Чытаць бы пяску ў рот набраўшы кан’юнктурныя і штучныя тэксты – гэта не пра яго. Герой менскага рэп-андэграўнду выдаў свой першы беларускамоўны альбом.
Зэман – асоба на беларускай рэп-сцэне значная. Ён адзін з тых, хто стаяў ля вытокаў суполкі M.U.Skool, якая аб’яднала самых таленавітых мясцовых рэпераў сярэдзіны нулявых, пакаленьне народжаных пры канцы 80-х. Адтуль выйшлі, напрыклад, PANaNieba, Вожык, ЛСП, Макс Корж. Ён адзін з галасоў праекту Imperator, які прашумеў зь песьняй “Уздымайце запальніцы” ды часова ўліўся ў самую адважную беларускую рэп-фармацыю “Чырвоным па белым”. Зэман мае ў даробку пяць альбомаў, але “Коска” – яго першы беларускамоўны рэліз, як бы гэта дзіўна ні гучала.
Выканаўца пазыцыянуе сябе як прыхільніка олд-скулу. Ён адданы таму самаму “барадатаму рэпу”, непаказушнаму ды шчыраму, якому прысьвечаны ўступны трэк “Неўміручы-легендарны”, дзе па ходзе даецца лёгкі адлуп і Вінсэнту (калі, канечне, сапраўды да яго адносіцца радок “Я быў тут на зямлі, пакуль ты быў “Вышэй за неба”), і колішняму паплечніку Каржу (гэта ўжо дакладна: “Мой сябра назьбірае Менск-Арэну ўжо ня з тым”). Рэліз задумваўся як візытоўка беларускага рэпу і ствараўся фактычна талакою: у запісе ўзяла ўдзел каманда з 15 чалавек. Са Сьведакам, колішнім удзельнікам PANaNieba, Зэман выконвае самы лёгкі і гітовы трэк дыску – “Вольга”. Раз-пораз далучаецца Вожык, які запамінаецца радком “Мне Сянно – як туркмену Туркменістан”. Зрэшты, кожны ўдзельнік дадае ў працу сваю разынку: іранічнасьці – украінскія рэперы Ганич і Дрьоміч, што чытаюць у трэку “Героі не старэюць”. Ваяўнічасьці – Kontra ў трэку “Бясконцая гісторыя”. Лірычнасьці – Наталіка ў трэку “Цень”…
Голас Зэмана гучыць упэўнена і пераканаўча – рэдкасьць у беларускамоўным рэпе (чытаць бы пяску ў рот набраўшы – хвароба белрэпу №1). Як і досыць жывая праўдзівая мова, хоць і хочацца пажадаць выканаўцу надалей папаўняць слоўнікавы запас. Сапраўды можна паверыць, што так размаўляюць у менскім рэп-андэграўндзе, а ня проста прадукуюць штучныя тэксты з мэтаю вылучыцца на агульным расейскамоўным тле (кан’юнктурныя і прыцягнутыя за вушы тэкстоўкі на мове – хвароба белрэпу №2). Аранжавана і запісана ўсё такім чынам, што слухаецца рэліз ня зь лёгкім пачуцьцём сарамлівасьці і няёмкасьці, а з прыемнасьцю, а недзе нават з гонарам (нізкі тэхнічны ўзровень – хвароба белрэпу №3). Прагінаецца альбом ў тым месцы, дзе прысутнічае трэк “Падае дождж”, заяўлены як кавэр “Крамы” – галоўная няўдача альбому. Застаецца адчуваньне неахайнай яго склейкі і агульнай дысгармоніі. Да ўсяго, паскораны голас Варашкевіча ў рэфрэне выглядае трохі камічна.
Альбом мог бы быць больш ёмкім і кампактным і толькі выйграў бы ад гэтага ва ўспрыманьні, бо матэрыялу ўвапхнулі ў рэліз зашмат. Зь іншага боку, добрага і на сумленьне зробленага рэпу шмат не бывае. Круты рэліз.
Альбом можна спампаваць у афіцыйнай суполцы выканаўцы.
Ідэя: 9
Выкананьне: 9
Тэксты: 9
Запіс: 9
Аздабленьне: 9
Сяргей Будкін