Мова, на якой мы размаўляем, нашая гаворка, яе багацце ці беднасць — дакладны індыкатар працэсаў, якія адбываюцца ў грамадстве. Ці можа білінгвізм быць здаровым і ці будзе працаваць такая сітуацыя ў выпадку з Беларуссю? Наколькі багаты слоўнікавы запас сучаснага беларуса? Ці такія страшныя мат і трасянка, якімі іх малююць? Хто можа зрабіць родную мову модным трэндам? Пра ўсё гэта — у гутарцы са Змітром Бейнарт-Саладухам, рэжысёрам, прадзюсарам і неабыякавым грамадзянінам сваёй краіны. Чарговае інтэрв’ю праекта «Культура паляпшае жыццё!»
— Мне здаецца, калі б Люся Лушчык або іншая эфектна апранутая медыйная персона, выходзячы са свайго ўседарожніка, папрасіла на чыстай беларускай «прыпаркаваць аўтамабіль на паўгадзінкі», гэта стварыла б эфект нечаканасці, а потым было б успрынята грамадствам і, па законах уплыву знакамітасцяў на звычайных грамадзян, стала б трэндам. Пытанне ў тым, ШТО трэба, каб у медыйных персон нарадзілася патрэба загаварыць па-беларуску. І гэта мусіць быць не проста жаданне выпендрыцца. Трэба зразумелае, хай нават прагматычнае тлумачэнне, чаму веданне роднай мовы робіць жыццё лепшым, якім чынам дапамагае павысіць культуру грамадства, на скрайні выпадак, чым гэты навык можа быць карысны канкрэтна ім, медыйным персонам, якую адказнасць яны ўскладаюць на сябе, якую грамадзянскую пазіцыю займаюць…
— А чаму нашыя вядомыя і заможныя грамадзяне не гавораць па-беларуску? Чаму няма на тое моды?
— Калі б сканструяваць канкрэтна гэты трэнд было лёгка, я думаю, зацікаўленыя даўно б знайшлі магчымасць прыцягнуць увагу грамадства да моўнага пытання. Асноўная складанасць сітуацыі ў тым, што большасці трэба прыкласці шмат намаганняў, каб лёгка, выразна, не змяняючы сабе, не скажаючы сутнасці сваёй думкі, мець зносіны на мове, якая ім не ўласцівая і не арганічная.
— Ці бачыце вы наогул нашу эліту беларускамоўнай?
— А наша эліта — гэта хто? Мы сёння на поўным сур’ёзе задаёмся пытаннем: а ці ёсць у нашым грамадстве эліта? Я маю на ўвазе не фармальна, не намінальных нібыта лідараў, а людзей, якія сваім меркаваннем, самім фактам свайго існавання ўплываюць на значную частку беларускага грамадства. Калі мы пад элітай будзем мець на ўвазе людзей паспяховых, пытанні мовы і культуры — гэта не да іх. Цяпер поспех часцей за ўсё звязваецца з грашыма, уладай, магчымасцямі. Чалавек, які сядзіць у міністэрскім крэсле або вядзе сур’ёзны бізнэс, гэтыя магчымасці мае. І хоць спосабы іх дасягнення часта сумнеўныя з пункту гледжання маралі, яны прывабныя для абываталя. Таму што калі ты маеш усё вышэйпералічанае, у цябе ёсць патэнцыял, а больш і не трэба. Аднак часцяком тыя, хто ў гэтым сэнсе паспяховыя (грошы, улада, становішча), сёння паняцця не маюць, хто такі «культурны чалавек». У іх асяроддзі гэта хутчэй выключэнне.
— Але, напэўна, ва ўрадзе, у дзяржаве ёсць людзі, здольныя ўплываць на грамадскую думку…
— Яны прысвоілі сабе такое права, але рэалізуюць яго не праз сваё ўласнае жыццё, не праз учынкі, а праз заканадаўчыя акты і дэкрэты. Яны прымушаюць нас рабіць тое, што трэба ім. Атрымліваецца, гэта таксама не эліта, а нешта іншае. Калі прыгледзецца, даверу да дзяржавы няма. Для многіх людзей — магчыма, нават для большасці — яна не сапраўдны аўтарытэт. Таму і словы, якія гаворацца прадстаўнікамі ўлады, часцяком проста не дасягаюць мэты.
У гэтай праблемы ёсць яшчэ адзін важны аспект. Наша грамадства не персаніфікаванае, яму ў прынцыпе не хапае яркіх, харызматычных людзей. Таму ў нас і няма адчування прысутнасці эліты. Ёсць нейкія афіцыйныя асобы — і ўсе астатнія.
Што ж да эліты і моўнага пытання… Я ўспамінаю свайго айчыма, які мне вельмі нагадвае дзейнага кіраўніка дзяржавы. Ён быў self-made man, які неўзабаве пасля вайны прыехаў у Мінск з маленькай вёскі і стаў адным з прыкметных спецыялістаў у айчыннай абаронцы. І вось ён з неймавернай упартасцю пазбаўляўся сваёй беларускасці, бо яна ў той час у нятворчым асяроддзі лічылася прыкметай правінцыйнасці, неадукаванасці, вузкасці далягляду. Ён пабудаваў кар’еру і дамогся прызнання не дзякуючы, а насуперак свайму паходжанню і нацыянальнай ідэнтычнасці. Мая мама, інтэлігентная жанчына, казала пра беларускую мову: «Божа, якая жудасная мова, якая смешная і недарэчная».
— Сітуацыя застаецца прыкладна такой жа?
— Ужо, на шчасце, не. Маркер беларускай мовы цяпер не асацыюецца з правінцыйнасцю.
— Мне здаецца, што сёння беларуская мова выконвае не культурную, а сацыяльную функцыю. І прынята лічыць, што калі чалавек гаворыць па-беларуску, то ён або «апазіцыянер, або юродзівы падлетак, або такі ж юродзівы інтэлігенцік, нейкі выкладчык хутчэй за ўсё»…
— Але ж яшчэ ёсць даволі значная частка грамадства — творчыя людзі: мастакі, музыкі, літаратары…
— А чаму большасць сфармавалася менавіта рускамоўнай?
— Не будзем забываць, што гісторыя Беларусі ХХ стагоддзя — гэта гісторыя перанасялення і перазасялення. Падчас Другой сусветнай вайны практычна ўсе буйныя гарады і асабліва Мінск страцілі значную частку насельніцтва. Гэтую нішу занялі прыезджыя з розных куткоў Савецкага Саюза. Беларусь, як і іншыя рэспублікі, свядома засялялі прадстаўнікамі іншых народнасцяў, каб размыць нацыянальны фонд і, вядома ж, нацыянальную мову. Так, «вялікая, магутная руская мова» на працяглы час стала «роднай і агульнай для ўсіх нас».
— Калі беларуская мова не выконвае функцыі нацыянальнага адрознення, у чым тады яе значэнне і каштоўнасць?
— Сапраўды, пакуль не выконвае. Але вось што цікава: беларусы (гэта маё суб’ектыўнае адчуванне) — самая загадкавая нацыя сярод усіх славян. Ёсць у нас загадкі, якія розумам не ахапіць. Я не лінгвіст, я кажу толькі пра ўласныя адчуванні, якія маюць нейкую эмпірычную аснову. У беларускай мовы, акрамя добрых якасцяў, уласцівых любой мове, ёсць яшчэ адна, вельмі цікавая, на маю думку. У параўнанні з мовамі нашых суседзяў-славян (рускіх, украінцаў, палякаў) яна самая архаічная і менш за ўсё падвяргалася вонкавым уплывам. Яна была закансерваваная ў правінцыі. І таму для моваў суседзяў беларуская — як нейкая першапачатковая мова, якая дазваляе ўбачыць, якімі яны былі даўным-даўно. Чаму я так лічу? Як беларус, што добра валодае роднай мовай, я лёгка разумею паляка, рускага, украінца, чэха, славака, славенца… Ім жа значна цяжэй мяне зразумець.
— А ці няма імавернасці, што закансерваваная мова памрэ?
— Нашая мова мае такі шанец ужо трэцяе стагоддзе. Гэта адзін з маркераў містычнай асаблівасці Беларусі. Існуе-існуе, але… як бы і не існуе.
— Хачу пагаварыць пра трасянку, якая ўсё захапіла. Чым кепская прысутнасць і не рускай, і не беларускай, а нейкай трэцяй мовы?
— Я не думаю, што гэта можа мець значныя доўгатэрміновыя наступствы. Гэта сутнасць моманту: трэцяя мова, гутарковая, вульгарная, тая, што адлюстроўвае агульны стан культуры ў грамадстве. Гэта нармальная з’ява. Мне здаецца, існаванне трасянкі — проста праява таго, як ідуць нашыя справы ў гэтым сэнсе.
— І як жа яны ідуць?
— Сумна. Але гэта можна паправіць, варта толькі дзяржаве распрацаваць і ўкараніць узважаныя комплексныя праграмы па адраджэнні беларускай мовы, па яе гарманічным выкарыстанні ў розных сферах, варта толькі з’явіцца на гэтым полі людзям, якія будуць успрымацца пазітыўна — і сітуацыя пачне змяняцца вельмі хутка і лёгка. Прыклад адраджэння чэшскай мовы пасля аўстра-венгерскай рэзервацыі выдатна паказвае, як мала часу спатрэбілася, каб ініцыятыва літаральна некалькіх чалавек прывяла да незваротнага рэнесансу.
— Ці можаце вы ацаніць, наколькі багаты сёння слоўнікавы запас беларуса?
— Вельмі бедны. Я звязваю гэта з падзеннем агульнай культуры і доўгім працэсам замяшчэння спецыялістаў пакорлівымі выканаўцамі. Сёння мы маем наймагутнейшы кадравы крызіс ва ўсіх галінах. Паглядзіце: нават ва ўрадзе адны і тыя ж постаці бясконца мяняюцца месцамі, а новыя не прыходзяць. Няма кампетэнтных спецыялістаў! Кадравы крызіс — гэта сведчанне таго, што адукацыя ўжо не адпавядае патрабаванням рэальнасці. Вось, напрыклад, сітуацыя: мая дачка паступае ў Акадэмію мастацтваў, творчы конкурс, малы набор, усё як мае быць. А потым, не правучыўшыся і семестра, кажа: «Гэта не адукацыя», заяўляе пра жаданне пакінуць курс. І гэта галоўная творчая ВНУ. Вось і маем культурнае збядненне. Гэта датычыць не толькі мовы, а і ўзроўню адукаванасці суайчыннікаў у цэлым. Адсюль і бедны слоўнікавы запас.
— І рэч не ў тым, што мы сталі менш чытаць, не ў прыходзе новых тэхналогій?
— У гэтым таксама. Я думаю, яшчэ гадоў восем таму інтэрнэт, падвысіўшы інфармаванасць, істотна панізіў агульны культурны ўзровень. З іншага боку, інтэрнэт усё ж дазваляе чытаць і нават правакуе гэта рабіць.
— А калі ўзяць так званую падонкаўскую мову, якая прыйшла з інтэрнэту? Сёння многія карыстаюцца ёй. Як яе ўплыў адбіваецца на нашай культуры мовы, маўлення?
— Думаю, гэтая з’ява не будзе мець фатальных наступстваў, калі, вядома, «афтар жжот» не зможа выцесніць усе іншыя варыянты вербальнага ўзаемадзеяння. Таму я стаўлюся да гэтага спакойна, як да часткі нейкай субкультуры.
— Пытанне пра ўзровень валодання замежнымі мовамі ў Беларусі. Ён вельмі нізкі. Гэта зноў праблема Міністэрства адукацыі?
— Не Міністэрства адукацыі, а канкрэтнай палітычнай сітуацыі. Прагматыка сённяшняга дня не падштурхоўвае беларусаў вывучаць замежныя мовы. Прыток турыстаў у краіну невялікі. Многія беларусы не маюць матэрыяльнай магчымасці падарожнічаць. Для іх нават кудысьці недалёка, у Варшаву, напрыклад, з’ездзіць — гэта адчувальны ўдар па бюджэце. А тут яшчэ пагроза платы за выезд засвяцілася. У цэлым гэта праблема недастатковай камунікацыі: культурнай і дзелавой, фармальнай і нефармальнай. Што хаваць: каб нам паехаць у Заходнюю Еўропу, даводзіцца прайсці праз серыю знявагаў, атрымліваючы візу, праз боязь нейкіх спісаў яшчэ і ўнутры краіны. Гэтая зона не стымуляваная, а наадварот, максімальна ўскладненая. А вось сітуацыя ў суседняй Літве зусім іншая. Паглядзіце: руская мова забылася, англійская — у дасканаласці. Усё змянілася літаральна за 20 гадоў.
— Вось яшчэ што характэрна: беларус неахвотна ідзе на зносіны з незнаёмцам. Чаму так?
— Я думаў пра гэта. Гэта наступствы татальнай несвабоды, якая разлітая ў беларускім паветры. Калі чалавек не адчувае сябе свабодным, ён робіцца агрэсіўным, займае абарончую пазіцыю ў любой прасторы.
— А якое сёння стаўленне да нецэнзуршчыны ў нашым грамадстве?
— Мне здаецца, цяпер робіцца спроба маргінальнай легалізацыі гэтай з’явы. І гэта адбываецца праз няправільную пабудову іерархіі культурных каштоўнасцяў і каштоўнасцяў наогул. Слова «прыстойнасць» — калі яно гучала з якіх-небудзь трыбун? Слова «мараль» — ледзь не лаянка сёння. Людзям яшчэ тлумачыць трэба, хто такі «гэты мараль». Пры тым у нас адсутнічае сапраўдная эліта. Мы гаварылі ўжо, што ёсць людзі, якія спрабуюць прысвоіць сабе гэты статус. Але яны не могуць запоўніць яго належным зместам. Ёсць фармальная таблічка «эліта». А ўнутры — у найлепшым выпадку пустата. А ў найгоршым — кавалак лайна. Яны часам дазваляюць сабе тое, што ні адзін прыстойны чалавек сабе не дазволіў бы. Гэта датычыць і паводзін, і прынцыпаў, і гаворкі. Усё гэта мутным патокам цячэ ў народ. А народ глядзіць і думае: ага, вось як трэба, каб у эліту вылезці. І гэта шлях найменшага супраціву: калі чалавек абмяжоўвае сябе, ён адчувае дыскамфорт, а каб замяніць мат якім-небудзь словам, яго трэба мець у сабе, яго трэба знайсці. Цяжка. Значыць, зноў «бл***».
— У нас дзве афіцыйныя мовы — руская і беларуская. Наша краіна ў гэтым сэнсе не ўнікальная. Ці можаце вы параўнаць сітуацыю ў Беларусі і ў іншых краінах з некалькімі дзяржаўнымі мовамі? Ці добры для нас білінгвізм?
— Мне цяжка меркаваць пра тое, якая сітуацыя ў іншых бі-, трылінгвістычных краінах. Але ёсць відавочная агульная заканамернасць. Калі такая сітуацыя ўспрымаецца грамадствам як нармальная, калі яна не навязаная, калі няма канфліктаў на моўнай глебе, значыць, усё ў парадку. У нашай краіне мова некалькі дзесяцігоддзяў была падставай для палемікі і канфліктаў. Значыць, нешта не так. Таму параўнанні з Бельгіяй або Швейцарыяй некарэктныя. У нас не тое ж самае. У нас склаліся зусім іншыя гістарычныя абставіны.
Што да білінгвізму, то з аднаго боку, гэта добра: чым больш мы ведаем і ўмеем, тым мы багацейшыя і больш гарманічныя. Гэта відавочна. Але асноўная бяда ў тым, што беларуская мова ўжо некалькі стагоддзяў існуе ў стане ўмоўнай забароны. Жорстка дэклараванай або завуаляванай, але ўсё ж забароны. Я мару пра той час, калі ў Беларусі білінгвізм будзе перавагай, сапраўднай каштоўнасцю нашай культуры. І хацелася б, каб побач з беларускай мовай паўстала з часам польская, украінская… Каб яны вывучаліся з цікавасцю. Але каб галоўнай мовай, якая вызначае нас як народ, была беларуская. Мы ж усё ж беларусы.
— Што кардынальна зменіцца ў нашым жыцці, калі беларуская мова стане галоўнай?
— У першую чаргу з’явіцца ментальнае адчуванне самадастатковай супольнасці, гатовай абараняць свае каштоўнасці. Сапраўдныя каштоўнасці часта падвяргаюцца агрэсіі і ўмацоўваюцца праз спробы іх абараніць. Яны дазваляюць вызначыць, хто мы і што мы, у чым мы гнуткія, а ў чым — цвёрдыя, як камень. Нацыянальная мова — адна з такіх каштоўнасцяў. Напэўна, самая важная.
Ганна Трубачова, Вольга Блажэвіч
Фота — Аляксандр Tarantino Ждановіч
(журналісцкае агенцтва «Таранціны і сыны»)