У народных строях, сабраных у музеі, калісьці спявала і скакала эліта беларускай народнай сцэны. Але прайшоў час, і касцюмы спісалі, а некаторыя выкінулі на рыззё. Работнік культуры Юрый Пшаўлоцкі збіраў народныя касцюмы па ўсёй краіне, а ў 2013 годзе стварыў у пасёлку Крошын музей сцэнічнага народнага касцюма.
Кожны сцэнічны касцюм пашыты для канкрэтнага раёна Беларусі. Фота: Алена Палякова.
Гасцей на ўваходзе ў музей Крошынскага Дома культуры сустракае жаночы манекен: трохі смешны, вонкава нагадвае індзейца. Зроблены ён са звычайнага пластыкавага «сілуэту», якія звычайна вісяць на рынку. Манекен прыбраны ў народны касцюм: плесірованую спадніцу, блузку і гарсет.
На ўваходзе ў музей людзей сустракаюць два самаробных манекена. Фота: Алена Палякова.
– Я яшчэ не дарабіў манекены, наогул гэта мужчынская галава размаляваная і ўсталяваная на торс, – трохі бянтэжыцца Юрый Пшаўлоцкі – дырэктар Дома культуры і музыка. – Я хацеў купіць гатовыя прыгожыя манекены, але іх трэба шмат, і каштуюць яны дорага. Ніхто мне на манекен грошай не даў. Але я ўсё роўна зраблю прыгожыя фігуры: у будучыні я пастаўлю жанчыну, якая будзе трымаць саматканы ручнік і бутафорскі хлеб-соль, а побач – мужыка з гармонікам.
Усё, што зроблена ў музеі сцэнічнага касцюма, энтузіяст рабіў сам: знаходзіў дрот, падручныя матэрыялы і майстраваў розныя прыстасаванні.
Экспазіцыя ў Доме культуры пасёлка Крошын
Музей сцэнічнага народнага касцюма пачынаўся з асабістай калекцыі Юрыя Пшаўлоцкага: з 20 касцюмаў, якія ён сабраў практычна з усіх вёсак Баранавіцкага раёна.
Часам тканіны стваралі спецыяльна для касцюма
– У кагосьці сцэнічнае адзенне валялася за сцэнай, у кагосьці ў качагарцы. Хтосьці выкарыстаў касцюмы як рыззё – рукі выцерці, дзесьці нават мышы гнёзды завялі. Людзі трымалі касцюмы ў каморках, як непатрэбнае нешта. Я казаў: “Дайце іх мне, гэта ж здабытак нашага раёна! Глядзіце, тут жа касцюмы з кожнай вёскі: вось з Русіна, вёскі Перхавічы, Падлясейкі, Мілавіды …” – вядзе экскурсію па музеі Юры.
Касцюмы Юрый Пшаўлоцкі прыводзіў у парадак разам з жонкай. Яны адшаравалі іх ад бруду, зашылі, адрамантавалі. Многія касцюмы Юрыю дарылі ў выдатным стане.Так калекцыя папоўнілася касцюмамі з Опернага тэатра, Дзяржаўнага народнага хору, народнага ансамбля песні і танца «Палескія зоры». Гэта ўбранне вырабляў камбінат тэатральнага таварыства ў Мінску. Касцюмы, пашытыя ў гэтай арганізацыі, славіліся на ўсю краіну.
У 2013 годзе Юрый Пшаўлоцкі стварыў у Крошынскім Доме культуры музей. Зараз у музеі сабрана больш за 60 народных сцэнічных касцюмаў, паглядзець на калекцыю прыязджаюць людзі з розных гарадоў і вёсак.
– Прыемна, калі прыедуць людзі, якія разумеюць і ацэняць, пахваляць, скажуць: «О, мы такога яшчэ не бачылі!», – распавядае Юры.
Юрый Пшаўлоцкі збіраў касцюмы па ўсёй краіне
Дэталь касцюма. Зашпілька.
Аздабленне ніжняга краю спадніцы
– Вось мы прыязджаем замаўляць касцюмы, а нас адразу пытаюцца пра тое, адкуль мы. Ага, Баранавіцкі раён, блізкі да яго строй – Ляхавіцкі, і нам ужо шыюць касцюмы з нацасаблівасцямі для нашага краю: крой сурдута, колеры, арнамент. А далей ужо была фантазія аўтараў. Галоўнае, што яны стараліся не паўтарацца. А сённяшнія фірмы ўжо не прытрымліваюцца гэтых традыцый, ім каб ярчэй ды і садраць пабольш грошай. Раней і тканіны былі лепш, а цяпер усё кітайскае: з бліскаўкамі, пазалочанымі стужкамі і налепленымі аплікацыямі. Ніякай вышыўкі: ні машыннай, ні ручной. Няма нічога натуральнага. Беларус, апрануты ў Кітаі! Гэта ж нонсэнс!
Частка калекцыі падораная вядомымі танцавальнымі і вакальнымі калектывамі Беларусі.
Юрый Пшаўлоцкі дэманструе касцюм
Аздабленне
Таццяна Некрашэвіч, фота Алены Паляковай, intex-press.by