This movie requires Flash Player 9
09.11.2016 | Байнэт

За чым можна назіраць у Беларусі праз вэб-камеры

Анлайн-трансляцыі з вэб-камер дазваляюць не толькі назіраць за цікавымі падзеямі, але і кантраляваць дзейнасць органаў улады, наведваць лекцыі найлепшых універсітэтаў свету і нават удзельнічаць у царкоўных службах.

«Наша Ніва» склала спіс месцаў у Беларусі, за якімі можна назіраць праз вэб-камеры. А таксама тых, дзе камер пакуль няма, але было б варта ўсталяваць.

Дзе камеры ўжо ёсць

1. Памежныя пункты пропуску

Пункт пропуску «Новая Гута».

Можна праглядаць відэа з вэб-камер аўтадарожных пунктаў пропуску «Бераставіца», «Катлоўка», «Каменны Лог», «Варшаўскі мост», «Дамачава», «Макраны», «Брузгі», «Новая Гута» і «Прывалка». Калі вы не ведаеце, якім шляхам лепш ехаць, можаце зайсці на афіцыйны сайт Дзяржаўнага мытнага камітэта і пабачыць у рэжыме анлайн чаргу на мяжы.

2. Санаторыі і базы адпачынку

Санаторый «Сосны».

На прасторах Сеціва можна знайсці відэа з вэб-камер беларускіх санаторыяў і баз адпачынку.

Тут можна назіраць у рэжыме анлайн за санаторыямі «Сосны» і «Юнацтва», а тут — за базай адпачынку «Чырвонагорка» на Браслаўскіх азёрах.

3. Аўтамагістралі

Траса М1.

На сайце «Белаўтадора» знаходзяцца спасылкі на відэа з вэб-камер, усталяваных на галоўных беларускіх магістралях.

Баіцеся дарожных затораў альбо непагадзі? Пры дапамозе гэтага сэрвісу вы зможаце даведацца пра актуальны стан дарожнага пакрыцця і надвор’я.

4. Культавыя пабудовы

Вы можаце паглядзець у рэжыме анлайн на касцёл Святых апосталаў Пятра і Паўла ў Гожы альбо на Свята-Уваскрасенскі сабор у Брэсце.

А ў мінскім касцёле Святых Сымона і Алены камеры ўсталяваныя проста ўнутры, таму вы можаце назіраць за службай дома.

З дому можна сачыць за службай у Чырвоным касцёле.

5. Вуліцы гарадоў

Лідар па колькасці вэб-камер на вуліцах — Брэст. На гэтым сайце можна сачыць за тым, што адбываецца ў горадзе, з больш чым 20 камер.

Вуліца Савецкая ў Брэсце.

У іншых буйных гарадах Беларусі выбар анлайн-трансляцый куды меншы.

Вэб-камеры ёсць у МагілёвеБабруйскуВіцебску, Гродне.

У сталіцы Беларусі вэб-камер, якія паказвалі б жыццё вуліц, фактычна няма.

Раней на сайце Мінгарвыканкама можна было знайсці анлайн-трансляцыю камеры з будынка адміністрацыі Заводскага раёна, але ўжо некалькі гадоў гэтая камера не працуе. Не працуюць цяпер і камеры, якія былі ўсталяваныя на будынку Мінгарвыканкама і каля Нацыянальнай бібліятэкі.

Ёсць некалькі камер у гандлёвых цэнтрах і на паркоўках, відэа з якіх можна праглядаць у Сеціве, але наўрад ці яны могуць быць цікавымі, напрыклад, для замежных турыстаў.

6. Дзяржаўныя ўстановы

Адсочваць чэргі ў Мінскім гарадскім агенцтве па дзяржаўнай рэгістрацыі і зямельным кадастры можна анлайн.

Выбар тут таксама невялікі. Мы знайшлі толькі адну дзяржаўную ўстанову — Мінскае гарадское агенцтва па дзяржаўнай рэгістрацыі і зямельным кадастры.

Дзе вэб-камер няма, але было б варта ўсталяваць

Акрамя малой колькасці вэб-камер на вуліцах беларускіх гарадоў, відэа з якіх можа глядзець любы ахвотны, звяртае на сябе ўвагу тое, што беларускія дзяржаўныя органы ўлады (акрамя Мінскага гарадскога агенцтва па дзяржаўнай рэгістрацыі і зямельным кадастры) не спяшаюцца выкарыстоўваць камеры для дэманстрацыі празрыстасці сваёй дзейнасці.

У свеце вэб-камеры актыўна выкарыстоўваюцца для трансляцый судовых пасяджэнняў. Напрыклад, праз інтэрнэт можна праглядаць анлайн-трансляцыі з Вярхоўнага суда Канады. На гэтым сайце ёсць і архіў з запісамі пасяджэнняў ад 2009 года.

Працуе падобны раздзел і на сайце Вярхоўнага суда Беларусі, але ў архіве мы знайшлі толькі пяць трансляцый.

Актыўна выкарыстоўваюцца ў свеце вэб-камеры і для дэманстрацыі работы выбарчых камісій падчас выбараў. Напрыклад, на апошніх парламенцкіх выбарах у Маскве вэб-камеры былі ўсталяваныя на 3431 выбарчым участку з 3605.

Максім Маханькоў, Наша Ніва


Дадаць каментар

*

*

Апошнія навіны

Яндекс.Метрика