У галерэі «Ў» прайшоў вечар памяці беларускіх пісьменнікаў, расстраляных 75 гадоў таму. Успамінамі дзяліліся сваякі рэпрэсаваных, а даследчыкі расказалі пра факты, раней невядомыя шырокай аўдыторыі.
«Жахлівае забойства беларускай літаратуры» — так назваў падзеі 75-гадовай даўніны Алесь Пашкевіч, адзін з тых, хто зладзіў вечарыну памяці рэпрэсаваных пісьменнікаў. У ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 года бальшавікі вырашылі своеасаблівым чынам адзначыць 20-годдзе кастрычніцкага перавароту і за некалькі гадзін расстралялі самых яркіх прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі — усяго 103 чалавекі. Як адзначыў вядоўца вечарыны Сяргей Законнікаў, сярод расстраляных былі не толькі літаратары, але і выдатныя навукоўцы, дактары, настаўнікі, але чамусьці толькі пісьменнікі ўшаноўваюць памяць. “Наша дзяржава цяпер існуе толькі на паперы, у нас нацыя няспелая, бо не хапае патэнцыялу, які мелі гэтыя людзі”, — зазначыў спадар Сяргей. Яго дзядзька, таксама Сяргей Законнікаў (Ракіта), пісаў вершы, падпаў пад рэпрэсіі і загінуў у лагеры. Маладому паэту выставілі ў 1936 годзе тры абвінавачанні: публічна абараняў Янку Купалу, называў калгасы канцлагерамі дзяржавы і сцвярджаў, што наркамаўка абцяжарвае беларускі правапіс.
У гэты вечар выступалі людзі, на лёсе якіх адбіліся падзеі 1930-х. У дачкі паэта Тодара Кляшторнага Маі дагэтуль дрыжыць голас і наварочваюцца слёзы, калі яна дзеліцца ўспамінамі. Яе дзяцінства прайшло ў Казахстане, куды выслалі на 10 гадоў без права перапіскі яе маці. “Маці тады дзівілася, чаму бацька нас не шукае, а калі мы вярнуліся ў Мінск, то даведаліся, што яго расстралялі, але потым рэабілітавалі. Слова “рэабілітавалі” для мяне незразумелае дагэтуль… Тады стала нібы нормай тое, што дзеці нават не ведалі і не бачылі сваіх бацькоў…”
Радзім Гарэцкі, таксама сын рэабілітаванага потым «ворага народа», прыгадаў сваё дзяцінства, якое правёў на Беламорскім канале, куды выслалі ўсю яго сям’ю. “Дзеці там бадзяліся беспрытульныя, там навучыўся курыць, піць ды лаяцца”, — згадаў акадэмік. Аднак ён усё ж падзівіўся, калі ўжо ў сталым узросце падчас навуковай камандзіроўкі ў Парыж у пачатку 1970-х пабачыў плакат, дзе быў пастаўлены знак роўнасці паміж фашызмам і бальшавізмам. Радзім Гаўрылавіч зразумеў, што гэта так і ёсць, калі пазней пачуў шакавальныя лічбы: Гітлер знішчыў 25 мільёнаў людзей, а Сталін — 100 мільёнаў. Толькі вось калі фашызм асуджаны, то бальшавізм — не. На гэта звярнуў увагу Сяргей Законнікаў: “Хто забывае мінулае, той перажывае яго зноў. Мы маем лічбы, факты, мільён дэталяў, якія сведчаць пра злачынства, генацыд нашай нацыі. Але мы забылі мінулае, і яно вяртаецца”.
Паэт і даследчык Віктар Жыбуль паказаў прысутным сумны напамін — беларускае выданне камедыі Бамаршэ ў перакладзе Алеся Дудара і пад рэдакцыяй Платона Галавача. Як толькі выйдзе кніга, абодвух арыштуюць і расстраляюць. Віктар расхваляваў прысутных вершам-успамінам пра Тодара Кляшторнага, дагэтуль не чытаным і не публікаваным. Ён здабыў гэты твор у архівах Змітра Сергіевіча, у 30-я вядомага як Зміцер Віталін. Да нядаўняга часу лёс яго быў невядомы, але выявілася, што паэт дажыў да нашых дзён, жыў у Адэсе, працягваў пісаць, праўда, пад сапраўдным імем, і адкрыў факты сваёй біяграфіі толькі ў 90-х.
Вельмі эмацыйна выступіў даследчык Анатоль Сідарэвіч, які расказаў, за што паважае беларускіх камуністаў. Спадар Анатоль спыніўся на лёсе трох дзеячяў 30-х — Мікалая Галадзеда, Яна Гамарніка і Аляксандра Чарвякова. Усе трое скончылі жыццё самагубствам у 1937 годзе. Сідарэвіч прыйшоў да высновы, што ў той час раскручваўся вялікі судовы працэс, і гэтыя людзі сваім учынкам не далі зганьбаваць ні свае імёны, ні імёны шматлікіх невінаватых. “Таму я вельмі прашу цяперашніх маладых людзей, якія называюць сябе антыкамуністамі, адрозніваць усё ж бальшавізм і камунізм”.
Вечар памяці скончыўся эмацыйным выступам гісторыка Ігара Кузняцова, які назваў гэты дзень “самым нядобрым у сваім жыцці”. Рэч у тым, што ў першай палове дня ў Курапатах невядомыя апаганілі памятны знак расстраляных саветамі польскіх афіцэраў, пастаўлены за дзень да гэтага. “На раніцу я заўважыў, што скралі знак, прыбралі кветкі і свечкі, а калі вярнуўся праз пару гадзін, то пабачыў, што за гэты час цалкам разбурылі бетонны фундамент. Ніколі не было такога, каб асвечанае месца зачышчалі да зямлі. Гэта аплявуха ўсім нам”, — з прыкрасцю адзначыў Кузняцоў.
Кропку ў вечарыне паставіў Сяргей Законнікаў, які сказаў, што такія імпрэзы яўна не дадаюць здароўя прысутным. “Але мы мусім іх праводзіць, бо нас сюды паклікала памяць. І мы мусім іх праводзіць, каб нелюдзі ведалі, што мы лічым іх нелюдзямі”.
Поўны спіс расстраляных у ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 года можна пабачыць на сайце marakou.by
Сяргей Будкін
Фота: Зарына Кандрацьева