This movie requires Flash Player 9
02.12.2016 | Ёсць Маладосць!

Yёsць! Зміцер Клімковіч “Што б ні адбывалася, усё добра!”

Гэты выраз, які я падгледзела ў фэйсбучным профілі Змітра, яшчэ доўга гучаў у маёй галаве пасля сустрэчы з ім, хоць і размаўлялі мы пра адну з найбольш набалелых у нашай сацыяльнай дзяржаве тэм — сацыяльную ахову. Усмешлівы і вельмі адкрыты, у свае 25 Зміцер робіць праекты, якія паляпшаюць жыццё пэўным людзям. “Бессэнсоўна скардзіцца на жыццё, — упэўнены ён. — Калі ты хочаш нешта змяніць, проста ўстань — і зрабі!”

Сацыяльнага прадпрымальніцтва як з’явы ў Беларусі наогул няма. У развітых краінах — Англіі, Германіі, не кажучы ўжо пра Амерыку — гэта вельмі жыццяздольная форма. Гэтым летам я быў на стажыроўцы ў ЗША і калі вярнуўся, вырашыў: неабходна нешта зрабіць і тут. І ўжо ў жніўні адкрылася наша невялічкая Лабараторыя друку. Там мы робім фота на дакументы, раздрукоўкі, ксеракопіі, ламінаванне, прадаем сувеніры, якія робяць людзі з абмежаванымі магчымасцямі (і такім чынам падтрымліваем іх)…

Супрацоўнікі Лабараторыі, 2 адміністратары і бухгалтар, — людзі з інваліднасцю. Таксама кошт на нашыя паслугі для гэтай катэгорыі насельніцтва значна меншы, чым звычайна. Яны пра гэта ведаюць і пачынаюць хадзіць да нас, таму што для іх гэта найтаннейшы варыянт ва ўсім Мінску. Больш за тое, наш прыбытак мы накіроўваем на іншыя сацыяльныя патрэбы: ахвяруем на дабрачыннасць, развіваем іншыя формы дзейнасці, зараз вось хочам адкрыць яшчэ адзін салон друку. Зарабіць грошы — не галоўнае ў гэтым выпадку.

 

Усё пачынаецца з настаўніка

У Расійскім дзяржаўным сацыяльным ўніверсітэце, дзе я вучыўся, у мяне была спецыяльнасць “сацыяльная праца” і цудоўная выкладчыца Святлана Мацкевіч. (Святлана Мацкевіч — загадчык кафедры сацыяльнай работы і кіравання). Там не было ідэалогіі, бо гэта быў філіял, затое было шмат магчымасцяў. У Расіі Балонскі працэс прайшоў крыху раней, і мы былі ў свабоднай траекторыі, маглі выбіраць прадметы, выкладчыкаў, практыку. Перш за ўсё Святлана Аляксееўна звольніла выкладчыкаў, якія прымушалі бессэнсоўна перапісваць падручнік у сшытак, а пачала запрашаць такіх, якія выдатна ведалі прадмет, цікава яго выкладалі. І мне пашанцавала, бо адзін год я правучыўся пры савецкіх выкладчыках, а ўсе наступныя — пры гэтых. Дагэтуль я ніколі не думаў, што буду працаваць у сацыяльнай сферы.

Яшчэ я скончыў МІТСО, дзе вывучаў права. І гэта вельмі дапамагае ў вырашэнні юрыдычных пытанняў.

Цяпер мая адукацыя працягваецца ў магістратуры па спецыяльнасці “сацыяльная псіхалогія”.

http://budzma.by/wp-content/gallery/klimkovich/001.JPG

Зміцер упэўнены, што немагчымасць зарабляць для дзейнасці НГА — вельмі вялікая перашкода. Многія крутыя праекты і ініцыятывы прыходзілі ў заняпад, як толькі на іх заканчваліся грошы ад донараў. Каб такога не было, трэба, каб было некалькі крыніц фінансавання, у тым ліку ўласны заробак. Гэта дапамагае быць больш упэўненым у заўтрашнім дні. У Амерыцы, напрыклад, гэтая праблема існавала таксама, пакуль не здарылася некалькі крызісаў. Пасля іх шэраг грамадскіх арганізацый проста знік, бо фінансавання не было. А тыя, што засталіся, адстаялі права мець магчымасць зарабіць на свае патрэбы: адкрывалі крамы, цырульні, фотасалоны…

Наш праект адукацыі сталых людзей пачаўся менавіта з курсаў камп’ютарнага пісьменства сталых людзей ва Універсітэце. Мы бясплатна вучылі бабуль, якія жылі побач. Праект быў адзінкавы, цягнуўся паўгода, але мне спадабалася.

А потым летам у Мінску адкрыўся Універсітэт трэцяга ўзросту: асацыяцыя сацыяльных працаўнікоў атрымала на гэта нямецкі грант. Я прыйшоў туды як валанцёр, выкладаў камп’ютарнае пісьменства, псіхалогію і сацыяльную работу. Потым стаў памочнікам кіраўніка праекта. І ўсё было б добра, але грошы скончыліся, і адразу паўстала пытанне: гэта ўсё? Цудоўная двухгадовая ініцыятыва вымушаная будзе закрыцца? За гэты час мы адукавалі 2 тысячы чалавек. Попыт быў неверагодны: у чарзе стаяла яшчэ тысяч 5. Тады я і мае калегі прапанавалі паспрабаваць перайсці на самаакупнасць, браць мінімальную суму і працягваць нашу дзейнасць. Бабулі былі гатовыя плаціць мінімальную суму, а мы — працаваць. Але кіраўніцтва арганізацыі адмовілася. Бо зарабляць грамадская арганізацыя не можа, а займацца стварэннем яшчэ адной структуры не было калі: у іх былі іншыя праекты.

Карацей, з таго праекта мы сышлі і адкрылі сваю дабрачынную арганізацыю “Цэнтр па аказанні сацыяльных паслуг розным катэгорыям насельніцтва”. Пачалі рабіць тое, што ўжо ўмелі, — навучаць сталых людзей. Але гэтым разам за мінімальны кошт. Так з’явіўся адукацыйны цэнтр “Перспектыва”. Цяпер там працуюць 2 чалавекі з інваліднасцю ў якасці спецыялістаў па працы з кліентамі. Яны заключаюць дамовы, адказваюць на званкі, фармуюць групы, расклад.

http://budzma.by/wp-content/gallery/klimkovich/002.JPG

Паралельна мы адкрылі яшчэ адну арганізацыю — “Цэнтр актыўнага даўгалецця”, сацыяльную дабрачынную ўстанову, якая будзе працаваць са сталымі людзьмі. Гэта вельмі актуальная тэма на сёння. Бо тры з дзевяці з паловай мільёнаў насельніцтва — сталыя людзі. І лічба толькі расце. Дый цяпер гэта не тыя бабулькі, якія калісьці сядзелі на лавачцы і лузгалі семкі. Яны актыўныя, ім патрэбнае развіццё, адукацыя, новыя знаёмствы, падарожжы… Мы бачым гэтыя патрэбы з нашых курсаў. Як толькі з’яўляецца новы мужчына, жанчынкі прыхарошвацца пачынаюць, высвятляць, хто з ім першы загаворыць. Большасць з іх з розных прычынах без мужоў, вось яны і цікавяцца. А ў Беларусі няма ніводнага клуба знаёмстваў для сталых людзей. Базавыя паслугі па іх доглядзе выконваюць на мінімальным узроўні пэўныя дзяржаўныя установы. Але ж толькі даглядаць недастаткова. Калі чалавек выходзіць на пенсію, у яго з’яўляецца шмат вольнага часу і магчымасцяў. Калі не дапамагчы іх рэалізаваць, ён пачне вельмі хутка старэць, хварэць і сыходзіць.

Ідэя ў нас глабальная. Мы марым зняць дом. Цалкам. І стварыць там прастору для людзей ва ўзросце, дзе б яны маглі збірацца па інтарэсах, знаёміцца, вучыцца, бавіць час. А яшчэ марым дамовіцца з нейкай замежнай арганізацыяй, каб рабіць ім візы і вывозіць у невялічкія падарожжы хаця б у Польшу, Літву, Латвію… Бываючы за мяжой, я бачу іхніх пенсіянераў, якія па музеях ходзяць, і разумею, што ў нашых на такое няма магчымасцяў. На жаль. І гэта крыўдна, што чалавек, які ўсё жыццё працаваў і плаціў падаткі гэтай краіне, не можа дазволіць сабе такія простыя радасці.

Вучыць іх будзем таксама. Дзеці надарылі ім сваіх старых планшэтаў. Яны прыходзяць да нас і пытаюць: “Што гэта за дошка?! Навучыце мяне на ёй працаваць!” І гэта так смешна глядзець, як яны з iPadамі змагаюцца, з Androidaмі.

http://budzma.by/wp-content/gallery/klimkovich/004.JPG

95 адсоткаў нашых кліентаў — бабулі, я нават не магу зразумець, чаму. Дзе падзеліся ўсе дзядулі — няясна. А тых, хто быў, прывялі сілай ізноў жа бабулі. Самай сталай студэнтцы было 89 гадоў. Да нас прыходзіла шмат людзей на парозе пенсіі, у якіх стаяла пытанне далейшага працаўладкавання. Мы дамовіліся з МІністэрствам адукацыі, што будзем выдаваць даведкі аб адукацыі дзяржаўнага ўзору. І гэта было вельмі крута! У нас былі выключныя кейсы. Напрыклад, завод аўтаматызавалі, а чалавек усё жыццё на ім рукамі працаваў. І яму паставілі ўмову: ці навучыцца працаваць з камп’ютарам, ці звальненне. І за 1-2 гады да пенсіі яны прыходзілі да нас, праходзілі навучанне, а потым, атрымаўшы даведку дзяржаўнага ўзору, працягвалі працу. Мы вельмі ганарыліся, што можам дапамагчы ім такім чынам.

 

Пра неабмежаваныя абмежаваныя магчымасці…

У Беларусі яшчэ адна праблема: з 9,5 мільёнаў насельніцтва 500 тысяч — людзі з інваліднасцю. Гэта велізарная лічба. З гэтых 500 тысяч працуе толькі 10 адсоткаў. У тых жа Штатах на пытанне глядзяць па-іншаму. Там стварылі цудоўнае безбар’ернае асяроддзе і не лічаць людзей з інваліднасцю нейкай асобай катэгорыяй насельніцтва. Дзяржава кажа: мы стварылі для вас асяроддзе — працуйце! Яны роўныя. Плацяць падаткі гэтак жа, як і іншыя, і крыўдзяцца, калі назваць іх “людзі з абмежаванымі магчымасцямі”. У іх рэальнасці іх магчымасці неабмежаваныя. І нават у дзярждэпартаменце сярод чыноўнікаў, якія нас прымалі, былі людзі з інваліднасцю, у вазках. У нас такіх людзей хаваюць ад вачэй як мага далей, яны сядзяць дома і, забытыя ўсімі, атрымліваюць крыўдна смешнае ўтрыманне.

 

…і неталерантнасць талерантных беларусаў

У Беларусі ёсць шэраг прадпрыемстваў, дзе выкарыстоўваюць працу людзей з інваліднасцю. Але яны ледзь дыхаюць, і заработная плата там вельмі маленькая. Чамусьці чыноўнікі лічаць, што такім людзям аўтаматычна можна плаціць менш, нібы гэта чалавек другога гатунку. Маўляў, вы ж і так атрымліваеце дапамогу. Мы імкнемся разбурыць гэты стэрэатып, каб нашы працаўнікі атрымлівалі сярэднюю заработную плату.

  Па факце ж людзі з інваліднасцю працуюць нават больш і лепш за іншых. Яны не ходзяць курыць, імкнуцца зрабіць як найлепш, прапаноўваюць аптымізацыю працэсаў. Яны з маленства прывыклі, што сістэма іх за людзей не лічыць, а таму вельмі ўдзячныя проста за тое, што ты іх бачыш і чуеш.

Апошні раз мы размаўлялі ў чыноўнікамі, і тыя нават пагадзіліся, што памыляліся наконт працаздольнасці гэтых людзей. І нават гатовыя разгледзець пытанне, каб запрасіць на працу ў штат Адміністрацыі людзей з інваліднасцю. І гэта выдатна, бо ўсе вялікія справы пачынаюцца з маленькіх крокаў.

http://budzma.by/wp-content/gallery/klimkovich/005.JPG

“Калі ты займаешся сваёй справай, грошы на яе заўсёды знойдуцца!”

 Мне падабаецца мая праца. Усе гэтыя праекты — не нафталінавая дзяржаўная сацыяльная сфера, дзе нічога не працуе, шмат нельга. Гэта тое, што сапраўды робіць жыццё многіх людзей лепшым.

Я працую як каардынатар сацыяльных праектаў, як намеснік дырэктара ў дабрачыннай арганізацыі і як заснавальнік і дырэктар у Лабараторыі друку. Каб паспяваць усюды, імкнуся адразу будаваць устойлівую сістэму, якая можа працаваць без мяне. Мы адкрылі адукацыйны цэнтр, набралі людзей, наладзілі працэсы, прапісалі інструкцыі — аддалі гэтаму паўгода жыцця, і ўсё — ён працуе. Я ўмешваюся, толькі калі ёсць праблемы і неабходна прыняць стратэгічнае рашэнне. Для вырашэння надзённых пытанняў ёсць адміністратары.

 Два гады я працаваў у камерцыйнай аўстрыйскай арганізацыі, якая займаецца платнымі дарогамі. На добрай пасадзе з выдатнай зарплатай. Але я не падзяляў іхнія каштоўнасці, місію. На пытанне “Чым займаешся?” трэба было адказваць “Платнымі дарогамі”, і мне гэта не падабалася.

З першага ж тыдня, як я туды прыйшоў, пачаў казаць “Давайце займацца карпаратыўнай сацыяльнай адказнасцю! Вы ўсе добра зарабляеце… Давайце ці скінемся, ці арганізацыя падтрымае, паедзем у дом-інтэрнат, зробім мерапрыемства для сталых людзей, дзяцей-інвалідаў… Мне адказвалі: “А навошта?”. Потым мы выйшлі на ўзровень кіраўніцтва, і яно згадзілася над гэтым паразважаць. А ў Аўстрыі іх галаўны офіс займаецца карпаратыўнай сацыяльнай адказнасцю. Гэта дапамагае скасаваць вялікую колькасць падаткаў, ну і PR, вядома ж, добры атрымліваеш. Але ў Беларусі гэта не працуе: падаткі не памяншаюцца, а яшчэ і дадатковыя пытанні кшталту “Чаму гэта вы такія добранькія?” узнікаюць. Так што, на жаль, ідэя не была рэалізаваная. Я пастаянна цягаўся на нейкія мерапрыемствы, валанцёрыў. І калі скончыўся кантракт, адтуль сышоў, хоць усе супрацоўнікі і круцілі пальцам ля скроні: “Куды ты, малады дурань, з такога добрага месца ідзеш?”. Але больш за ўсіх мяне не падтрымала мая маці. І вось гэта ўжо было вельмі крыўдна. Адбылося гэта мінулым летам, калі мы якраз адкрылі дабрачынную ўстанову і працавалі там за бясплатна. У нас былі пастаянныя канфлікты: маўляў, калі ты ўжо пойдзеш працаваць? Я тады адказаў, што працаваць проста так, на чыюсьці кішэню, не пайду ніколі. Бо гэта бессэнсоўна. Але загон быў вельмі моцны.

І яшчэ — пераасэнсаванне таго, як звычайна людзі жывуць. Большасць працуе па 8 гадзін на дзень. Гэта адна трэцяя сутак. Дык як можна тады ненавідзець сваю працу? Слухаць загады дурня-кіраўніка ці рабіць нешта бессэнсоўнае, проста таму, што ўсе робяць? І тады я вырашыў, што так жыць не буду. А буду займацца тым, што падабаецца — сацыяльнай работай. І калі я пачаў гэтым займацца, прыйшла і фінансавая падтрымка: гранты, заробак з’явіўся… Цяпер я ўпэўнены: калі ты займаешся сваёй справай, грошы на яе заўсёды знойдуцца. На сённяшні дзень я вельмі шчаслівы чалавек. У мяне не вельмі вялікі заробак, але за мінулы год я аб’ездзіў усю Еўропу ў межах стажыровак, абменаў, праграм, сустрэч нейкіх… Амаль на месяц з’ездзіў у ЗША. Я б ніколі не здолеў гэта зрабіць, калі б працягваў працаваць у камерцыйнай сферы. Якасць жыцця, эмацыйны фон, зноў жа, палепшыліся: мне не хочацца ў адпачынак, я не чакаю выхадных ці пятніцы. Мне падабаецца ісці на працу, і гэта рэдкі выпадак. Так што цяпер я ўсім раю: займайцеся любімай справай, і поспех абавязкова прыйдзе.

http://budzma.by/wp-content/gallery/klimkovich/006.JPG

“Зрабіць сэлфі і супакоіцца”

Мае сябры не вельмі цікавяцца, чым я займаюся. Вельмі здзіўляюцца, калі нешта расказваю. Многія з тых, хто са мной вучыўся, ці сябры маленства не разумець, навошта мне гэта. Маўляў, ты не інвалід, у тваёй сям’і няма нікога з інваліднасцю… Свае ідэі я ім асабліва ніяк не транслюю. Лічу, самі павінныя дайсці сваім розумам. Не спрачаюся, не перацягваю на свой бок. Калі чалавек не гатовы, гэта не будзе мець сэнсу.

На сённяшні дзень дабрачыннасць, чалавечае стаўленне да людзей з асаблівасцямі — сусветная тэндэнцыя. У нас гэта пакуль проста мода: сабраць цацкі, адвесці іх у дзіцячы дом, зрабіць сэлфі і супакоіцца. Але нават гэтая мода — добра, бо з гэтага можа нешта атрымацца. Яшчэ 5 гадоў таму пра гэта не гаварылі так многа і адкрыта. Праз гадоў 5-10, я думаю, мы наблізімся да Еўропы ў вырашэнні гэтых праблем. Змены ўжо адбываюцца.

У нас ёсць дзве цудоўныя ідэі на будучыню: салон прыгажосці, дзе будуць працаваць людзі з інваліднасцю, і кавярні для сталых людзей.

Ідэі мы падгледзелі ў Еўропе і ЗША. У Эстоніі ў такім салоне масаж рабілі сляпыя людзі, якія прайшлі навучанне па спецыяльных методыках. Тактыльнасць у іх развітая нашмат лепей, чым у людзей з добрым зрокам, і масаж атрымліваецца проста цудоўным. Гэтыя ўстановы мы не будзем пазіцыянаваць як сацыяльныя. За вельмі якасныя паслугі збіраемся браць добрыя грошы, каб нават асацыяцыі не ўзнікала, што калі тут працуюць інваліды, гэта дрэнна, а значыць, павінна быць танна. Не!

Такія вось планы.

 

Пра патрыятызм: устань і зрабі, каб было лепей

Калі пачыналі, мы ўсё рабілі за свае грошы. І ведаеце, бывала такое, што нічога не атрымлівалася. Б’ешся ілбом, а табе ніхто не ідзе насустрач. І няма аддачы. У момант адчаю, прызнаюся, былі думкі з’ехаць адсюль. Але цяпер — не. Я разумею, што калі б так усе рабілі, тут нічога б і не адбывалася. Я ганаруся, калі чую на вуліцах беларускую мову, калі дзеці размаўляюць на ёй з маленства, калі вышыванка ўваходзіць у моду. У якой бы “цяжкай” краіне мы ні жылі, радасна, што такія змены адбываюцца. Калі ў кожнай сферы, культуры, сацыяльнай сферы ці медыцыне, знойдуцца ініцыятыўныя людзі, неабыякавыя да таго месца, дзе яны жывуць, гэта ўсё паціху зменіцца. Сістэму трэба і можна змяняць знізу.

Мне цяпер 25. Я не такі патрыёт, што, нягледзячы на вынік сваіх намаганняў, будзе адданы гэтай краіне. Я вырашыў, што буду вельмі старацца, укладаць усе сілы і энергію ў праекты… да 33 гадоў. І калі ўсё складзецца, яны будуць працаваць, прыносіць радасць і прыбытак, застануся тут. Але калі нічога не атрымаецца — з’еду. З адчуваннем, што зроблена ўсё, што магчыма. Тых, хто ўвесь час скардзіцца, што ўсё дрэнна, і нічога пры гэтым не спрабуе змяніць, я звычайна пытаю: “А што ты зрабіў, каб жыць лепей? У сваім пад’ездзе, двары, горадзе?” Казаць “Ай, ўсё дрэнна” і нічога не рабіць — не працуе. Толькі ты можаш вырашыць, якім жыццём табе жыць. Устань і зрабі, каб было лепей!

 

 

Кацярына Петухова, фота Ягор Войнаў


3 Каментаў у “Yёsць! Зміцер Клімковіч “Што б ні адбывалася, усё добра!””

  1. Виктория says:

    Прекрасный проект, очень интересные и самодостаточные герои! У меня вопрос: большая часть героев реализуют себя вне системы и в интервью подчёркивают свою независимость от кого-то, многие занимаются социальными проектами, нацеленными на помощь людям с ограниченными возможностями. Вы считаете эту выборку репрезентативной для демонстрации поколения 25-летних? Где те 25-летние, которых большинство в нашей стране? Вы не смогли найти в них что-то интересное? Или я не поняла и целью проекта является демонстрация именно этих исключительных людей? Спасибо!

    • Ігар says:

      як паказвае практыка (і жыцьцё), тая “большасьць” яна ну ніяк не цікавая. дый наогул, большасьць усяго не цікавая. на тое яна і большасьць. булён.

      • Виктория says:

        Ну конечно, кому интересна “серая масса”)) меня смутило то, что в начале проекта заявлено: ” У новай рубрыцы “Ёсць Маладосць!” мы пагутарым пра гэта з самымі рознымі прадстаўнікамі маладога пакалення беларусаў”. И это не соответствует действительности, тут не разные, а одинаково исключительные персоналии.

Дадаць каментар

*

*

Апошнія навіны

Яндекс.Метрика