Нават пасля таго, як удзельніку ад Беларусі — украінскаму спеваку Alekseev — арганізатары сказалі good luck (што паводле яго перакладаецца на беларускую як “прывітанне!”), мы працягваем слухаць і аналізаваць песні Еўрабачання, каб вам не давялося слухаць іх самастойна.
Нарвегія. Аляксандр Рыбак. That’s How You Write a Song
Самы беларускі ў свеце жыхар Нарвегіі Аляксандр Рыбак ужо калісьці перамагаў на Еўрабачанні, але, відаць, захацелася яшчэ (ці ў Нарвегіі скончыліся фарматныя спевакі, што наўрад ці). Песня мае фанкавыя матывы і ўвогуле ўяўляе з сябе мяшанку з іншых жанраў, падагнаных пад “фармат”. Тым не менш з песняй больш-менш парадак, таму давайце хорам пажадаем Аляксандру: “Прывітанне!”.
Румынія. The Humans. Goodbye
Бадзёры пачатак ад Рыбака трохі нават настроіў нас на тое, што далей на Еўрабачанні будзе ўсё па-іншаму, але не: румынскі гурт “Людзі” вырашыў нам нагадаць, што дзесяць гадоў таму былі “нулявыя” і там музыка была такая самая. Ад песні такое адчуванне, што мы яе ўжо тысячу разоў чулі, але гэта не найгоршае перажыванне ў нашым жыцці (атрыманае ад Еўрабачання).
Сербія. Саня Іліч і Балканіка. Nova deca
Сербская этніка на нацыянальнай мове. Не ўпершыню сербы дасылаюць на Еўрабачанне трохі адфарматаваны фолк. І правільна робяць, дарэчы. Толькі шкада, што шанцаў на перамогу тут няшмат. Прынамсі, рэстаранныя музыкі прасілі перадаць: не трэба, бо нам гэта пасля спяваць.
Сан-Марына. Джэсіка і Джэніфер Брэнінг. Who We Are
Прадстаўніцы Сан-Марына прыехалі на конкурс з песняй “Кім мы ёсць”. Спачатку разбяромся, кім яны не ёсць. Гэта не дзве сястры з прозвішчам Брэнінг, а абсалютна розныя людзі — адна з Мальты, другая з Нямеччыны. На гэтым цікавосткі песні, па шчырасці, заканчваюцца. Бо сама песня — настолькі фарматны попс, што нібыта паслухаў усе Еўрабачанні адначасова.
Данія. Расмусэн. Higher Ground
Спявак, у якога ёсць толькі прозвішча, Расмусэн, выглядае так, быццам зараз прымусіць усё Еўрабачанне выкідваць “металічную” казу і слэміцца. Але не хвалюйцеся, не прымусіць. Бо праспявае гераічную калярокавую баладу. А мы па традыцыі прапануем вам класную песню з такой самай назвай. Вось гэтую.
Расія. Юлія Самойлава. I Won’t Break
Пра леташні скандал з Самойлавай і пра тое, ці варта ездзіць у Крым з канцэртамі, вы ўсе чыталі, таму лішні раз нагадваць не будзем. Што маем у выніку ў музычным плане — баладу раяль і інфармацыю пра тое, што Самойлава “не зломіцца”. Ізноў жа, песня нагадвае адразу ўвесь еўрапейскі поп разам узяты. Калі гэта тое, без чаго мы засталіся мінулым разам, то і трэба было так скандаліць?
Малдова. DoReDoS. My Lucky Day
Трыа з Малдовы, якое, мяркуючы па назве, мае вялікую любоў да кнопкі Shift, прывезла балканскі дэнс. Не ўпершыню. Для аматараў балканскай музыкі (а такіх шмат на тэрыторыі былога СССР) — вельмі нават някепска, для астатніх — звычайны поп. Але калі вы маеце схільнасць да “гоп-гоп-гоп пад дудкі”, то паспрабуйце паслухаць. Адным словам: у! а! казачок! з еўрапейскім каларытам.
Нідэрланды. Уэйлан. Outlaw in Em
Спявак Уэйлан з Нідэрландаў сваім імем нагадвае нам пра Уэйлана Джэнінгза, вялікага амерыканскага выканаўцу кантры з асацыяльным ухілам. Магчыма, таму Уэйлан прывёз на Еўрабачанне кантры-блюз з асацыяльным ухілам. Атрымалася сімпатычна — ну і слайд-гітару на сцэне Еўрабачання мы бачым не кожны дзень. Але шанцаў мала. І з такімі песнямі не на Еўрабачанне ездзяць, містэр Уэйлан. Паспрабуйце прыстойны кантры-фэст.
Аўстралія. Джэсіка Маўбой. We Got Love
Аўстралія паспрабавала паўдзельнічаць у Еўрабачанні пару гадоў таму, з таго часу яе не спыніць, не стрымаць. Шмат гадоў назіраючы, у што яны збіраюцца “ўпісвацца”, аўстралійцы ўзялі раяль, прыгожую дзяўчыну, прадказальныя рытмы і стварылі песню для Еўрабачання з трохі больш запамінальным, чым у іншых, прыпевам.
Грузія. Iriao. For You
У назве грузінскага гурта прысутнічае словазлучэнне “этна-джаз”, і этна тут сапраўды ёсць, менавіта такое, як вы ўявілі, калі пачулі спалучэнне словаў “этна” і “Грузія”. Песня прыгожая, без характэрных еўрабачанскіх фішак, таму шанцаў мала. А паслухаць варта. І ўвага: пад яе хочацца прамаўляць тост, а не пераключыцца на іншую радыёхвалю, а гэта ўжо добра.
Польшча. Gromee & Лукас Маер. Light me Up
You know that it will be untrue
You know that I would be a liar…
Ой, прабачце, не тая песня. А шкада. Бо тут лавіць асабліва няма чаго, а электронныя штучкі ў пройгрышах дык увогуле збеглі з сакрэтнай рэзервацыі, дзе захоўваліся апошнія 15 гадоў, а тут раптоўна іх выпусцілі на волю.
Мальта. Крыстабель. Taboo
Часам падаецца, што ў рэзервацыі, дзе апошнія пятнаццаць гадоў захоўваліся электронныя брэйкі польскіх выступоўцаў, жыве яшчэ і кампазітар. Раз на год яму кажуць: вам, спадар кампазітар, трэба тэрмінова напісаць сорак песняў для Еўрабачання. “Ды ў мяне загатоўкі яшчэ з 1996-га засталіся, — адказвае кампазітар, — браць будзеце?” — “Добра, — адказваюць арганізатары Еўрабачання, — мы тады хуценька да генератара тэкстаў пра каханне і мір ва ўсім свеце, увечары зробім”.
Менавіта такое адчуванне пакінула песня ад прадстаўніцы Мальты. І не толькі ад яе.
Венгрыя. AWS. Viszlát nyár
Венгерскі рок на венгерскай мове, не самае кепскае спалучэнне, асабліва для Еўрабачання. Пакуль не пачынаецца запеў, дзе ўсе гітары раптоўна робяцца цішэйшымі і такімі м-і-і-і-ілымі, пасля прыпеў, у якім мы ізноў рокеры, а пасля мы ізноў м-і-і-і-лыя ў наступным куплеце. Плюс нечаканая “цяжкасць” пад канец (не хвалюйцеся, цяжкасць не напалохае нават фанатаў конкурсу) Калі можна так сказаць, рок-балада. Але за мову і спробу рэспект.
Латвія. Лаўра Рызота. Funny Girl
Латышская спявачка бразільскага паходжання спалучыла ў сваім імені два нацыянальныя здабыткі Італіі — музу вялікага Петраркі і знакамітую страву з рысу. І прывезла на конкурс тыповую еўрабаладу, ну, мо крыху лепшую, чым у паловы прадстаўнікоў конкурсу. Зараз мусіць ісці жарт пра тое, што Рызота мы любім, толькі трохі іншае, але мы не будзем. Хаця чакайце хвілінку… ой!
Швецыя. Бенджамін Інгроса. Dance You off
Швецыя любіць удзельнічаць у Еўрабачанні і перамагаць у ім жа. Таму шведы прытрымліваюцца адной і той поп-канцэпцыі з невялікімі варыянтамі і папраўкай на вецер. Калі вы шчыры, адданы фанат Еўрабачання, то вы а) наўрад ці дачыталі ажно дасюль; б) упадабаеце гэтую песню.
Чарнагорыя. Ваня Радаванавіч. Inje
Калі-небудзь злы чалавек без пачуцця прыўкраснага забароніць выкарыстоўваць раяль у якасці ўступнага інструмента для еўрабачанскіх балад. І, напрыклад, дазволіць спяваць толькі на нацыянальнай мове. Тады сёлетні канкурсант ад Чарнагорыі трапіць у няёмкае становішча: з аднаго боку, умовы выкананыя, але раяль. Без яго нельга. А, ну і песню пра “іней” мы таксама ведаем, як і вы, але ставіць вам яе не будзем.
Славенія. Леа Сірк. Hvala, nie!
Назва песні перакладаецца, як “Дзякуй, не”. Мы абсалютна згодныя з гэтай хай самакрытычнай, але вельмі шчырай самаацэнкай.
Украіна. Melovin. Under the Ladder
Украінцы любяць здзівіць нас чымсьці гэткім: то Сярдзючка пра “Рашу гудбай” праспявае, то Джамала пераможа з песняй пра крымскіх татараў. Але сёлета вырашылі не здзіўляць — у выніку звычайная еўрапесня без асаблівых прыкметаў. Здаецца, мы яе ўжо чулі. Прычым сёння. Прычым пару разоў.
Мікалай Левертаў