацтва і гуманізму. З філасофскіх вучэнняў быў даступны толькі матэрыялізм, а ўсё астатняе называлася «самакапаннем» буржуазнай інтэлігенцыі і г.д. Сёння ў плане культуры мы страцілі нават тое, што мелі. І апынулася, што з постсавецкай мэнтальнай спадчынай вельмі складана дзейнічаць у глабальным свеце па-новаму і эфектыўна. Замест актуальных прац па культуралогіі, псіхалогіі, педагогіцы арыенцірам для большасці настаўнікаў застаюцца стэрыльныя методыкі і праграмы, якія рэанімуюць дух твораў на тэму “Прамень святла ў цёмным царстве”, проста прыкрываючыся сучаснай тэрміналогіяй.
Паўплывалі на школу і актыўныя дэмаграфічныя працэсы. У канцы 50-х пачаўся імклівы рост Мінска, развіваліся прамысловасць і будаўніцтва, патрэбны былі рабочыя кадры. Адкуль яны прыходзілі? З вёскі. У горад прыязджалі людзі з вопытам традыцыйнага сельскага жыцця і выжывання ў гады сталінскага ліхалецця. Сялянская праца і сельскія традыцыі ў горадзе аказаліся проста не патрэбныя. Новаспечаныя гараджане асядалі ў мікрараёнах, атрымлівалі жыллё і пэўныя бытавыя выгоды, але ніхто не паклапаціўся аб іх сацыяльна-культурнай адаптацыі, не прышчапіў разуменне таго, што горад дае іншыя, новыя магчымасці развіцця і самарэалізацыі: тут ёсць магчымасць вучыцца, хадзіць у тэатр, на выставы, абжываць гарадскую прастору… Школа не магла не адчуць выдаткі гэтых сацыяльных працэсаў, і паступова быў запушчаны механізм развядзення прафесійнай культуры настаўніка. Сёння горад па-ранейшаму адчувае прыток новых жыхароў.І разам з тым, адсутнасць асветы і выяўленай культурнай палітыкі па-ранейшаму тармазяць развіццё гарадской культуры. Калісьці бальшавікі хацелі сцерці межы паміж горадам і вёскай: збольшага так і здарылася – на жаль, не на карысць гораду і на шкоду сяла.
Вяртаючыся да галоўнага персанажа нашай размовы – сучаснага настаўніка, варта заўважыць што яго роля незайздросна цяжкая: стаць пераканаўчым і цікавым вучню на фоне, багата насычаным віртуальнай інфармацыяй. Ён павінен быць харызматычным, адчуваць дух часу, бачыць у вучні моцныя і слабыя бакі, дапамагаць бацькам. Але галоўнае – дапамагчы дзіцяці адчуць радасць пазнання.
– А навошта трэба вучыцца?
– Для таго, каб свет адкрыўся ў сваёй паўнаце, каб бачыць, як выдатна і займальна усё, што нас атачае. Неяк мой унук-шасцікласнік спытаў: «Дзед, а навошта вучыцца?» Я кажу: «А хіба вам у школе не сказалі, навошта?» «Кажуць, будзеш дрэнна вучыцца –станеш дворнікам, не заробіш шмат грошай”. Настаўніку часам цяжка растлумачыць, чаму важна быць адукаваным. Уявіце: сядзяць старшакласнікі, і перад імі настаўнік, у якога няма ні прэстыжнага аўтамабіля, ні добрага дома, але ён шмат чаго ведае. Ён кажа: «Хлопцы, трэба імкнуцца да ведаў». А гэтыя часам прагматычныя падлеткі думаюць: «Ты такі разумны, а ў цябе нічога няма. Які сэнс у тваіх ведах?” Пры гэтым і само памяшканне школы выглядае сумна і безперспектыўна, і статус настаўніка ў грамадстве невысокі. Як тут дакажаш, што веды прэстыжныя? Я часта сустракаю студэнтаў, якія наогул нічога не ведаюць і ведаць не хочуць, яны адкрыта кажуць, што ім бы «коркі» толькі атрымаць. Абясцэньванне ведаў страшнае, таму што яно робіць нас неканкурэнтаздольнымі ў вельмі складаныя часы.
– Ці зменіцца сітуацыя, калі зрабіць працу настаўнікаў высокааплатнай?
– Матэрыяльны бок, безумоўна, важны. Калі ў чалавека высокая зарплата, ён шануе сваю прафесію, ўдасканальваецца ў ей. Але ў нашай сістэме адукацыі простае павелічэнне зарплаты малаэфектыўна. Хай бы нам СМІ паказалі прафесійны конкурс настаўнікаў, каб шырокая аўдыторыя бачыла, як яны працуюць, вядуць дыскусію, дзеляцца вопытам. Магчыма, тады іх праца ацэньвалася б больш аб’ектыўна. А пераможцу конкурсу хай бы ўручылі прыз 100 мільёнаў рублёў: добры стымул для педагога і, з іншага боку, паказчык прэстыжу прафесіі. Сёння невысокі сацыяльны статус скоўвае настаўніка, робіць яго залежным і ад адміністрацыі, і ад бацькоў. А хіба наёмны работнік, “зашуганы” пастаяннымі праверкамі, які не адчувае сябе ўпэўнена, можа выхаваць вучняў, здольных думаць?
– Калі задумацца, недахопы нашай сістэмы адукацыі – гэта і прычына, і вынік нізкага культурнага ўзроўню грамадства, якое не ўяўляе, як можа і павінна быць лепш…
– Агульны культурны ўзровень нашых гараджан, іх самасвядомасць, інтарэсы і патрэбы – сумная карціна. У двухмільённым Мінску ўсяго адна прыватная галерэя, не хапае выставачных залаў і сучасных музеев. Такіх, напрыклад, як кіеўскі Музей навукі і тэхнікі, дзе дзеці маюць магчымасць у інтэрактыўным рэжыме кіраваць тэхнікай, запускаць паравыя машыны і падарожнічаць ў віртуальнай прасторы. Па сутнасці, няма сучасных кніжных крамаў з прэзентацыямі і выставамі новых кніг і ўтульнымі кафэ, і шмат чаго іншага. Гэта значыць, практычна адсутнічае тая неабходная публічная прастора, дзе функцыянуе гарадскі соцыум.
– Тут шмат што залежыць ад прыватнай ініцыятывы. Атрымліваецца, у нас грамадства такое пасіўнае?
– Удзел грамадскасці і прыватнага бізнесу ў фарміраванні культурнага асяроддзя горада трэба стымуляваць. Міністэрства культуры магло б ствараць умовы для ўдзелу прыватнага бізнесу ў актуальных праектах.У Беларусі дастаткова заможных людзей, якія маглі б укладваць сродкі ў культурнае асяроддзе, у адукацыю. Але ў заканадаўстве не хапае эканамічных стымулаў для прыцягнення прыватнага капіталу ў культуру, ды і наша бізнес-супольнасць пакуль не мае досведу і разумення, як інвеставаць у гэтую сферу. У нас не сфармаваны паўнавартасны кніжны рынак. У продажы няма літаратуры па актуальным мастацтве, архітэктуры, сучаснай фатаграфіі. Прадаўцы кажуць, няма попыту: людзі купляюць нейкія крымінальныя гісторыі, зборнікі кулінарных рэцэптаў, кнігі па рукадзеллі. Пустуюць музейныя залы, мінчане абыякавыя да сучасных тэатральных праектаў, горад не мае сваёй газеты па культуры…
– Сёння ў многіх беларусаў у шкале каштоўнасцяў пераважаюць матэрыяльныя інтарэсы.
– Безумоўна, матэрыяльны бок жыцця важны. Зусім не дрэнна годна забяспечваць сябе і сваю сям’ю. Дрэнна, калі пры гэтым адбываецца адмова ад духоўных каштоўнасцей. Сёння часта гучыць думка, што на шляху да дабрабыту, эфектыўнай вытворчасці не абавязкова трэба ведаць і разумець літаратуру і мастацтва. Маўляў, навошта нам культура? Яна не накорміць, трэба займацца тым, што эканамічна выгадна! Спрабуюць зрабіць адукацыю «вытворча арыентаванай». А вось калі Эйнштэйна спыталі, як ён адкрыў тэорыю адноснасці, ён адказаў: «Мне дапамаглі раманы Дастаеўскага». Здавалася б, якая сувязь? Відавочна, заняткі мастацтвам асаблівым чынам настройваюць разумовы працэс, дапамагаючы думаць нестандартна, эўрыстычна, і аднойчы здзяйсняць новыя адкрыцці.
– Атрымліваецца, глыбокія веды ў нейкай асобнай вобласці без агульнай культуры і кругагляду не забяспечаць высокага выніку ў будучыні?
– Больш за тое, недаацэнка гуманітарных дысцыплін пагражае абярнуцца неканкурэнтаздольнасцю нашых дзяцей у будучыні. Калі мы бачым піраміды і гатычныя храмы, мы ўяўляем сабе гісторыю. Чытаючы кнігу, даведаемся, як думалі людзі ў тую ці іншую эпоху. Без такіх ведаў у чалавека няма мінулага, няма разумення заканамернасцяў развіцця свету, а значыць – ні сучаснасці, ні будучыні. Ён будзе ў лепшым выпадку капіяваць або выкарыстоўваць тое, што ўжо вынайшлі іншыя, якімі б сучаснымі тэхналогіямі ён не валодаў. Мы жывём у эпоху глабальных праблем і выклікаў. Як адказаць на іх? Сучаснае мастацтва, шмат у чым, займаецца гэтым пытаннем, даючы нам новую мову для даследаванняў і дыялогу. Не валодаючы ёй, чалавек у тэатры або галерэі скажа: “Фігня нейкая – нічога не зразумела!” А як інакш, калі гадоў пяць таму сусветная мастацкая культура знікла са школьнай праграмы? Павінна ж гэта кагосьці заклапаціць? Хоць бы бацькоў.
– А чаму яны не пачалі турбавацца?
-Многія не бачаць ўзаемасувязі паміж культурай, гуманітарнымі ведамі і практычнай выгадай. Ім няўцям, што прыгожая і надзейная японская машына або стыльнае італьянскае адзенне – у тым ліку вынік працы людзей, якія выдатна ведаюць гісторыю мастацтва, філасофію моды і дызайну. Маладыя бацькі чытаюць, як карміць малога, даглядаць за ім. Але ў маленькага чалавека яшчэ і душа ёсць, і пра яе таксама трэба клапаціцца! Неабходна, каб бацькі зразумелі: культура і мастацтва дапаможа іх дзецям не толькі сфармаваць добры густ, але разумець жыццё больш глыбока, глядзець на падзеі скрозь вопыт мудрых папярэднікаў.
– А як мы сёння можам змяніць сітуацыю ў адукацыі да лепшай? Як прышчапіць школе сапраўдную культуру выкладання, каб перад новым пакаленнем адкрыліся больш светлыя перспектывы?
– Калі нельга пераканаць сістэму працаваць па-іншаму, трэба, каб бацькі знаходзілі агульныя мэты, прыцягвалі зацікаўленых педагогаў, стваралі паралельныя адукацыйныя структуры. У ідэале я бачу партнёрства школы, бацькоўскіх ініцыятыў, прыватнай адукацыі пры падтрымцы дзяржавы. Важна таксама прыцягваць незалежных экспертаў да аналізу сферы адукацыі. Дарослымбацькамі настаўнікам – таксама трэба шмат чаму навучыцца. Давайце прыходзіць у школы вечарам, як гэта робяць у Фінляндыі.Давайце разам думаць, як дапамагчы школе і мець там права голасу. Лёс кожнага дзіцяці унікальны і непаўторны. Калі вы памыліцеся з выбарам машыны – чорт з ёй, купіце іншую. Але дзяцінства вашага дзіцяці ніколі не паўторыцца.
Ганна Трубачова, Вольга Блажэвіч
Фота – Аляксандр Tarantino Ждановіч, Сяргей Гапон
(Журналісцкае агенцтва «Таранціны і сыны»)