У Ваўкавыску скончыліся раскопкі раннехрысціянскага могільніку XIII—XV стст.
Двухтыднёвыя раскопкі на поўдні Гарадзеншчыны выявілі пахаванні часоў Вялікага Княства: шкілеты ў суправаджэнні няхітрага скарбу — керамікі, скроневых кольцаў, фібулаў ды крэсіваў.
“Сам могільнік быў выяўлены кур’ёзным чынам, — расказвае кіраўнік раскопак, археолаг Генадзь Семянчук, які паходзіць з Ваўкавыска, — дзесьці ў 2005 годзе я заўважыў тут ямы і вырашыў, што гэта чорныя археолагі. Пацікаваў пару дзён, але ніхто не прыйшоў. Пасля толькі выявілася, што гэта справы пошукавага батальёна…”
Батальён папрацаваў “плённа”: 56 сярэднявечных шкілетаў былі пахаваныя ва ўрочышчы Парахаўня як невядомыя жаўнеры Другой сусветнай, нягледзячы на тое, што Шведская і Замкавая горы ў Ваўкавыску з’яўляюцца археалагічнымі помнікамі і ахоўваюцца дзяржавай. Вось такое “рэха вайны”.
Сёлетнія раскопкі ажыццяўляюцца сумеснымі высілкамі Гарадзенскага ўніверсітэта і гісторыка-археалагічнага музея з горада над Нёманам. Студэнты-першакурснікі такім чынам праходзяць археалагічную практыку ў суправаджэнні старэйшых “спяцоў”. Наогул, на Гарадзеншчыне гэтым летам раскопкі таксама праводзяцца на гарадзішчы Беразавец, што на Карэліччыне, і ў Любчанскім замку.
Наперадзе апрацоўка здабытага ў Ваўкавыску матэрыялу. Са словаў Генадзя Семенчука, Польская акадэмія навук, імаверна, дапаможа з аналізам ДНК шкілетаў. Такім чынам можна будзе выявіць крэўныя сувязі — братоў, сёстраў, бацькоў і дзяцей. А ўвосень у супрацы з антраполагамі з Полацкага ўніверсітэта можна будзе зрабіць высновы пра ўзрост, пол, хваробы і выгляд пахаваных тут людзей.
Алесь Кіркевіч, фота аўтара