Яна піша аповесць для таго, каб ён натхніўся, “злавіў” новы кадр — і на плёнцы адбілася нешта важнае. У глыбіні ягоных ценяў і фотагеаметрыі яна патоне, уваскрэсне і сыграе сваю ролю на сцэне так, як ніколі дагэтуль. Ён, узрушаны такой шчырасцю, напіша песню. Яна, пачуўшы ягоную экспрэсію, “вылье” ноты ў пост на Facebook. Усё ўзаемазвязана. І нават больш. І ўвогуле — куды мы адзін без аднаго. “Інь”- і “ян”-версіі кахання ў Дзень Валянціна спецыяльна для Budzma.org.
Вольга Гапеева, пісьменніца:
Для мяне гэтае свята — парадокс. Адным і так добра, а другім і так кепска. Калі я знаходзілася ў рамантычных стасунках, гэтае свята не адзначалася, неяк не было патрэбы: чалавек быў і быў, і можна было хоць кожны дзень казаць яму, што кахаеш (я, праўда, такога не раблю, але гэта ўжо другаснае пытанне). Так што для закаханых гэта нейкі перабор, плеаназм ці цукар з мёдам.
Калісьці я напісала, што каханне — гэта месца, магчыма, шафа, якую адчыняеш — а там аб’ект, і можна пачынаць яго кахаць. Але шафа можа быць пустой. У прынцыпе яна і была створаная першапачаткова пустой, але з нейкай прасторай, якая можа быць запоўненай. І калі кажуць, што каханне — прэрагатыва дарослых, гэта абсалютнае глупства. Успамінаючы сябе дзіцём, магу сказаць, што каханне да акцёра кіно нічым не адрознівалася ўнутрана ад кахання да хлопца праз 20 гадоў. Любоў — гэта не аб’ект, гэта месца. І гэта ж робіць празрыстай любоў да людзей, якія, здавалася б “не заслугоўваюць” любові. Але з той прычыны, што любоў не трымаецца этычнага кіравання, аб’ект і ягоныя якасці не з’яўляюцца чымсьці вызначальным у гэтай справе. У сваю шафу вы можаце пасадзіць каго заўгодна — галоўнае, каб гэтая шафа была.
Паліна Рэспубліка, музыкант:
Я ўжо трошачкі адышла ад узросту, калі каханне асацыявалася з “матылямі ў страўніку” і дрыжыкамі ў каленках. Цяпер я ўспрымаю каханне як невычарпальную крыніцу натхнення і як пачуццё, якое немагчыма спазнаць, але можна ўвесь час, усё жыццё адкрываць у ім нешта новае. 14 лютага было для мяне больш актуальным святам, калі я знаходзілася ў рэжыме пошуку, то бок не мела пары і марыла ў гэты дзень выпадкова сустрэць прынца. А цяпер мне ў прынцыпе не трэба чакаць зімы, каб прызнацца ў каханні.
Што тычыцца саміх прызнанняў, мне здаецца, яны не ў словах, а ў дзеяннях, то бок учынках. Чалавек, якога я кахаю, робіць мяне шчаслівай і ведае аб гэтым. А я таксама спрабую, стараюся лепей яго разумець і ведаць, бо на маю думку, добрыя стасункі будуюцца, перш за ўсё, на павазе, уважлівасці і асаблівай цікавасці да хлопца ці дзяўчыны як да асобы.
Тацяна Гомза, мастак, дызайнер, стваральніца арт-аб’ектаў:
Прызнанне ў каханні? Ну нават не ведаю, што і сказаць! Каця калі казаць пра так званае “свята”, да якога гэтае пытанне прымеркавана, галоўнае, што кідаецца ў вочы — гэта дакучлівая ідэя аб магчымай сустрэчы дзвюх паловаў і абавязковым пасля гэтага шчасці. З гэтай нагоды адназначна выказалася Фаіна Ранеўская: “Другая палова ёсць у мозга, дупы і таблеткі. А я першапачаткова нарадзілася цэласнай!” У сваю чаргу са змрочнага псіхатэрапеўтычнага асяроддзя даносяцца галасы: “Каханне — гэта сустрэча двух неўрозаў …” Нешта мой на сустрэчу не вельмі спяшаецца, паразіт — сяджу цэлымі днямі ля акна, гаручымі слязьмі заліваюся, мне ж ўласнага неўрозу мала! Можа, аб’яву даць у раздзеле знаёмстваў: “Першапачаткова цэласная ўладальніца складаназлучанага неўрозу пазнаёміцца з не менш цэласным носьбітам неўрозу высокаарганізаванага для сур’ёзных адносінаў! Тых, хто шукае другую палову, просьба не турбаваць!” А можа, усё і не так зусім. Няма часу і жадання мне пра гэта больш думаць — мяне з маёй жалезнай логікай клічуць да сябе мае жалезныя звяры. Увогуле, са святам вас, дарагія грамадзяне-спадары-таварышы! За каханне, не азмрочанае нічым!
Наталля Кот-Кузьма, актрыса Беларускага тэатра лялек:
Вядома, калі б не было гэтага свята, 14 лютага, яго б варта было прыдумаць. Яно мяне замілоўвае. Але гэта замілаванне з крывой усмешкай. Таму што здзіўляюся я, як моцна людзі спадзяюцца на даты, нават залежаць ад іх. Цуды павінныя адбыцца ў навагоднюю ноч, муж ўсю пяшчоту праявіць 8 сакавіка, на дзень вяселля ўсе захапленні і пачуцці паўторацца, а любоў сустрэнецца 14 лютага… Не, цуды па веры адбываюцца!
А што да прызнання ў каханні, то такім бы мог зрабіцца фрагмент майго аповеду. “Шызафрэнія — гэта не Каханне. Каханне да цябе — шызафрэнія. Ці даскочым да чысціні намераў? Бі і крычы, скажы ўсё, што думаеш, але толькі не сыходзь! Буду цалаваць твае пальцы, а ты — гладзіць мае валасы. Я яшчэ не нарадзілася, а ўжо кахала цябе, прадчуваючы будучую шызафрэнію страсці і пяшчоты”.
Ніка Сандрас, мастак, блогер:
Пачуццё кахання да канкрэтнага чалавека — усяго толькі маленькая кропля ў акіяне безумоўнай любові да ўсяго існага. Такая любоў — цяжкая навука, але, адолеўшы яе, ты больш ніколі не будзеш адчуваць сябе няшчасным. У акіяне безумоўнай любові нават твая адзінота — твой добры сябар. Калі ты напоўнены гэтым спакойным, цёплым пачуццем, як губка вадой, калі ты перапоўнены гэтай жывой вільгаццю, толькі тады ты сапраўды гатовы кахаць. І гэтае каханне не непакоіць, не палохае, не ператварае цябе ў дзікі шторм, не прывязвае. Яно проста льецца скрозь вас цёплым патокам, ракою, і вы плывяце па ім, узяўшыся за рукі, смела пераадольваючы ўсе парогі, агінаючы вострыя камяні, не баючыся падводных плыняў. Я прызнаюся ў каханні да жыцця. І ўсё атамы вакол мяне звіняць радасна і змацаваныя КАХАННЕМ. Жадаю кожнаму адчуць безумоўную любоў да жыцця.
Кася Кірпацік, фота – Зарына Кандрацьева