10.01.2017 | Ёсць Маладосць!

Yёsць! Максімільян Пякарскі: “Графіці, тату, цішоткі – гэта мова, якой я размаўляю з грамадствам”

Фігурант нашумелай “Справы графітыстаў” – пра стрыт-арт, тату і перспектывы беларускай культуры ў праекце “Будзьма!” Yёsць маладосць!

Максімільян – ва ўсіх адносінах асоба неардынарная і шматбаковая: паспяховы вэб-дызайнер і мастак-нелегал, анархіст і прыхільнік нацыянальнай культуры… З іншага боку, магчыма, акурат нашыя ўяўленні пра актывістаў і мастакоў даўно ператварыліся ў штампы ды патрабуюць сур’ёзнай рэвізіі?

Зрэшты, хай лепш Максімільян, аўтар стрыт-артаў “Беларусь мае быць беларускай” і “Рэвалюцыя свядомасці”, распавядзе пра сябе сам…

 

“Палітычным” лічыцца ці не ўсё датычнае беларушчыны”

 

– Вядомасць да цябе прыйшла пасля так званай “Справы графітыстаў”. Наколькі гэта было чакана?

– Насамрэч гэта было вельмі нечакана. Але так склаўся лёс (усміхаецца). Гэта была хутчэй мова звароту да народу: праз вулічнае мастацтва. Таму і графіці былі палітычнага характару. Хаця з іншага боку, у сучасных рэаліях ці не ўсё датычнае беларушчыны ў нас лічыцца “палітычным”. Напэўна, гэтым яно і прыцягнула такую ўвагу спецслужбаў.

Наогул жа на будучыню я планую заняцца графіці больш сур’ёзна і прафесійна, прычым рабіць гэта легальна. На наступную вясну ёсць ідэі маляваць у публічных месцах у горадзе, на ўзгодненых пляцоўках.

Афіцыйна і з дазволу дзяржавы?

– Так, нешта кшталту таго, што малююць цяпер на Кастрычніцкай.

Ты казаў, што гэта быў зварот да грамадства. Як ты лічыш, такі пасыл рэальна даходзіць да людзей?

– Усё залежыць ад кан’юнктуры: дзе зроблены малюнак, месца і колькасць людзей, якія там бываюць. Мы, напрыклад, малявалі вялікія графіці, якія занялі не адну гадзіну, таму і месцы былі абраныя не самыя публічныя. Пры гэтым сваю ролю адыгралі фота малюнка ў сацыяльных сетках .

Калі б гэта малявалася афіцыйна, а значыць, у публічным месцы, то мэсідж бы даносіўся непасрэдна праз кантакт з гледачом, які пройдзе побач і ўбачыць. Мы ж абапіраліся на інтэрнэт-публіку. А ў выніку, дзякуючы тым жа супрацоўнікам МУС, нашыя графіці сталі ці не самымі папулярнымі за апошні час у краіне.

 

“Мы засталіся пры сваіх ідэях…”

 

Тая цана, якую заплаціў ты асабіста і твае паплечнікі, каштавала малюнкаў і ідэі, якую вы прасоўвалі такім чынам?

– Так, каштавала. Для нас усё скончылася, у прынцыпе, не так і дрэнна: мы адбылі ўсяго 20 сутак за кратамі. Пасля штрафы за “псаванне маёмасці” былі выплачаныя. Таму, канечне, недарэмна ўсё было. Мы засталіся пры сваіх ідэях, ніхто светапогляду не змяніў. Наадварот, дзякуючы гэтай справе мы толькі ўмацаваліся ў сваіх перакананнях.

Вельмі імаверна, што цяпер адны скажуць: “Файна, што зараз усё будзе легальна”, а іншыя “Гэта ваша параза і саступка…” Ты гатовы да гэтага?

– Мы не ідзем выключна легальным шляхам. Ёсць справы, у якіх нашыя метады не змяніліся: як працавалі, так і працуем. Легальны шлях – дадатковы ў нейкім сэнсе.

Графіці – гэта мастацтва, але калі ты робіш яго нелегальна, то абавязкова мае прысутнічаць стрэс. Як удаецца працаваць у такіх умовах?

– Зразумела, што калі малюнак афіцыйны і ты не маеш лімітаванага часу, не павінен азірацца альбо выстаўляць людзей “на варту”, малюнак атрымаецца больш дакладным і якасным. Але мы працавалі так і яно таго каштавала. Не думаю, што гэта моцна адлюстроўваецца на якасці малюнка.

 

“Да “мазні” на сценах стаўлюся адмоўна”

 

Як ты наогул ставішся да сучаснай беларускай графіці-культуры?

– Улічваючы рэаліі нашай краіны графіці ў нас развіваецца надзвычай імкліва. На сённяшні дзень пастаўленая даволі высокая планка. Канечне, калі б умовы былі як на Захадзе, у нашых мастакоў усё выходзіла б яшчэ лепш. Але ўлічваючы абставіны мне здаецца, што ўзровень і так вельмі высокі.

А ёсць графіці, якія ты бачыш на вуліцы і якія выклікаюць негатыў?

– Так, ёсць жа звычайная “мазня”. Пэўная колькасць графітыстаў проста малюе нешта, што не будзе зразумела 99 з сотні. Да гэтага я стаўлюся адмоўна. А калі малюнак якасны, то чаму б і не, я толькі за. Мяркую, што большасць людзей, нават не заангажаваных у гэтую справу, будуць станоўча ставіцца да прыгожых малюнкаў на гарадскіх сценах.

Які наогул час жыцця нелегальнага графіці: дзень, тыдзень, год?..

– Тут шмат фактараў. Калі малюнак зроблены ў нялюдным месцы, ён можа заставацца там і год, і два, і болей. Калі месца публічнае, то час жыцця малюнка – сапраўды ад сутак да пары тыдняў. Ёсць таксама фактар пасылу. Калі там будзе палітычны альбо сацыяльны момант, то дзе б яно ні знаходзілася, час жыцця будзе нядоўгім.

 

“Прыемна бачыць мінакоў у вопратцы з маім малюнкам”

 

Выяву з графіці “Беларусь мае быць беларускай” цяпер можна пабачыць і на цішотках. Табе замаўляюць такія эскізы?

– Так, гэта яшчэ адзін занятак, за які я ўзяўся пасля крымінальнай справы: эскізы малюнкаў для вопраткі ў нацыянальным стылі. Працаваў для symbal.by і некаторых іншых ініцыятываў. Мне цікава развівацца ў гэтым кірунку. Нацыянальнае адзенне цяпер надзвычай папулярнае: ідзеш горадам, асабліва ўлетку, і бачыш на цішотках “Пагоню” альбо іншую нацыянальную сімволіку. Узімку шапкі, стужкі, значкі сустракаеш у метро… Гэта перспектыўна.

Адзенне менавіта са сваімі малюнкамі сустракаеш на вуліцы?

– Тое, што рабіў для symbal.by, ужо незлічоную колькасць бачыў. Асабліва на беларускіх канцэртах і мерапрыемствах. Гэта вельмі прыемна, чаго хаваць.

 

“Першая мая тату-машынка складалася з маторчыка ад плэера”

Ты даўно займаешся тату?

– Гэта, зноў жа, як мова, якой я размаўляю з грамадствам. Першую сваю машынку я самастойна зрабіў гадоў у 15. Яна складалася з маторчыка ад плэера, струны, дроту з блокам і ізастужкі. Тады я спрабаваў рабіць першыя свае тату. Першую прафесійную машынку я замовіў у 2011 годзе, калі яшчэ жыў у інтэрнаце. Але займаўся гэтай справай я нядоўга, з паўгода, пакуль не забралі ў войска.

А ў войску біў?

– Было некалькі выпадкаў (смяецца). Пасля войска я пераехаў у Мінск, бо сам паходжу са Смаргоні, а вучыўся ў Маладзечне. І толькі ў сталіцы дзякуючы знаёмым пачаў займацца тату на больш прафесійным узроўні.

Цяпер гэта больш крыніца прыбытку ці хобі?

– Хутчэй другое. Мне гэта падабаецца, я раблю гэта для сябе і для людзей, якія звяртаюцца. Мае тату маюць пераважна нацыянальную тэматыку, таму гэта асобны, вельмі важны фактар. Студыі не маю, усё збольшага раблю ў хаце.

 

“Замоўцы нацыянальных тату – звычайныя хлопцы, не апазіцыя”

А хто кліенты?

– Знаёмыя ды знаёмыя знаёмых. Акурат паўтары гадзіны таму скончыў тату: біў хлопцу малюнак арнаментаванай стужкі на руцэ. Вельмі папулярная цяпер у тату менавіта нацыянальная тэма. Цікава, што хоць узровень жыцця знізіўся, цікавасць да тату толькі падвышаецца.

Але хто менавіта твае замоўцы: апазіцыянеры, бізнесоўцы, нефармалы, хіпстары?..

– Цяпер беларушчына перастала атаясамлівацца з апазіцыяй. 90% замоўцаў не маюць дачынення ні да апазіцыі, ні да якіх-кольвек іншых структур. Гэта звычайныя хлопцы ад 18 да 30, якія яшчэ вучацца альбо ўжо недзе працуюць.

А якія тэмы абіраюць?

– “Пагоню” альбо варыяцыі на тэму вершнікаў. Але на першым месцы – арнаменты. Замаўляюць таксама партрэты Каліноўскага, выявы касінераў ды ўсё іншае па тэме паўстання 1863 года, сюжэты пра бітву па Оршай 1514-га… Вельмі шмат такіх замоваў.

Калі б табе замовілі тату, якое не адпавядае тваім ідэям і перакананням, ты б узяўся за працу?

Не, я б не біў такіх малюнкаў. Але такіх выпадкаў пакуль не было.

 

“Крайне левыя, як і крайне правыя – гэта дэструктыўны фактар”

Як ты ставішся да падзелу на “левых” і правых” у беларускім руху?

– У нашым грамадстве гэта больш тычыцца падзелу сярод субкультурных тусовак. Гэта даволі маргіналізаваныя кампаніі, далёкія ад рэчаіснасці і падзеяў, якія адбываюцца навокал. У прынцыпе, ім там і добра. Яны кажуць, што хочуць нешта змяніць?.. Па факце нічога яны не хочуць, бо маюць свае сцэны, свае тусоўкі, дзе адчуваюць сябе камфортна. Цяпер цяжкая сітуацыя наогул для беларушчыны, асабліва на фонле пагрозы з боку Расіі, таму такія падзелы выглядаюць недарэчна.

Але нават падчас вашай справы адны называлі вас “левакамі”, іншыя – “фашыстамі”. Гэта нармальна для Беларусі?

– Такія ноткі ішлі нават не з боку палітыкаў, а з боку тусовак, вельмі заглыбленых у свае асабістыя справы ды паняткі “правы-левы”. Крайне левых я асабіста лічу дэструктыўным фактарам для любой нацыянальнай супольнасці і культуры, таксама як і ультра-правых, якім падабаецца Гітлер альбо імперыя. Таму я і не прымаю ні тых, ні тых поглядаў. Сам жа трымаюся народніцкіх анархісцкіх поглядаў.

 

“Будучыня за тымі, хто займаецца культурай”

 

Наогул, пасля гісторыі з графіці твае погляды на данясенне ідэяў да масаў змяніліся?

– Перакананні не змяніліся, але калі глядзець на тыя падзеі з пазіцыі сённяшняга дня, зразумела, што рабіць можна было больш разумнымі метадамі, каб дасягнуць большых вынікаў.

Якая актыўнасць была б эфектыўная ў сучасных умовах для прасоўвання беларушчыны?

– Я лічу, што, як і ў канцы 1980-х – пачатку 90-х, за часамі позняга СССР, ніякія радыкальныя суполкі не маюць перспектывы. Бо ва ўмовах жорсткага аўтарытарызму яны вельмі хутка вылічваліся, знаходзіліся і цалкам знішчаліся. Таму людзі і гуртаваліся ў культурніцкіх ды асветніцкіх суполках, якія рэпрэсаваць асабліва і не было за што. Гэтак і цяпер: любая ініцыятыва, якая будзе несці радыкальныя ідэі, будзе вынішчаная ўшчэнт.

А перспектыву маюць тыя, хто займаецца культурай. Мы маем пазітыўны прыклад курсаў “Мова Нанова”: з кожным годам закрывацца ўсё больш беларускіх школаў, таму такія курсы – гэта выдатная праца на будучыню, на новыя пакаленні. Ужо сёння можна бачыць вынік гэтага. Гэта не ідзе зверху, як у большасці краінаў, але падымаецца знізу: моладзь сама шукае, вывучае, чытае. Гэтыя ідэі маюць перспектыву, а гэтыя людзі складуць наш авангард у будучыні.

 

 

Размаўляў Алесь Кіркевіч

Загалоўнае фота – Ірыны Арахоўскай


Адзін каментар у “Yёsць! Максімільян Пякарскі: “Графіці, тату, цішоткі – гэта мова, якой я размаўляю з грамадствам””

  1. Руслан ЗГОЛИЧ с фб says:

    Вельмі Істотную Справу Робяць Хлопцы!

    Але ж Трэба было б Узгадаць і нават Лукашэнка А.Р., які менавіта дьзякуючы Кантактам са мною і замаўляе Такія Малюнкі!..

Дадаць каментар

*

*

Апошнія навіны

Яндекс.Метрика