Тое, што пераможцамі ў афіцыйным конкурсе “Брэнд года” сталі музыкі Сяргей Міхалок і Лявон Вольскі, якія апошнім часам пазбаўленыя магчымасці выступаць на радзіме, – іронія беларускай рэчаіснасці, што рэдка, але ўсё ж можа здзіўляць. Цырымонія ўзнагароджання прайшла ў Нацыянальнай бібліятэцы.
Дырэктарка Цэнтра сістэмных бізнэс-тэхналогій SATIO, галоўны арганізатар конкурсу Жанна Грынюк, пачала вечар з беларускай паэзіі, захоплена прадэкламаваўшы верш Уладзіміра Караткевіча “Дзе мой край?”.
На пэўны час з лірыкай было скончана, наперадзе было пагружэнне ў свет бізнэсу, маркетынгавых даследаванняў, лічбаў і гадавых справаздачаў. Атрымліваць узнагароды ў намінацыях “Сацыяльна адказны брэнд”, “Надтаварныя катэгорыі”, “Спажывецкая намінацыя”, “Таварныя катэгорыі” выходзілі прадстаўнікі шматлікіх кампаній, са сцэны прарываліся прафесійныя жарганізмы, такія як “прадажнікі” – спецыялісты аддзела продажаў – і “канечнікі” – канечныя спажыўцы. Напрыклад, у спажывецкай намінацыі найвышэйшую ўзнагароду “Набытак рэспублікі” атрымала кампанія “Мілавіца”. Гран-пры конкурсу ў прафесійнай намінацыі атрымала сетка абутковых майстэрняў “Яліна”, а ў намінацыі “Сацыяльна адказны брэнд” перамаглі “Мабільныя ТэлеСістэмы”.
Але самай цікавай для прэсы сталася намінацыя “Брэнд-персона”: узнагароды атрымалі спартсмены – чэмпіёнка Еўропы і свету па плаванні Аляксандра Герасіменя, тэнісісты Вікторыя Азаранка, Максім Мірны, чэмпіёнка Паралімпійскіх гульняў па веславанні і лыжных гонках Людміла Воўчак, а таксама вядомыя бізнэсоўцы – Аркадзь Добкін, прэзідэнт кампаніі EPAM Systems, і Дзмітрый Дзічкоўскі, генеральны дырэктар “Мілавіцы”.
У гэтай жа намінацыі з Анатолем Ярмоленкам, Ларысай Грыбалёвай, Ядвігай Паплаўскай і Аляксандрам Ціхановічам суседнічалі Уладзімір Пугач, Сяргей Міхалок ды Лявон Вольскі. У кулуарах мы пацікавіліся ў Жанны Грынюк, чаму гэтыя выканаўцы – брэнд менавіта мінулага года. За якія дасягненні?
“Былі пэўныя крытэры, паводле якіх нашыя эксперты рэкамендавалі менавіта гэтых персон. Ядвіга Паплаўская і Аляксандр Ціхановіч, напрыклад, акрамя таго што стаялі ля вытокаў нашай эстрады і ўвайшлі ў яе гісторыю, працягваюць актыўна працаваць, удзельнічаюць у дабрачынных акцыях, яны адкрытыя, паспяховыя. Мы настойваем на тым, што перамога – гэта не вынік, а працэс, рух, таму перамагаць могуць людзі, якія даўно на сцэне, але па-ранейшаму актуальныя, – патлумачыла яна. – Што да Міхалка і Вольскага, то яны нас здзівілі. Міхалок ужо не першы год уражвае сваімі дзёрзкімі хуліганскімі выхадкамі. Мне асабіста гэта даспадобы. Але я не маю права прапаноўваць кандыдатаў, гэта была ініцыятыва журы. А Лявон Вольскі ўвогуле вельмі паважаны чалавек у бізнэс-асяродку”.
Вядоўца патлумачыў, што гэтыя лаўрэаты не змаглі асабіста атрымаць узнагароды, “бо Сяргей Міхалок знаходзіцца ў Маскве, а Лявон Вольскі – на планавым канцэрце”. апошняе прагучала як сумны жарт. Перадаць прызы артыстам паабяцаў дырэктар рэкламнага агенцтва Smart Group Ogilvy Belarus Аляксандр Кулінковіч, які папрасіў журналістаў удакладніць, што ён не лідар гурта «Neuro Dubel». «Кулінковічаў шмат, але ўсе добрыя людзі», – рэзюмаваў вядоўца.
Узнагароды ў намінацыі «Брэнд-персона» атрымалі пісьменнікі Наталля Батракова і Андрэй Жвалеўскі, якія пішуць белетрыстыку на рускай мове. Андрэй Жвалеўскі, кнігі якога выходзяць пераважна ў расійскіх выдавецтвах, сказаў: «Я расцэньваю гэтую ўзнагароду не як асабістае дасягненне, якое мала вядомае ў нашай краіне, а хутчэй як прызнанне, што існуе сучасная беларуская літаратура, якая дастойна прадстаўляе нашую краіну за яе межамі, але, на жаль, не так дастойна ўнутры краіны”.
Наталля Батракова падзякавала сваім чытачам: яе апошні раман “Миг бесконечности» разышоўся двума накладамі, што, на яе думку, унікальная сітуацыя для Беларусі. Яна адначасова летуценна и надрыўна прачытала некалькі сваіх вершаў пра пажар кахання, у якіх спляліся словы “сладострастный”, “смешалось всё” і “обнажённость души”, а таксама праспявала дзве песні, з якіх карэспандэнт budzma.org выхапіла словы: «И в какой-то последней надежде неподвижно застыла под душем, согревается медленно тело, только кто отогреет мне душу?»
Мы таксама звярнуліся да Жанны Грынюк з пытаннем, ці не спрабавалі арганізатары пашукаць брэнд і сярод беларускамоўных аўтараў.
“Шчыра кажучы, не спрабавалі, – прызналася яна. – Мы не можам ахапіць усё. Вось няхай кампанія “Будзьма беларусамі!” уваходзіць у нашую экспертную раду, і ў наступным годзе ўвядзем асобную намінацыю”.
Аляксандра Дорская, фота – Зарына Кандрацьева