26.08.2016 | Ёсць Маладосць!

Yёsць! Павел Данкоў: “Прамоўтар, які не зарабляе, — гэта дрэнны прамоўтар”

Чаму праз некалькі гадоў клубнае жыццё ў Беларусі будзе не горш, чым у Берліне ці Маскве? Дзе ў нашай краіне ладзяцца самыя прасунутыя вечарыны электроннай музыкі і як прайсці фэйс-кантроль на іх? Пра гэта нам распавёў малады прамоўтар і дыджэй Павел Данкоў.



“Электронная музыка — гэта вам не тыц-тыц-тыц”

Я вельмі ганаруся, што я адзін з тых, хто стварае людзям свята і прасоўвае культуру вініла ў нашай краіне, прывозячы разнастайных выканаўцаў з СНД і замежжа. На жаль, на электронную музыку навешана шмат ярлыкоў. Гэта вам не тыц-тыц-тыц і не нарыкі на танцпляцы, як звычайна думаюць абывацелі. Мне прыемна, што на нашы вечарыны людзі прыходзяць, каб пачуць якасную электронную музыку, сустрэць цікавых аднадумцаў. Менавіта таму я ўжо больш за пяць гадоў гэтым і займаюся, каб паказаць, што музыка не мае межаў, гэта цэлы акіян гукаў, пачуццяў.

Толькі ў сваім родным Гомелі я зладзіў больш за 150 вечарын!

“Беларусь спасцігаў праз мову, літаратуру, гісторыю”

Маё дзяцінства прайшло ў Маскве, дзе вучыліся мае бацькі. Яно было вельмі насычаным: знакаміты маскоўскі заапарк, цырк Нікуліна… Калі ж мы вярнуліся ў Гомель, мне ўсё тут падалося больш простым і спакайнейшым. Жыццё круцілася ў асноўным па схеме “двор-школа”. Але асаблівых змен я не адчуў, бо што ў Маскве, што тут усе размаўлялі на рускай мове. Беларусам я сябе адчуў толькі ў школе, калі пачаў вывучаць беларускую мову, літаратуру і гісторыю. Можна сказаць, што Беларусь я спасцігаў менавіта праз гэта.
Вялікі ўплыў на мяне зрабілі мае бацькі, якія ўвесь час займаліся маёй адукацыяй, выхоўвалі ўва мне асобу. Мой бацька — зацяты меламан. У нас дома вялізная калекцыя музыкі на дысках і пласцінках. Дзякуючы гэтаму я заўсёды слухаў самую разнастайную музыку: з сябрамі — тагачасны “мэйнстрым”, рэп, рэгі і г.д., а вечарамі — для душы — лез у бацькаву калекцыю ў шафе і выбіраў штосьці арыгінальнае адтуль. Мае аднагодкі такога нават і не чулі ніколі. Вось так пакрысе развіваўся мой густ. А потым моцна захацелася падзяліцца гэтым з кімсьці яшчэ.
У 17 я пераехаў у Мінск, дзе паступіў на факультэт міжнародных адносін БДУ. У вольны час пачаў праводзіць вечарыны ў Гомелі, стала наведваючы з сябрамі розныя цікавыя мерапрыемствы ў Кіеве і Маскве, убіраючы ў сябе і пераасэнсоўваючы, што там адбывалася.

 

“Калі мы ўсе з’едзем, то ніколі потым не зможам ганарыцца нашай Радзімай”

Сябры дзяцінства, калі бачаць мяне цяпер, адзначаюць, што я стаў іншым, бо зрабіў, на іх думку, вялізны рывок і займаюся тым, што мне падабаецца. Гэта раскоша, бо многія вымушаныя ісці на кампраміс і займацца зусім не тым, да чаго ляжыць іх душа. Але кожны свой выбар робіць сам. Заўсёды добра там, дзе нас няма. І гэта вялікая спакуса для моладзі: з’ехаць у іншую краіну, дзе ўсё здаецца такім прасунутым… Пажыць за мяжой сапраўды варта дзеля ўласнага развіцця, новых крыніц натхнення, але не назаўсёды. Бо калі мы ўсе з’едзем, то ніколі потым не зможам ганарыцца нашай Радзімай: хто ж, як не мы, будзе яе штурхаць наперад? Неістотна, дзе ты жывеш, у Мінску, Баранавічах ці ў вёсцы. Твой шлях выведзе цябе куды трэба, калі ты сапраўды чагосьці варты і працуеш шмат на сваю мару.

У мяне ёсць запаведная мара: калі стану стары, пераехаць да вялікай вады — мора ці акіяна — і кожны дзень слухаць яе гукі. А пакуль я малады і поўны сіл, не бачу сэнсу кудысьці пераязджаць далёка. Гэта дакладна не зменіць і не палепшыць мяне. Ды і родныя з сябрамі ўсе тут.

 

“Фэйс-кантроль даверыў маці”

На фэйс-кантролі ў мяне час ад часу працуе маці. Я ёй давяраю, бо яна прагрэсіўная жанчына і добра адчувае нюансы маёй працы: адразу бачыць, хто мусіць быць на вечарыне, а хто — не. Я часам прыходжу дахаты, а яна глядзіць трансляцыі з розных крутых вечарын з Бойлерума. Ёй гэта вельмі падабаецца. А хтосьці лічыць, што пасля 40 трэба выхоўваць унукаў і весці традыцыйны ціхі лад жыцця. Я не асуджаю тых, хто так жыве. Галоўнае, каб чалавек быў шчаслівы і ў яго хапала фарбаў у жыцці.

“Нам не хапае фрыкаў”

Добрай тусоўку робяць яе наведнікі. Мой фэйс-кантроль шмат у чым залежыць ад палітыкі месца, дзе я ладжу вечарыну. Калі гэта нейкае гламурнае месца, што здараецца рэдка, то, зразумела, я вымушаны арыентавацца на іх публіку: больш звяртаць увагі на вопратку наведнікаў, не пускаць апранутых у спартовую вопратку, карацей, класіка жанру. А вось у прасунутых творчых месцах, дзе пануе нефармальная атмасфера, я больш вольны ў сваіх дзеяннях. Але і адказнасць там вышэйшая, бо трэба з густам падабраць публіку.

Люблю мірных фрыкаў — гэта ўпрыгожанне любой вечарыны. Яны яскравыя, разняволеныя. Але яны — рэдкая з’ява, асабліва ў нашым грамадстве. Шкада, нам іх рэальна не хапае. Бо сапраўдныя фрыкі — гэта адны з самых вольных людзей, якія могуць сабе дазволіць паводзіцца так, як яны хочуць. Наогул, што такое добрая вечарына з выдатнай музыкай і тусоўкай? Гэта квінтэсенцыя чалавечых зносін. Ты прагнеш пасля працоўнага тыдня недзе файна адпачыць. Калі знаходзіш правільнае месца, то за пару гадзін сустракаеш масу знаёмых і заводзіш новых, атрымліваеш асалоду ад цікавай музыкі, танчыш. Добрая вечарына насычае чалавека. Раніцай ты разумееш, што ў цябе была прыемная танцавальна-музычная ноч, з’яўляюцца новыя стымулы і ідэі нешта рабіць, крэатывіць, варушыцца. Бо праца — гэта ў асноўным руціна: калегі, калегі і вылазкі ў інтэрнэт, каб кіраўнік не ўбачыў. А тут ты сустрэў людзей, з якімі б ніколі не пазнаёміўся дзесьці яшчэ, яны ўзбагачаюць твой унутраны свет. На вечарынах адбываецца перасячэнне ліній лёсаў многіх людзей. Я не першы год раблю вечарыны, і мне вельмі прыемна, што я асабіста ведаю людзей, якія ў мяне пазнаёміліся са сваёй другой паловай ці сустрэлі будучых калег і аднадумцаў. Гэта ж крута, калі твая вечарына карэнным чынам змяняе жыццё кагосьці ў станоўчы бок. Хтосьці сам пачынае крэатывіць, вандраваць і кідае свой сумны офіс, а хтосьці, наадварот, разумее, што тусоўкі і начны лад жыцця — цалкам не яго і ён толькі губляе тут час.

Узрост наведнікаў ніколі не быў вырашальным фактарам для мяне пры фэйс-кантролі. Галоўнае, каб чалавек быў цікавы і мог упрыгожыць сабою вечарыну, хоць яму будзе за сорак ці за пяцьдзясят. Мне вельмі прыемна, калі да нас прыходзяць людзі, якія ўжо склаліся як асобы. Іх адразу бачна і па манеры паводзіць сябе, і па індывідуальным стылі ў вопратцы. Я перакананы, што добрая тусоўка будуецца на культурных асобах, трэндсэтарах. Мае ўлюбёныя госці таксама — маладыя людзі 18-20 гадоў, якія яшчэ не вызначыліся ў гэтым жыцці. Для іх наша музыка і вечарыны могуць стаць паваротным пунктам. Яны бачаць, на каго трэба раўняцца, як сябе паводзіць, у якім кірунку развівацца і г.д.
Часам бацькі не хочуць пускаць сваіх дзяцей на начныя вечарыны. Я б таксама сваіх дзяцей на нейкія з іх не пусціў. Але калі ты крытычна да нечага ставішся, спачатку паспрабуй разабрацца, што да чаго, куды тваё дзіця збіраецца, каб твая крытыка была абгрунтаванай. Бо вечарына ад вечарыны розніцца. Сярод іх могуць быць тыя, што дапамогуць развіць яму музычны густ і асабісты стыль.

“На вечарыны трэба запрашаць перш-наперш таленавітых выканаўцаў”

У Беларусі ёсць як спрактыкаваная ў электроннай музыцы публіка, так і тыя, хто пра гэта нічога не ведае. Усіх сакрэтаў не раскажу, чаму мой выбар падае на таго ці іншага музыку. Але я лічу, што на вечарыны трэба запрашаць перш-наперш таленавітых выканаўцаў. Усё залежыць ад канкрэтнай мэты, якую ты перад сабою як прамоўтар ставіш. Некаторыя мае калегі наўпрост кажуць, што яны робяць камерцыю. Кожнаму сваё і свая публіка. Мне, напрыклад, заўсёды цікава адшукаць выканаўца, які яшчэ пакуль невядомы, але я ўжо адчуваю, што праз год ён такім стане. Трэба заўсёды глядзець наперад і тонка адчуваць сучасныя тэндэнцыі і плыні музыкі.

Пакуль мяне на ўсё хапае, бо я вельмі люблю музыку. Чужыя вечарыны наведваю нячаста, у асноўным сяброў, і тое калі яны прывозяць сапраўды вартых выканаўцаў. Падрыхтоўка адной вечарыны ідзе доўга, бо добрага дыджэя трэба браніраваць загадзя, яго гастрольны графік распісаны на месяцы наперад.

“Калі працуеш за “дзякуй”, то і вынік атрымаецца адпаведны”

Толькі ў апошнія некалькі гадоў мне нарэшце ўдалося манетызаваць сваю жарсць да музыцы, дагэтуль гэта была хутчэй дабрачыннасць. Прамоўтарам і дыджэям-пачаткоўцам вельмі няпроста. Многія ўладальнікі клубаў хочуць выкарыстаць цябе па максімуме. Груба кажучы, за 50 даляраў каб ты і выступіў сам, і іншых дыджэяў арганізаваў, і людзей запрасіў на вечарыну — усё сам-сам. Прамоўтар, які не зарабляе, — дрэнны прамоўтар. Кожная праца вартая ўзнагароды. Калі працуеш за “дзякуй”, то і вынік атрымаецца адпаведны, бо не будзе стымулу рабіць нешта мегакрута. Але многія пачаткоўцы так прагнуць сябе неяк праявіць, што гатовыя ўсё рабіць бясплатна, чым псуюць забаўляльную індустрыю. Бо некаторыя арганізатары вечарын і ўладальнікі клубаў пачынаюць нахабнічаць, лічачы, што можна плаціць выканаўцам мала альбо наогул нічога. Як бізнесоўцы яны абіраюць самы танны для сябе варыянт. Між іншым, з такім падыходам яны потым страчваюць нашмат болей. Бо адна дрэнная і няякасная вечарына, другая, а на трэцюю ўжо ніхто не хоча ісці. Каб утрымаць наведнікаў, трэба развівацца, пастаянна іх нечым здзіўляць, не шкадуючы сродкаў на добрых выканаўцаў.

“На абшарах СНД адбываецца рэвалюцыя ў электроннай музыцы”

Добрыя вечарыны ў маім разуменні, — з якаснай і разнастайнай музыкай, якая нясе ў сябе пэўны сэнс, адбываюцца ў Мінску, Гомелі і Гродне. Нікога не хачу пакрыўдзіць, але ў астатніх гарадах гэта ў асноўным звычайныя дыскатэкі, за выключэннем нейкіх прыватных ініцыятыў. Да клубных сталіц свету нам пакуль крыху далёка, але з перыферыі мы сыходзім дакладна. І наогул, цяпер на абшарах СНД адбываецца незаўважная звычайнаму абывацелю рэвалюцыя ў электроннай музыцы. Апошнім часам з’явілася шмат годных артыстаў, дыджэяў. Многія з іх пакуль яшчэ нікому не вядомыя, але гэта справа часу. Яны сядзяць у студыях і пішуць музыку на высокім ўзроўні. Я ведаю, бо мне часта скідваюць для праслухоўвання розныя дэма-запісы. І калі і надалей усё так будзе адбывацца, то праз год-два ў нашай краіне адбудзецца росквіт электроннай культуры. Ён ужо пачаўся ў Расіі і Украіне, дзе многія мясцовыя дыджэі і прадзюсары набылі статус сусветных зорак электроннай музыкі, на іх раўняюцца, а іх кружэлкі хутка раскупляюць. Мы знаходзімся на парозе гэтага.

Беларускія майстры электроннай музыкі даўно паспяхова працуюць у самых прасунутых клубах Масквы ці Кіева.

Беларуская, расійская ці ўкраінская электронная музыка — хаўс, тэхна і г.д., безумоўна, мае свае пэўныя асаблівасці. Гэта нейкая вытанчанасць у сродках, асаблівая мелодыка, працяг традыцый класічнай і савецкай музыкі на новы лад. Калі ўзяць тыя ж напрамкі — нью-вэйв, постпанк альбо дыска, там часам можна пачуць цоеўскія матывы. Гэта тое, што не сустрэнеш дзесьці яшчэ. Многія расійскія і ўкраінскія дыджэі натхняюцца найлепшымі ўзорамі савецкай музычнай спадчыны і нестандартна іх сублімуюць, дорачы другое жыццё старым і малавядомым кампазіцыям. Можна ўзяць нашу класіку — “Песняроў”, ды што заўгодна, і так іх апрацаваць, што пад іх будуць запальваць на самых модных танцпляцах. У тым і моц і прывабнасць электроннай музыкі, што яна дорыць мільён магчымасцяў. Гэта ўніверсальная мова, дзе ты не абмежаваны нічым. Таму пачаць займацца ёю можа хто заўгодна, асабліва ўлічваючы сучасныя тэхналогіі.

Трэба шукаць сваю ідэнтычнасць. Гэта не азначае, што мы мусім у клубах граць на цымбалах альбо дудзе, каб моцна вылучацца сярод астатніх, але трэба тонка адчуваць месца, дзе жывеш, свае карані, тады абавязкова знойдзеш, як гэта ўсё ўвасобіць у сваёй творчасці, каб несці менавіта беларускі стыль у электроннай музыцы.

Да мяне часам прыязджаюць у госці мае расійскія калегі, і мне вельмі прыемна, што яны не ўспрымаюць нашу краіну як частку Расіі. Для іх гэта іншы самабытны свет, які ім так цікава спасцігаць.

Ліна Мілаш

Фота з асабістага архіва Паўла Данкова


Адзін каментар у “Yёsць! Павел Данкоў: “Прамоўтар, які не зарабляе, — гэта дрэнны прамоўтар””

  1. Ева says:

    Ссылка на героя статьи в начале текста не работает.

Дадаць каментар

*

*

Апошнія навіны

Яндекс.Метрика