4 лютага ў новым будынку Музея Вялікай Айчыннай вайны прайшоў фінал конкурсу чытання твораў беларускіх аўтараў, прысвечаны 70-годдзю перамогі. Трыццаць школьнікаў з Полаччыны, якія трапілі ў фінал, прадэманстравалі сваё бачанне ваеннай беларускай класікі — што цікава, не толькі паэтычнай.
Ініцыятар конкурсу, старшыня Наваполацкай гарадской арганізацыі рэспубліканскага грамадскага аб’яднання “Белая Русь” Вадзім Дзевятоўскі, здолеў спалучыць у праекце патрыятычныя ноты і беларушчыну. Калі казаць шчыра, то конкурсаў, прысвечаных Перамозе, кожны год мы маем вялікую колькасць, але гэта хіба не першае з такіх мерапрыемстваў, якое можа пахваліцца беларусацэнтрычнасцю.
“Удзельнікі конкурсу дэманструюць проста выдатнае беларускае вымаўленне, — кажа адзін з сяброў журы, літаратар Навум Гальпяровіч. — Гэта вялікая любоў да беларускасці, вельмі пяшчотнае стаўленне да роднай мовы, пра якую мы так шмат апошнім часам гаворым”.
Што цікава, мерапрыемства абсалютна не было пратакольным — вершы Караткевіча, Барадуліна, Куляшова, Вярцінскага, Танка і іншых відавочна кранулі саміх удзельнікаў і ўсіх прысутных у зале. Канечне, мы гаворым не пра прафесійных артыстаў, аднак часам такія рэчы ўздзейнічаюць мацней, чым праца прафесіянала. Напрыклад, фрагмент “Альпійскай балады” ў выкананні Яўгена Пуцылы з Наваполацка прагучаў так, што зала Музея вайны на некаторы час ператварылася ў сцэну хай сабе аматарскага, але высокага ўзроўню тэатра.
“Нехта з удзельнікаў артыст у большай, нехта ў меншай ступені, аднак кожны з выступаў вельмі кранае”, — кажа яшчэ адзін сябра журы, акцёр Віктар Манаеў.
Да таго ж выступоўцы паспрабавалі стварыць і свой сцэнічны вобраз — хто выйшаў у вышыванцы, хто хвастаў паветра рэменем, хто запаліў знічку, якую трымаў у руцэ. Часцяком праблема такіх конкурсаў у тым, што яны ператвараюцца ў “мастацкае чытанне”.
У выніку пераможцам конкурсу стала Марыя Нарушэвіч з Полацка, якая зачытала “Баладу аб чатырох заложніках” Аркадзя Куляшова. Дарэчы, вершы Куляшова выявіліся сярод школьнікаў самымі папулярнымі. Аднак, як заўважылі сябры журы, у дадзеным выпадку абраць пераможцаў было вельмі складана.
М.Л.
фота – Аляксандр Tarantino Ждановіч
Журналісцкае агенцтва «Таранціны і сыны»