13.02.2017 | "Культурызм" з Віктарам Марціновічам

Жаданы. Некалькі высноў з сітуацыі з адменай дэпартацыі

1. Гэта першы на маёй памяці выпадак, калі сістэма мусіла тэрмінова выправіць памылку, нанесеную яе іміджу сілавікамі. І мне вельмі сімпатычнае ўзрушэнне і гонар, якімі зіхаціцца інтэлектуальная частка беларускага Фэйсбуку, але сістэма зрабіла гэта не таму, «што грамадскасць пачала збор подпісаў пад петыцыяй». Не, грамадскасць, яе меркаванне і яе петыцыі, як і дагэтуль, кураць убаку. Дэкрэт па дармаедах дзейнічае, вы думаеце, яны б выпускалі Жадана? Карані адмены трэба шукаць на палітычных бэкстэйджах, а таксама ў тэрміновым з’яўленні медыйнай рэакцыі. Скажыце дзякуй тым, хто арганізаваў дурную справу «Мілкавіты», — удзячны Associated Press будзе вельмі пільна сачыць за падзеямі ў нашай краіне. Акрамя інфармацыйнага выбуху, якога сістэма не чакала, бо ні халеры не разумее ў сістэме аўтарытэтаў еўрапейскай культуры, адыгралі ролю прынцыповая пазіцыя ўкраінскага МЗС і той факт, што Парашэнка цяпер з’яўляецца асноўным хадатайнікам за Беларусь у сусветных сталіцах. Ягоны інтарэс — забеспячэнне поўнага, у тым ліку ваеннага, суверэнітэту Беларусі, каб хаця б паўночны напрамак быў застрахаваны ад вайны.

2. Падрабязнасці гэтай гісторыі — пра тое, што Жадана ўначы затрымлівала міліцыя ды КДБ, а ўдзень «вызваляў» чамусьці МЗС, — хаця менавіта супрацоўнікам дэпартамента міграцыі МУС варта было б вяртаць пашпарт пакрыўджанаму паэту, нагадваюць пра канфлікты груповак буйных магнатаў у старажытнай Вільні. І калі 300 гадоў таму хлопцы дзялілі горад, дык цяпер яны быццам адгарадзілі плотам цёмныя і светлыя якасці Беларусі. Сістэма працуе так. За Беларусь гасцінную, без віз, з блакітнымі азёрамі, сонейкам, карагодамі і бусламі, вышыванкай, Navi, інвестыцыйным кліматам ды баламі ў Нясвіжы, адказвае МЗС. За Беларусь непрадказальную, начную, суворую, у якой да цябе ў гатэль могуць прыйсці правяраць прыналежнасць да тэрарыстычных спісаў Расіі, — МУС і КДБ. І, калі хлапцам няма як дамовіцца, ёсць яшчэ кароль — ён вырашае. Але ён вельмі заняты. Я б тут пусціўся ў тлумачэнні, чаму такая схема арганізацыі публічнай палітыкі не пасуе да еўрапейскай дзяржавы ў ХХІ стагоддзі. Але вопыт прыгадвае настолькі шматлікія іншыя выпадкі, калі з замежнікамі размаўляў «калектыўны палітычны суб’ект Беларусі», што я разумею: пераход ад сярэднявечча да феадалізму — гэта нашая дадзенасць, нашая паўсядзённасць.

3. Пры МЗС варта было б стварыць спецатрад «Людзей М», якія гойсаюць на бэтмабілях па СІЗА, судах і пастарунках ды тэрмінова вызваляюць тых гасцей нашай круглавокай краіны, якія не падлягаюць юрысдыкцыі ночы і належаць выключна да сілаў дня.

4. Першапачатковым бенефіцыярам ад сітуацыі з Жаданом быў Пуцін, пасля адмены рашэння пра дэпартацыю ім стаў Парашэнка. Але я не веру і ў версію заолагаў-экспертаў-па-паводзінах-беларускай-сістэмы, якія сцвярджаюць, што рашэнне было перагледжанае таму, што «Пуцін не ацаніў». На тое, каб хоць якая ацэнка стала бачнай, спатрэбілася б пачакаць хаця б тыдзень. Тэрміновая адмена дэпартацыі была прынятая ў спадзеве на Еўропу, а не праз адсутнасць фідбэку ад Расіі.

5. Іншыя, значна больш гучныя эпізоды, напрыклад, са стралянінай на Новы год (куды, дарэчы, падзеліся родныя? што з ахвярай?) ці з неверагодным тэрмінам за дрыфт на плошчы, таксама могуць быць разруленыя ў гуманістычным рэчышчы. Але для гэтага патрэбна: 1) увесці гэтыя кейсы ў еўрапейскі інфармацыйны парадак дня (і гэтаму вельмі спрыяюць кейсы, роўныя «Мілкавіце»); 2) каб з’явілася палітычная сіла, голас якой чуюць у МЗС і якая была б зацікаўленая ў залагоджванні беларускай індустрыі вытворчасці прысудаў.

6. Сітуацыя, калі выбітны еўрапейскі паэт і празаік патрапляе ў рускія спісы асобаў, «датычных да тэрарыстычнай дзейнасці», у першую чаргу характарызуе існы стан інтэлектуальных і культурных спраў у Расіі. Але нашая, беларуская, адказнасць — у тым, што мы адначасова вядзем інтэнсіўнае збліжэнне з элітамі аднаго ваюючага боку, але пры гэтым не скасавалі адказнасць за дамовы з іншым бокам. Нават больш трывалая сістэма абавязкова дала б памылку пры такіх супярэчлівых зыходных. Каго наступным будзем арыштоўваць уночы? Гройсмана? Парашэнку? Палтарака?

7. Тактыка карысная ў вайне, а не ў дзяржаўным кіраванні. У глабальных пытаннях, такіх, як адносіны з суседзямі, патрэбная стратэгія. Бо інакш кароткачасовыя перамогі ў дробных баях будуць задушаныя сістэмнымі збоямі канфліктуючых выканаўцаў. Тое, што дзяржаўная служба мусіць быць заснаваная на пісаных інструкцыях ды жорсткай іерархіі, сцвярджаў яшчэ Вэбер. «Пацаны» з груповак магнатаў, фаварыты (якія ўвесь час змяняюцца, таму самі не ведаюць, што ім можна, што — не), абавязкова набздураць.

8. Лютаванне ды сілавы перагін, якім сістэма лекуе сацыяльныя праблемы ўнутры грамадства, вырашае пытанні з інвестарамі, прыцягвае грошы ў эканоміку ды г.д., не працуе з самай тонкай сацыяльнай матэрыяй, культурай. Чым больш забаранялі Міхалка, тым грамчэй гучаў ягоны голас з таксі і ў кавярнях. Ігнор Алексіевіч прывёў да Нобелеўскай прэміі. Адна ноч у СІЗА прынясе Жадану россып еўрапейскіх прэмій (што добра, бо ён іх варты). Спадары з цёмнага боку! Хочаце парады? Калі ваша мэта —прыбраць паэта, музыку, літаратара, кінарэжысёра, ніколі не насылайце на яго міліцыю! Проста ніколі! «Логас» ды «кайданкі» — дзве з’явы, якія з часоў Хрыста, з часоў Сервантэса ды Скарыны, уступаюць ў кібернетычнае па складанасці ўзаемадзеянне. Што заўсёды прыводзіць да гераізацыі ахвяры. Дык вось, найкарацейшы шлях прыдушыць культурнага героя — яго легалізаваць. Хай ягоныя вершы гучаць з усіх падручнікаў! Хай ягоныя песні клічуць на стадыёны! Хай ягоны твар задзяўбе ўсіх па ТБ! Нават калі Хрыстос не захоча перакваліфікавацца ў Пілаты, павага ды фолаў-ап будуць згубленыя назаўсёды.

І калі вы хацелі гэтым крокам свядома засяродзіць увагу чытачоў усяго свету на творчасці Жадана: дзякуй вам, паважаныя літаратуралюбы ў цывільным! Жадан — выдатны паэт!

 

Віктар Марціновіч, budzma.by


Адзін каментар у “Жаданы. Некалькі высноў з сітуацыі з адменай дэпартацыі”

  1. Renessaince says:

    Кейсы — гэта такія чумайданы.

Дадаць каментар

*

*

Апошнія навіны

Яндекс.Метрика