03.11.2016 | Ёсць Маладосць!

Yёsць! Андрусь Bezdar: “Я б хацеў зрабіць беларускую культуру моднай”

Пра выдатны ўзор мінскага недабуду “Кемпінскі”, што велічна чакае літасці інвестараў на плошчы Перамогі, спрэчкі вядуцца не адзін год. Усё, што мне даводзілася чуць дагэтуль, было у рознай ступені негатыўным: вялікі, замінае, шэрая гаргара. Але надышоў час, і я сутыкнулася з іншым меркаваннем. Што цікава – прафесійным. Дык чаму ж “Кемпінскі” – гэта добрая архітэктура для Мінска, а таксама што такое “беларускі стыль” і ці адпавядае ён сусветным дызайнерскім трэндам? Якія дамы замаўляюць маладыя беларусы? Як асяроддзе ўплывае на свядомасць? Цікавая размова ў межах праекту “Будзьма беларусамі!” “Ёсць маладосць!” адбылася ў нас з арт-дырэктарам архітэктурнага агенцтва “ZROBYM architects” Андрэем Макоўскім, больш вядомым як Андрусь Bezdar.

 

Bezdar зробіць!

Архітэктурай я хацеў заняцца з 7 класа. Чаму – не ведаю. Спачатку хацеў быць прэзідэнтам, але нешта не склалася (смяецца). Падумаў, што лепш заняцца творчасцю, нешта будаваць, ствараць асяроддзе: дамы, паркі.

Фармаваць асяроддзе можна ў розных маштабах. Мы вось цяпер і пасёлак праектуем, і робім мэблю. У мяне ёсць асабісты кірунак – гарадское адзенне UNDwear.

Мянушка Bezdar узнікла на першым курсе ўніверсітэта, мне было 18. Я падумаў, што творчаму чалавеку патрэбная творчая мянушка, каб самавыяўляцца. Але каб сябе занадта не хваліць, лепш назвацца Бездарам. Сціпла і правакацыйна. І была ў мяне свая студыя (арт-студыя PIK), якую мы адкрылі з суседкай па доме прыкладна на 2 курсе ўніверсітэта. Вучылі малюнку тых, хто хоча паступаць. Была ў мяне такая ілюзія, што калі я паступіў, дык магу вучыць іншых. Ну і грошы трэба было зарабляць.

А потым на 3 курсе ўніверсітэта мы з Аляксеем (Аляксей Караблёў, аднакурснік, партнёр) вырашылі, што калі-небудзь архітэктар ўсё роўна павінен адкрыць сваю кампанію, дык няхай гэта лепш будзе раней. Каб “набіць шышкі”, разабрацца, часу не губляць, ну і пасля заканчэння вучобы можна будзе туды размеркавацца і паўнавартасна працаваць. Гэта быў правільны і вельмі круты план, бо архітэктары вучацца 6 гадоў, дадайце сюды 2 гады размеркавання ў нейкім там Мінскпраекце. Мне цяпер 26, маё размеркаванне б толькі скончылася. Куды ісці, што рабіць? Нічога няма, жыццё загубленае. Усё гэта мы разумелі яшчэ тады, на 3 курсе. Вырашылі пачаць. Ведалі, што будзе вельмі складана (яно так і было), але вось цяпер лягчэй. Памятаю, ішлі і думалі, як назваць кампанію. Хацелася, каб назва была беларуская. І каб не назоўнік, а дзеяслоў, бо ў ім ёсць дынаміка нейкая, заклік да дзеяння. Аляксей прапанаваў ЗРОБІМ. Перайначылі на еўрапейскі манер ZROBYM architects. Цяпер так і называемся.

http://budzma.by/wp-content/gallery/bezdar/%D0%90%D0%BD%D0%B4%D1%80%D0%B5%D0%B9-2.JPG

Пра самаадчуванне

З аднаго боку, я пакуль малады і “галодны”, бо яшчэ не пабудаваў таго, што хацелася б пабудаваць. З іншага – у мяне ёсць даволі вялікая каманда, якая працуе са мной у ZROBYM. Цяпер я на прамежкавым этапе.

Каб зрабіць праект сусветнага маштабу, трэба шмат працаваць. Ёсць сайт Arch Daily, дзе архітэктары з усяго свету публікуюць крутыя праекты. Там сабраныя ўсе сусветныя трэнды архітэктуры. З якой-небудзь Францыі там, можа, тысячы праектаў. І кожны дзень дадаюцца новыя. Нядаўна там з’явіліся дзве ўкраінскія каманды. А Беларусь адсутнічае, няма ніводнага беларускага праекта. Дык шкада! Крыўдна. Гэта ж мая сфера, і цяпер адна з мэтаў – туды трапіць.

Дызайн, які мы робім, разлічаны на маладых: ён крэатыўны, мінімалістычны, сучасны. Сярод нашых замоўцаў шмат айцішнікаў. Большасць з іх – да 40 гадоў. Яны маюць густ, ездзяць за мяжу, разбіраюцца ў сучасных тэндэнцыях і зарабляюць больш-менш добра. Калі чалавеку за 60, ён хоча і дызайн больш сталы, класіку, напрыклад.

http://budzma.by/wp-content/gallery/bezdar/%D0%90%D0%BD%D0%B4%D1%80%D0%B5%D0%B9-6.JPG

Каманда ў нас таксама “маладая”: большасці архітэктараў каля 30. Ёсць і стажоры з апошняга курса ўніверсітэта. Са старэйшым пакаленнем працаваць складаней. Былі людзі ва ўзросце, якія хацелі да нас трапіць, але іх працы мне не вельмі спадабаліся. Яны з іншага часу, і архітэктура ў іх адпаведная. Пакуль чалавек малады, ён хоча і можа вучыцца. Чалавек ва ўзросце думае, што ўсё ведае. А калі я маладзейшы за яго, дык ён яшчэ і мяне навучыць хоча. І вось тут ужо складана.

 

“Калі мы робім дом і кажам, што ён у нацыянальным стылі, зусім не абавязкова рабіць хату”

Звычайна думаюць, што сучасная архітэктура – гэта так, фігня, а вось раней была добрая. Не, мы робім такія ж паўнавартасныя рэчы. Рабіць сучасную архітэктуру – правільна. Мы жывем у ХХІ стагоддзі, і нам непатрэбнае барока. Архітэктар, які жыў у XVII стагоддзі таксама рабіў сучасную архітэктуру – XVII стагоддзя.

Але пры гэтым мы не адмаўляемся ад вопыту мінулага, ад нацыянальнага каларыту. Цяпер архітэктурны стыль робіцца інтэрнацыянальным, дамы ва ўсім свеце становяцца падобнымі. Добра, калі архітэктура краіны вылучаецца і пазнаецца ва ўсім свеце. Беларускі стыль таксама можа вылучацца. Некаторыя яго рысы мы бяром і інтэгруем у сучасныя сусветныя трэнды.

Возьмем, напрыклад, інтэр’ер. Тое, што цяпер называюць скандынаўскім стылем: максімальна мінімалістычны, функцыянальны, сціплы, з белымі сценамі, абавязкова з нейкімі драўлянымі акцэнтамі – дык гэта насамрэч тыповы беларускі стыль. У мяне пра гэта ёсць цэлая лекцыя. У Беларусі заўсёды былі лаканічныя пабудовы, шэрыя, ці, калі гэта мазанка, пафарбаваныя знутры ў белы колер. Сонца мала, белыя сцены рассейваюць святло, і ў памяшканні робіцца святлей. Скандынавы недахоп сонечнага святла традыцыйна імкнуліся кампенсаваць каляровай афарбоўкай. Свае дамы з бярвення яны фарбавалі ў ярка-чырвоны колер з сінімі акцэнтамі. А вазьміце нашыя шэрыя драўляныя Строчыцы, ці шэры бетонны праспект Незалежнасці, або мінімалістычна белыя будынкі Лангбарда – Дом ураду, Оперны тэатр, Акадэмія навук. Для Беларусі белы ці шэры колер – адметная рыса лаканічнасці і простасці.

http://budzma.by/wp-content/gallery/bezdar/%D0%90%D0%BD%D0%B4%D1%80%D0%B5%D0%B9-5.JPG

Таксама ўсё павінна быць з простых матэрыялаў. Вось фанера, напрыклад. Можна мэблю рабіць з чырвонага дрэва, а можна – з фанеры. Просты, прыгожы, танны матэрыял, які лёгка паддаецца фрэзероўцы і не змяняе геаметрычных памераў з часам. Мэбля з фанеры – гэта як бы скандынаўская рыса, але гэта характэрна і для беларусаў. Таксама выкарыстанне натуральных матэрыялаў: грубай тканіны, вязаных дываноў, гліняных рэчаў… Я думаю, што мінімалістычны функцыянальны інтэр’ер з акцэнтамі на мэблі і драўляных элементах, з ужываннем канструктывісцкага або этнічнага дэкору – гэта формула беларускага стылю.

 

Пра архітэктуру і свядомасць

Людзям вельмі падабаецца, калі ў інтэр’еры прысутнічае беларуская самабытнасць. Замаўляюць дызайн, гавораць: “Зрабіце нам скандынаўскі інтэр’ер”. Мы робім, дадаем самабытнасці, кажам: “Вось вам беларускі інтэр’ер!” –  “Клас! – кажуць, – так мы і хацелі, так нават і лепш!” Ніхто не сказаў яшчэ “Прыбярыце гэтае ваша беларускае, нам не трэба тут”! Нават расіяне – за.

Людзі крыху адышлі ад каранёў. Ёсць краіна Беларусь, але людзі ў ёй не вельмі разумеюць, што гэта за яна. Я б хацеў зрабіць беларускую культуру моднай, каб яе шанавалі. Асяроддзе вельмі ўплывае на свядомасць. Калі людзі будуць жыць у беларускім інтэр’еры, іх дзеці з маленства ўбяруць беларускую культуру, а потым, глядзіш, зацікавяцца гісторыяй. Можа, з часам і нацыянальная свядомасць праявіцца. Усё змяняецца паступова.

http://budzma.by/wp-content/gallery/bezdar/%D0%90%D0%BD%D0%B4%D1%80%D0%B5%D0%B9-15.JPG

 

Пра гарадскую забудову

У Мінску мне шмат што падабаецца. Ёсць будынак “Мінск-Калій”, больш вядомы як Банк развіцця. Ён просты, што характэрна для Беларусі, і ў той жа час фармуе прыемнае асяроддзе вакол сябе. Правільна спраектаваны.

Ёсць дзіцячы драўляны садок у Драздах. Той, што славенцы падарылі Беларусі. Цалкам зроблены з дрэва, з ссоўнымі аканіцамі і добрым інтэр’ерам.

Ці вось “Кемпінскі”, хоць ён нікому і не падабаецца. А мне – так. Праўда, калі знесці адзін паверх. Нагадвае творчасць Лангбарда – беларускага архітэктара, які стварыў для гэтага горада знакавыя будынкі. І ў той жа час ён вельмі сучасны. Тут шкленне са схаванымі рамамі. Мы звонку бачым сцяну і шкло, а рамаў нібы і няма. Гэта даволі складана зрабіць, і ў Беларусі няма аналагаў. Людзі на гэта не звяртаюць увагі. Але калі глядзіш на яго, няма дробязяў, якія перашкаджалі б успрымаць чысціню формы. Ёсць проста сцяна з траверціну і пасля – шкло. І ўсё у адным колеры. Гнутая форма абумоўленая тым, што побач ёсць цырк, ён круглы, і трэба з ім весці нейкі дыялог. З іншага боку – парк і плошча Перамогі, таксама круг. Усё разам гэта вельмі гарманічна выглядае. Адзінае, ён вышэйшы за сталінскую забудову. Гэта не вельмі этычна, і адзін паверх усё ж можна было б зняць. Але архітэктар – а праектаваў яго Сяргей Чобан, галоўны архітэктар Масквы – тут не вінаваты: павярховасць была зададзеная тэхнічным заданнем. Але ў цэлым для гэтага месца гэта вельмі кантэкстуальны будынак, які не выбіваецца з асяроддзя. Ён не прэтэндуе на гістарызм, як, напрыклад, домікі з фальцавым дахам, што пабудавалі насупраць ГЦ “Няміга”. Як бы з XVIII стагоддзя, але насамрэч бачна, што гэта сучасная забудова. Атрымліваецца імітацыя, фэйк. “Кемпінскі” – не фэйк. Гэта сучасны дом, які добра ўпісваецца ў гарадское асяроддзе.

http://budzma.by/wp-content/gallery/bezdar/%D0%90%D0%BD%D0%B4%D1%80%D0%B5%D0%B9-7.jpg

Ёсць у Мінску і цікавая савецкая архітэктура. Напрыклад, “БелЭкспа”. Такую форму даху (у вышэйшай матэматыцы – парабалічны гіпербалоід) вельмі складана выканаць. Там няма ніводнай апоры, а ўся канструкцыя трымаецца за кошт правільнага пераразмеркавання вагі. Гэта адзін з першых будынкаў у Савецкім Саюзе такой складанай канструкцыі. Пры гэтым выглядае ён проста і не кажа пра сябе нічога, чым не з’яўляецца.

Яшчэ мне падабаецца Гандлёвы дом “На Нямізе”. Няміга ўвогуле была вуліцай эксперыментаў у Савецкім Саюзе. Там была закладзеная вельмі цікавая думка, якую проста не змаглі да канца рэалізаваць: падзяліць плыні, чалавечую і транспартную. Рэалізавана гэта мусіла быць у вялізным маштабе па ўсёй Нямізе, але, як заўсёды, хутка скончыліся грошы. Сутнасць у тым, што машыны павінныя былі ездзіць толькі знізу, а людзі хадзіць толькі зверху. Тратуараў на ўзроўні машын наогул не павінна было быць. У гандлёвы цэнтр уваход зверху, з лесвіцы. На другім паверсе – паркі, зоны адпачынку. А насупраць гандлёвага цэнтра павінныя былі быць тры хмарачосы, звязаныя мастамі з самім цэнтрам. І ідэя павінная была працягвацца. Гэта ж правільны праект! Вельмі авангардысцкі. І цяпер так праектуюць.

У спісе найбольш непрыгожых, з майго пункту гледжання, будынкаў – DANA Mall. Мы нават пісалі пра гэта петыцыю, што ён жудасны і пакуль яшчэ не завершаны, можна нешта змяніць. Але, на жаль, ніхто гэтага рабіць не будзе.

http://budzma.by/wp-content/gallery/bezdar/%D0%90%D0%BD%D0%B4%D1%80%D0%B5%D0%B9-14.JPG

Архітэктура як жывы арганізм

У Мінску з’яўляецца шмат месцаў, якія нагадваюць Еўропу: вуліца Зыбіцкая ці яшчэ больш – вуліца Кастрычніцкая, гэткая прамзона, заселеная арт-прасторамі. Я там часта бываю. Яна нічым не адрозніваецца ад такога ж месца ў Польшчы. У горадзе таксама ёсць шэраг салонаў, арт-прастораў, крамаў, кавярняў, якія вельмі еўрапейскія, як, напрыклад, галерэя “Ў нескладовае”.

Я наогул думаю, што Беларусь – еўрапейская краіна, проста Савецкі Саюз наклаў свой адбітак. Сфера паслуг у нас не развітая. Людзі толькі пачынаюць вітацца ў крамах. Але час усё выправіць.

Цяпер мне працаваць прасцей. Раней было складана, бо замоўцы хацелі зусім не таго, чаго хацеў я. Цяпер усё больш купляюць нашу архітэктуру, давяраюць. Але на кампрамісы ўсё адно даводзіцца ісці, бо гэта дом не для мяне, а для замоўцаў. Адна з нашых цікавых канцэпцый – модульныя дамы.

http://budzma.by/wp-content/gallery/bezdar/%D0%90%D0%BD%D0%B4%D1%80%D0%B5%D0%B9-4.JPG

Вось чалавек ажаніўся і не хоча больш жыць з бацькамі, а хоча пераехаць у свой дом. І гэта правільна. Яму, па сутнасці, не патрэбны дом на 300 квадратаў і шмат пакояў. Але чамусьці большасць беларусаў замаўляе менавіта такія дамы. Калі я пытаюся, навошта, і прапаную пералічыць памяшканні, звычайна чую: ну, 3 дзіцячыя пакоі (дзяцей пры гэтым можа і не быць), потым пакоі для бацькоў з абодвух бакоў. Зразумела, што на такі дом часта не хапае грошай, і пасля паўжыцця маладыя жывуць у стане будаўніцтва і рамонту. Але гэта ж немагчыма, трэба мець вельмі моцныя нервы. Лепш бы яны зрабілі невялікі дом для сябе, а як дзеці пойдуць – дабудавалі. Гэта больш лагічны варыянт. Гэта ідэя метабалізму архітэктуры. Калі архітэктура не статычная. Калі няма нават такога азначэння, як нерухомасць, бо будынак рухаецца – змяняецца разам з патрэбамі тых, хто там жыве. Гэта архітэктура як жывы арганізм.

 

Пра мову і моду

Калі ў школе я пачаў размаўляць на беларускай мове, гэта яшчэ не было такім модным трэндам, як цяпер. У той час тых, хто размаўляў па-беларуску, асацыявалі з правінцыяламі, з вёскай, трасянкай. Маё захапленне беларускай мовай і культурай пачалося з гурта “Маўзер”. Быў тады такі музыка – Янка Маўзер, цяпер, на жаль, ён жыве ў Кіеве. Ён папулярызаваў беларускую культуру. Бо лічыў, што толькі калі яна стане моднай, то будзе добра распаўсюджвацца. І ён правільна казаў. Цяпер тых, хто размаўляе па-беларуску, асацыююць з інтэлігенцыяй.

З першага па чацвёрты курс універсітэта я размаўляў прынцыпова толькі па-беларуску. Але з узростам усё прасцей. Цяпер я магу размаўляць і так, і так. Я не змагар за мову ці беларускі стыль у архітэктуры. І не навязваю нікому свае думкі. У маім стаўленні да мовы і культуры няма прынцыповасці.

http://budzma.by/wp-content/gallery/bezdar/%D0%90%D0%BD%D0%B4%D1%80%D0%B5%D0%B9-8.JPG

Мне заўсёды падабалася, напрыклад, чытаць на беларускай мове. Падабалася, што ёсць нешта сваё. Існуе думка, што Беларусь – адсталая краіна. І што лепш зліняць у Нью-Ёрк і там жыць, бо гэта цэнтр свету. Гэта няправільна, я лічу. Вось тут ёсць нешта сваё: зямля, дзе вырас, добрае наваколле і людзі. А тое, чаго пакуль няма, можна прыўносіць. Развіваць гэтую краіну. Мне так больш падабаецца. А Нью-Ёрк. Я хацеў бы адкрыць там свой офіс і рабіць беларускі дызайн. Вось гэта было б крута!

Свой уласны будынак я сабе дазволіць пакуль не магу. Але ўжо ведаю, якім ён будзе. Я б хацеў набыць надзел зямлі, пасадзіць дрэва, а пасля вакол гэтага дрэва пабудаваць шкляны фахверкавы дом. Абавязкова там будзе цэнтральны атрыум. Унутраны двор – гэта характэрна для традыцыйнай забудовы. Вось і ў мяне ў цэнтральным двары будзе дрэва. І з ўсіх пакояў яно будзе відаць. І яно будзе рознае: вясной, увосень, узімку і летам. Разам з ім будзе змяняцца настрой у інтэр’еры. Вось такі дом я б хацеў пабудаваць. А потым трапіць з ім на Arch Daily.

 

Кацярына Петухова для budzma.by


Дадаць каментар

*

*

Апошнія навіны

Яндекс.Метрика