Шаноўныя сябры,
17 лістапада будзе дакладна 20 гадоў ад моманту, калі з гвалтоўнага разгону студэнцкай дэманстрацыі ў Празе пачалася аксамітная рэвалюцыя і падзеньне камунізму ў тагачаснай Чэхаславаччыне.
З гэтай нагоды мы запрашаем у Прагу 2 беларускіх журналістаў, якія б на працягу пяці дзён (каля 13 – 18 лістапада) падрыхтавалі рэпартажы, апытаньні, інтэрвію, фотаздымкі, матэрыялы пра тое, як у Празе праходзіць сьвяткаваньне і як ацэньваюцца тыя дваццаць гадоў, што прайшлі ад істотных палітычных зьменаў. Мы парэкамэндуем Вам канцэрты, грамадзкія сустрэчы, дыскусіі і выставы, зьвязаныя з гэтай датай, паспрабуем зарганізаваць інтэрвію са сьведкамі і ўдзельнікамі зьменаў 1989 году і пазьнейшых гадощ, зь гісторыкамі, журналістамі, цяперашнімі студэнтамі, актывістамі і г.д. Мы кампэнсуем Вам выдаткі на дарогу і пражываньне і дапаможам у афармленьні візаў. (Умовай для кампэнсацыі ўсіх выдаткаў зьяўляецца публікацыя матэрыялаў.) Мы таксама забясьпечым пераклад (веданьне ангельскай мовы вітаецца, але не зьяўляецца ўмовай).
Удзельнікі будуць абраныя на аснове матывацыйнага ліста і прадстаўленых узораў працаў. Таму дашліце нам, калі ласка, не пазьней за 18 кастрычніка матывацыйны ліст максымальным памерам адна старонка А4, якія тыпы рэпартажаў ці інтэрвію Вы б хацелі зрабіць у Чэскай Рэспубліцы (яны могуць тычыцца і актуальных пытаньняў (Лісабонская дамова), і гісторыі), зь якімі людзьмі Вы б хацелі сустрэцца, колькі артыкулаў Вы зможаце апублікаваць у сваёй газэце (колькі рэпартажаў на радыёстанцыі). Абавязкова назавіце СМІ, у якім Вы працуеце і ў якім будуць апублікаваныя матэрыялы. Далучыце ўзоры сваіх працаў (артыкулы online і да т.п.)
Матывацыйныя лісты і ўзоры сваіх працаў дасылайце на адрас: [email protected]. На гэты ж адрас зьвяртайцеся ў выпадку ўзьнікненьня пытаньняў.