Спявак Зміцер Вайцюшкевіч, які зараз завяршае тур па Паўночнай Амерыцы, даў спантанны выступ каля Ніагарскага вадаспада на мяжы ЗША і Канады.
– Ніагарскі вадаспад для беларусаў – амаль як Луна. Пра яго ўсе чулі, але не шмат, хто там быў. Таму неяк прарвала мяне на спеў у гэтым месцы, – распавядае Зміцер. – Уражанні ад тура вельмі добрыя. Прыемна, што прыходзіць шмат маладых сямей з дзецьмі. Яны не толькі слухаюць песні, але і задаюць рознага кшталту пытанні. Для іх вельмі важна мець сувязь з радзімай і гэта прыемна.
4 сакавіка ў Вільні адбудзецца супольны канцэрт Вайцюшкевіча, Някляева і WZ-Orkiestra з праграмай «Нашы каханыя». Імпрэза прымеркаваная да 10-годдзя творчага супрацоўніцтва, якое пачалося з альбома «Танга з ружай», выдадзенага напрыканцы 2006 года. У праграме песні і вершы – лепшае, новае і нечаканае.
Квіткі на канцэрт каштуюць ад 40,5 да 47,5 рублёў. Апошняя частка квіткоў толькі ў «Тэатральнай касе» (Мінск, вул. Калініна 5, працоўныя дні з 10.00 да 19.00). Даведка: (017) 395 05 65, (033) 6 5555 96. Да 23 лютага ўключна можна падаць на бясплатныя візы. Пакрокавая інструкцыя па візах – http://www.zagranicy.lt/vizy-oformlenie.