“Калі на дзесяцігадовым юбілеі конкурсу “Брэнд года” прагучаў маналог з “Чайкі…” Рычарда Баха, і, мы нечакана атрымалі вялікі эмацыйны водгук бізнэсу, таму што бізнэс-супольнасць нейкім цікавым чынам ідэнтыфікавала сябе з героем гэтага твора. І нядзіўна, таму што ў душы кожнага чалавека (а бізнэсоўцы — гэта лідары) жыве бунтар. У гэтым сэнсе бізнэс ўбачыў ідэнтычнага сабе героя”, — лічыць дырэктарка Цэнтра сістэмных бізнес-тэхналогій SATIO, старшыня аргкамітэта конкурсу “Брэнд года”, які штогод прадусуе новыя пастаноўкі, прысвячаючы іх бізнэс-супольнасці.
Летась гэта быў мюзікл “Стылягі” Музычнага тэатра “Рэвю”. Чакаецца, што на заключнай цырымоніі Нацыянальнага конкурсу “Брэнд года” ў 2012, якая пройдзе 27 студзеня ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі, прадстаўнікі бізнэсу ўбачаць прэм’еру спектакля паводле найвялікшага твора сусветнай класікі — «Чайкі па імені Джонатан Лівінгстан» Рычарда Баха; спектакль пастаўлены студэнтамі Акадэміі мастацтваў.
Як адзначыў на прэс-анонсе спектакля загадчык кафедры рэжысуры Акадэміі мастацтваў Вітаўтас Грыгалюнас (рэжысёр-пастаноўшчык, лаўрэат рэспубліканскіх і міжнародных фестываляў, дацэнт), “практычна ўпершыню прадстаўнікі бізнэсу прапанавалі сваю дапамогу творчай ВНУ ў стварэнні твора мастацтва. Хочацца верыць, што такая ўвага і разуменне праблем культуры з боку камерцыйных структур кажа пра тое, што надыходзіць той доўгачаканы час, калі сумеснымі намаганнямі дзяржавы, грамадскасці і творчай інтэлігенцыі будуць створаныя ўмовы для далейшага развіцця беларускага мастацтва”.
У гэтай сувязі Жанна Грынюк як адна з заснавальнікаў ініцыятывы “За сацыяльную адказнасць у бізнэсе” падкрэсліла: “Сёння ўсе супрацоўнікі SATIO ганарацца гэтым праектам. Яны ўсе прачыталі гэты твор, то бок назіраецца найвышэйшая ўнутрыкарпаратыўныя ўцягнутасць ў праект. Мала таго, уся бізнэс-супольнасць чакае заключнай цырымоніі, таму што гэта сапраўды незвычайна. Мы прысвячаем ім гэты спектакль. Мне б вельмі хацелася, каб такіх прыкладаў супрацоўніцтва ў Беларусі было ўсё больш”.
“На маю думку, у Беларусі трэба больш актыўна інфармаваць грамадства пра тое, што робіць бізнэс. Таму што бізнэс адчувае велізарную настальгію па самавыяўленні і самаідэнтыфікацыі. Гэты спектакль — яшчэ адзін шанец сказаць, што мы не толькі зарабляем грошы, але і разам з вамі ствараем новую рэальнасць, будуем новае жыццё”.
Пра творчы складнік праекту расказала Святлана Хацько, студэнтка трэцяга курса Акадэміі мастацтваў, якая паспрабавала сябе ў якасці рэжысёра-пастаноўшчыка:
“Мне вельмі блізкая тэма, якую раскрывае ў сваёй прыпавесці Рычард Бах. Тэма гэтая — станаўленне духоўнага чалавека. На жаль, у сучасным свеце існуе праблема духоўнага заняпаду чалавека. Я хацела сказаць гледачу, каб ён паспрабаваў зняць з сябе рабскія кайданы сквапнасці, прыстасаванства, скнарлівасці і пачаў развіваць сябе духоўна, каб чалавек паспрабаваў адкрыць сваё Я, каб ён спазнаваў свой творчы пачатак. Таму што спазнаўшы ўсё гэта, чалавек набудзе самае бясцэннае і дарагое — свабоду , а разам з ёй зразумее сэнс і мэту свайго існавання на зямлі.
Відэапраекцыі, дзякуючы якім нашыя героі будуць трапляць не толькі ў шалёна прыгожыя куткі навакольнага свету, але і на іншыя планеты “.
Акрамя абмену думкамі прысутныя ўбачылі фрагменты відэапраекцый і фатаграфіі з рэпетыцый спектакля.
“Я заўсёды песімістычна настроены, не таму што я песіміст, а таму, што заўсёды насцярожана гляджу на тое, што яшчэ не створана. Я заўсёды кажу, што мастак павінен сумнявацца, таму што тады ён шукае, а працягваючы шукаць — знаходзіць”, — падзяліўся сваімі думкамі Народны артыст Рэспублікі Беларусь Мікалай Кірычэнка (лаўрэат шматлікіх прэмій, дацэнт, выкладчык тэатральнага факультэта Акадэміі мастацтваў).
Плануецца, што спектакль стане дыпломным праектам 3-га курса, і ёсць усе падставы меркаваць, што ён, як і ўсе спектаклі, якія ставяцца ў Акадэміі, будзе адкрыты шырокай публіцы. У сваю чаргу Жанна Грынюк выказала надзею, што спектакль будзе паказаны і па-за межамі навучальнага тэатра.
Справа за малым — дачакацца прэм’еры.
Зарына Кандрацьева