13.12.2016 | Ёсць Маладосць!

Yёsць! Алесь Снег: “Я – вінцік у рухавіку беларускай культуры”

26-гадовы арт-менеджар і малады паэт – пра каханне, грошы, канкурэнцыю і сакрэт поспеху Арт Сядзібы.

Алесь Снег – малады паэт, арт-менеджар, чалавек “ніадкуль”, які цяпер круціць паспяховыя праекты і арганізоўвае мерапрыемствы для сотняў людзей. Ягоны непасрэдны абавязак – гэта канцэрты, івэнты і фестывалі ў рамках Арт Сядзібы, а ў дадатак да гэтага – праца ў сацыяльных сетках.

Адначасна гэта паэт “без кнігі”, які не робіць сабе фетышу з папяровага выдання сваёй творчасці, але даносіць яе мовай, зразумелай сучаснай моладзі: у “Кантакце” ды падчас жывых выступаў.

11 снежня Алесю споўнілася 26, 13-га – пяцігоддзе Арт Сядзібы. Здаецца, што нават містыка лічбаў на баку маладога, амбітнага і разам з тым простага ў камунікацыі хлопца.

Развагамі, успамінамі і сакрэтамі поспеху Алесь Снег дзеліцца з чытачамі сайта budzma.by

 

Вершы НЕ пра ветэранаў

У школе займаўся музыкай, у нас нават свой гурт быў. З часам гурт разваліўся, як і ўсе падобныя каманды. У мяне засталася толькі гітара і вершы. Гітара адышла ўбок, а песні ператварыліся ў паэзію. Мой улюбёны паэт, які не так часта піша, – гэта Глеб Лабадзенка, ім я натхняўся. Ёсць такое ўяўленне, што калі верш па-беларуску, то мае быць пра вёску, вайну альбо ветэранаў. Мяне ўразіла ў свой час, што ў Лабадзенкі, Хадановіча, Куставай усё па-іншаму!

 

Дэсант са “шведскім прысмакам”

Аднаго разу, калі я яшчэ вучыўся ў Баранавічах, да нас завітаў “паэтычны дэсант”: Разанаў, Хадановіч, Кустава – у рамках дзён шведскай літаратуры ці нечага накшталт таго. Каб трапіць на вечарыну, я збег з параў. З майго факультэта быў толькі я, нікога больш знаёмага, але я сядзеў і насалоджваўся. Тады я набыў кнігі і ўзяў аўтографы, зачытваў да дзірак… Так і адкрыў для сябе беларускую літаратуру.

Мог быць Вольскі, а мог – і я!

Упершыню са сваёй паэзіяй я выступіў на Арт Сядзібе, бо гэта была свабодная пляцоўка. Там мог выступіць і Лявон Вольскі, і я, хай мяне ніхто не ведаў. Так і атрымалася – праз паэзію трапіў да “арт-сядзібаўцаў”. Арт Сядзіба цяпер – гэта рухавік беларускай культуры, а я – ягоная частка, адзін з вінцікаў.

 

Дрыжыкі ды ёканне сэрца

Свае вершы я размяшчаю ў “Кантакце”, але першаснымі для мяне заўжды былі жывыя выступы. Самыя прыемныя рэцэнзіі на мае творы – гэта калі пасля слухачы распавядаюць пра свае дрыжыкі або ёканне сэрца. Паэзія – гэта эмоцыі. Магчыма, я не пішу крута альбо прафесійна, але я маю пачуцці, якія перадаю праз вершы. Найперш, канечне, каханне.

 

Стужка навінаў vs папяровая кніга

Сацыяльныя сеткі – гэта найбольш лёгкі спосаб дагрукацца да чытача альбо слухача, калі ідзецца пра запіс выступу. Кнігі, як і дыскі, – гэта вельмі важна. Але ў пэўным сэнсе гэта рытуальныя рэчы, расстаўленыя па палічках. Не думаю, што людзі, якія купляюць дыскі з музыкай, рэгулярна ўстаўляюць іх у свае ноўтбукі, каб паслухаць. А вось стужка з навінамі “Кантакту” альбо фэйсбука штодня перад вачыма. Папяровай кнігі са сваімі творамі пакуль не маю, але не факт, што не буду мець у далейшым.

 

Каханне і могілкі

Я пішу пра каханне. Гэта вечная тэма і адначасна папсовая. Некалі ў маім родным Бабруйску выступаў паэт Віктар Жыбуль, а праз тыдзень – я. Пасля вечарыны да мяне падышоў адзін слухач, які быў і там, і там, і кажа: “Ты перарасцеш гэтыя каханні і будзеш пісаць пра могілкі – як Жыбуль”. Магчыма, так і будзе, але пакуль каханне – мой рухавік і надзвычай важны аспект жыцця.

Стрэлачкі да Арт Сядзібы

Арт Сядзіба пачалася без мяне, у снежні 2011-га. Тады Павал Белавус запрасіў усіх ахвочых ставаць валанцёрамі новай пляцоўкі. Тады ж час быў цікавы: ЦЭХу яшчэ не было, офіс БНФ акурат зачынілі і перанеслі. Лічы, пляцовак беларускіх не засталося. Белавус спытаўся: “Што ты ўмееш?” Кажу: “Маляваць”. У выніку рабіў на камп’ютары і друкаваў стрэлачкі, якія б паказвалі напрамак руху да офіса Арт Сядзібы ў дзень адкрыцця. Праз гэтыя стрэлачкі я на Арт Сядзібу і трапіў.

Не плануем на далёкую перспектыву

Сакрэт поспеху нашай каманды ў тым, што ў кожнага з нас гараць вочы. Мы можам па тры гадзіны сядзець і абмяркоўваць планы, іх будзе добрая сотня, усё будзе проста бурліць! Самыя ўдалыя ідэі заўжды нараджаліся нечакана, мы не плануем на далёкія перспектывы. Затое 1 снежня нехта можа прыйсці са словамі: “5-га мы запусцім ГЭТА, будзе бомба!” – гэта куды больш рэальны сцэнар.

 

На стужкі ішло паляванне…

Так, напрыклад, нарадзілася ідэя акцыі “Беларуская стужка”. Думалі, ну надрукуем, ну раздамо, далучыцца нехта – добра… А ў выніку было каля 100 пунктаў раздачы па Мінску, процьма валанцёраў, ужо ў першай палове дня стужкі скончыліся, хоць іх было 5 кіламетраў зроблена! На стужкі ішло паляванне: падыходзілі жанчыны з іншых гарадоў са словамі: “Нас адправілі дзеці па стужку…” Гэта было нешта неверагоднае!

Дзень вышыванкі – гэта эйфарыя!

Найбольш удалая акцыя – Дзень вышыванкі. Ідэя таксама прыйшла нечакана. Тады ў нас прадавалася ўжо розная вопратка: і LSTR, і Honar… Было лета, і людзі выкладалі фоткі ў вышыванках ды з арнаментамі ў сацыяльных сетках. Тады мы вырашылі ўсё аб’яднаць у адзін фестываль. Рабілі гэта ў бары ДК, разлічаным чалавек на 200, але ўжо ў першыя хвіліны яблыку не было дзе ўпасці. Агулам жа мы налічылі каля 2000 наведнікаў у першы дзень. Пазней ужо быў Палац мастацтваў… Сапраўды адчувалася эйфарыя!

 

Сяброўства і вірус беларушчыны

Наша каманда – гэта не толькі калегі, але яшчэ і сябры. Магчыма, таму і канфліктаў няма – усё абгаворваецца і вырашаецца разам. Пры гэтым мы адкрытыя для ўсіх, то бок сябры і тым, хто да нас прыходзіць. З усімі кампаніямі, арганізацыямі і праектамі, якія прасоўваюць беларушчыну, мы сябруем. Вірус беларушчыны распаўсюджваецца, таму і кола сяброў шырэе.

 

Думалі, што цікава будзе адно жменьцы апазіцыянераў…

Калі крама symbal.by толькі запрацавала, мы думалі, што гэта будзе цікава толькі жменьцы апазіцыянераў. А яны ж рэдка нешта купляюць, хутчэй задарма бяруць, каб на акцыях матляць. Але мы існуем ужо некалькі гадоў і бачым, што прадукцыю набываюць звычайныя людзі, якіх можна сустрэць у метро, і ніколі ў жыцці не падумаеш, што яны слова могуць па-беларуску сказаць! Усё гэта – вялікая нечаканасць.

 

На працу не ходзім, а бегаем

Можна было б прадаваць і дзяржаўную сімволіку. Замовы былі б, асабліва перад усялякімі чэмпіянатамі. Але справу трэба рабіць з любоўю. А калі ты робіш гэта адно дзеля грошай, то і вынік будзе іншы, поспеху не будзе. Мы любім сваю працу, не ходзім на яе, а бегаем! Шмат хто нас не разумее, але гэта наш выбар.

 

Ідэя і грошы

У нас ёсць правіла: “Размяжоўваць грамадскую працу і бізнес”. Зрэшты, грошы, якія мы зарабляем, вельмі часта ідуць не на нас саміх (хоць і нам жыць на нешта трэба), але на ідэю, кампаніі, утрыманне офіса. Гэта і ёсць наш варыянт суіснавання грашовага аспекту з ідэйным.

Калі выключаць “кнопку арт-менеджара”

Калі выступаю недзе з вершамі, то заўжды стараюся выключыць “кнопачку арт-менеджара”. То бок не займаюся сам арганізацыйнай часткай, даручаю гэта іншым. Бывае і наадварот. Так атрымалася з паэтычным конкурсам “Рухавік”, разлічаным на маладых паэтаў, які я ладжу разам з Дар’яй Бялькевіч. Там я арганізатар і сваіх вершаў прынцыпова не чытаю. Трэба размяжоўваць, дзе ты літаратар, а дзе – менеджар.

 

Большасць пасіўная, і так будзе заўжды

Актыўных людзей сярод моладзі вельмі шмат, а пасіўны пласт заўжды быў і застаецца – нічога не зробіш. У Баранавічах падчас навучання я спрабаваў выцягваць аднакурснікаў на культурніцкія імпрэзы, але далучалася заўжды меншасць. Некаторыя пасля, ужо аўтаномна ад мяне, ездзілі на канцэрты ды фэсты. Але большасць – пасіўная, так будзе заўжды. Наша справа – варушыць людзей, што б ні было!

 

Поспех Арт Сядзібы – мой поспех

Арт Сядзіба для мяне паспела стаць сям’ёй і жыццём. І калі казаць пра кар’ерную лесвіцу, то гэтыя прыступкі мы будзем праходзіць толькі ўсе разам: расці, змяняцца і падымацца ўверх. Магчыма, будзе нешта новае, але ўсё адно разам з людзьмі, з якімі мы працуем цяпер. Поспех Арт Сядзібы і ўсёй каманды – гэта поспех кожнага з нас, мой таксама.

 

Алесь Кіркевіч


Дадаць каментар

*

*

Апошнія навіны

Яндекс.Метрика