20.04.2017 | Гісторыя

Закінуты маёнтак Алешаў на Палесьсі разбураецца ў чаканьні рэстаўрацыі

Пустыя выбітыя вокны, разабраная драўляная падлога, абваленая ў некаторых месцах столь. Так сёньня выглядае сядзіба роду Алешаў у вёсцы Нова-Беражное ў Столінскім раёне.

Нягледзячы на запусьценьне, будынак 1890 году захаваўся параўнальна добра. Але час і вандалы прысьпешваюць яго зьнішчэньне.

Славуты род

Алешы — шляхецкі род герба «Брохвіч». Паходзяць ад валынскага баярына Аляксандра, званага Алешам ці Алешкам. Пятро Пятровіч Алеша атрымаў ад князя Фёдара Іванавіча Яраславіча ў 1508 годзе маёнтак Беражное на Палесьсі. У 1524 годзе каралева Бона пацьвердзіла правы Пятра Пятровіча Алешы на Беражное, Гарадок і Паркані.

Сядзіба ў Нова-Беражным

Сядзіба ў Нова-Беражным

Галоўны маёнтак Алешаў знаходзіўся ў вёсцы Беражное, што паміж Столінам і Давыд-Гарадком. 13 пакаленьняў гэтага роду былі тут гаспадарамі.

Апошнюю сядзібу пабудаваў Канстанцін Алеша, які ажаніўся з Камілай Ордай.

Сядзіба ў Нова-Беражное

Сядзіба ў Нова-Беражное

Канстанцін быў навукоўцам, атрымаў адукацыю ў Нямеччыне, стварыў у Беражным абсэрваторыю і сумяшчаў навуковую працу зь сельскай гаспадаркай. Быў карэспандэнтам адначасова некалькіх навуковых цэнтраў. Ягоны сын, таксама Канстанцін, стаў апошнім уладальнікам радавога маёнтку. У 1941 годзе выехаў у Польшчу.

Канстанцін Алеша, апошні гаспадар сядзібы ў Нова-Беражным

Канстанцін Алеша, апошні гаспадар сядзібы ў Нова-Беражным

Без гаспадара і бяз догляду

З таго часу ўсё, што было створана старажытным родам, было разрабавана і зьнішчана. На месцы былога парку засталося каля дзясятка дрэў. А на месцы разбуранага радавога дома была пабудаваная кантора мясцовага калгасу. Адзіным напамінам пра гістарычнае мінулае засталася сядзіба ў Нова-Беражным, суседняй маленечкай вёсцы.

Побач зь сядзібаю — тэрыторыя віннага заводу і ўсяго толькі некалькі дамоў, дзе жывуць мясцовыя жыхары. Але за сядзібай Алешаў ніхто ня сочыць. У мясцовым музэі калгасу кажуць, што гэта вельмі кепска, бо апошнім часам сядзіба стала аб’ектам для вандалаў.

Прыйшлі чорныя капальнікі

Некалі, у 80-я гады мінулага стагодзьдзя, каля будынка былі знойдзеныя срэбраныя сталовыя прыборы. Чамусьці цяпер пра гэта прыгадалі, таму так званыя «чорныя капальнікі» часта наведваюцца на сядзібу і прастукваюць сьцены будынка, спадзеючыся знайсьці нешта каштоўнае. Пры гэтым часта ломяць сьцены, разьбіваюць цэглу.

Рэканструяваць будынак ніхто не бярэцца. Намесьнік старшыні Столінскага райвынканкаму Сяргей Сідарэвіч казаў, што ў бюджэце няма сродкаў на тое, каб адрамантаваць будынак. Адзінае, што мясцовыя ўлады сёньня могуць зрабіць для гістарычнай сядзібы — закансэрваваць яе. Дзеля гэтага, магчыма, будзе ўведзенае абмежаваньне доступу да будынка.

Стара-Беражное — палацава-паркавы ансамбаль застаўся толькі на фота

Стара-Беражное — палацава-паркавы ансамбаль застаўся толькі на фота

Жыхар вёскі Нова-Беражное Аляксандар расказаў, што некалькі гадоў таму нашчадкі старажытнага роду Алешаў, якія цяпер жывуць у Польшчы, нібыта выдзелілі досыць вялікую суму грошай на рэканструкцыю сядзібы. Паводле вяскоўца, гэтых сродкаў хапіла толькі на тое, каб перакрыць дах. Насамрэч, патлумачылі карэспандэнту Свабоды ў Столінскім райвыканкаме, ахвяраваньне было з боку кампаніі «Савушкин продукт». Гэтае прадпрыемства мае філіял у Століне і за свой кошт правяло рамонт даху на будынку.

Сядзібу ратуюць мясцовыя жыхары і валянтэры

У адным словы чыноўнікаў і мясцовых жыхароў сходзяцца: без гаспадара і рамонту сядзіба разбураецца. Жыхарка вёскі Сьвятлана кажа, што некалі нават зьвярталася да ахоўнікаў зь віннага заводу, каб яны пільнавалі часам і тэрыторыю старой сядзібы. Але тыя адмовіліся і не пажадалі ўзяць на сябе гэтую адказнасьць. Хоць летась менавіта рабочыя віннага заводу выратавалі будынак ад поўнага зьнішчэньня, калі там пачаўся пажар.

Ахоўнік зь вінзаводу распавёў, што апошнім часам цікавасьць да сядзібы павялічылася. Мінулай восеньню прыяжджалі валянтэры, якія павыносілі сьмецьце з будынка, навялі парадак на тэрыторыі.

Праблемы ня толькі з самым будынкам, але таксама і з паркам, які вакол сядзібы. Тут былыя ўладальнікі пасадзілі 50 розных, у тым ліку і ўнікальных для Беларусі, відаў дрэў. Усё гэта таксама патрабуе догляду, але, паводле мясцовай жыхаркі Сьвятланы, за парк павінна адказваць ахова прыроды Століна, але ці прыяжджалі яны на месца, жанчына ні разу ня бачыла.

Плян маёнтку роду Алешаў

Плян маёнтку роду Алешаў

Радыё Свабода


Дадаць каментар

*

*

Апошнія навіны

Яндекс.Метрика