22 кастрычніка пройдзе канцэрт трох пераможцаў конкурсу пры ўдзеле адмысловых гасьцей – гурту Navi. Квіткі на танцпляц ужо можна набыць па 6 рублёў.
У вялікім канцэрце, які пройдзе ў клюбе «Coyote» возьмуць удзел пераможцы ў трох намінацыях «Засьпявай 3.0». Pauline выступіць поўным складам з праграмай найлепшых гітоў. «Прагучаць ужо вядомыя некаторым слухачам песьні, але ў якасна новым гучаньні, – кажа сьпявачка. – Мы працягваем пошукі новага і арыгінальнага нават ва ўжо існуючым матэрыяле, а таксама працуем над падачай саміх кампазыцый. Абавязкова прагучыць песьня, якая прынесла нам перамогу ў “Засьпявай 3.0”».
Leibonik наадварот рыхтуе больш камэрную праграму. «Мы падрыхтуем максымальна “рок-музыкантаўскі” баявы сэт амаль без клявішна-дудачных аздабленьняў. Да таго ж Leibonik засьпявае на новай для сябе мове. А наогул плянуем у гэты вечар актыўна сьвяткаваць перамогу ды віншаваць пераможцаў іншых намінацый, запрашаем сяброў далучыцца!»
Трыё Дзімы Нікановіча, Волі Сацюк і Мікіты Найдзёнава, якое ўтварылася адмыслова для ўдзелу ў «Засьпявай 3.0», вырашыла працягнуць творчую дзейнасьць і надалей. «Мы адчулі, што нашы галасы спалучаюцца ў нейкай незвычайнай гармоніі. А гэта кажа пра тое, што можна далей сьпяваць разам», – заўважае Дзмітры Нікановіч.
Госьцем вечарыны будзе гурт Navi, пераможца конкурсу «Засьпявай» у 2015 годзе, які выступіць з гадзінным канцэртам. «Мы з прыемнасьцю згадваем момант перамогі на конкурсе «Засьпявай 2.0». Цудоўна тое, што гэта гісторыя мае працяг. Песьню «Плакалі ветры» мы выконваем і цяпер. З радасьцю падтрымаем гала-канцэрт, дзе абавязкова сыграем нашу пераважна беларускамоўную праграму», – кажа Арцём Лу’яненка.
Квіткі на канцэрт паступілі ў продаж па 10-15 рублёў, але неўзабаве на рашэньне арганізатараў кошт быў істотна зьніжаны. «Пляцоўка здольная зьмясьціць даволі вялікую колькасьць слухачоў – да 400 чалавек, таму мы вырашылі зрабіць уваход максымальна даступным, каб як мага больш людзей пачулі пераможцаў нашага конкурсу, бо можа быць якраз за імі будучыня беларускай музыкі «, – кажа прадусар конкурсу Сяргей Будкін.
Квіткі таксама можна набыць у краме «Беларуская прастора» на пр-т Незалежнасьці, 58 (ГЦ «Маскоўска-Венскі»), другі паверх, павільён 205. Тэл. крамы: +375-44-762-78-80
Далучайцеся да падзеі ў Facebook i УКантакце
22.10. Менск. Бар «Coyote» (праспэкт Незалежнасьці, 117а). 19:00—22:00. Канцэрт пераможцаў конкурсу «Засьпявай 3.0»: Pauline, Leibonik, Дзьмітры Нікановіч&Вольга Сацюк&Мікіта Найдзёнаў. Пры ўдзеле гурта Navi. Кошт квіткоў: 6 руб.(танцпляц), 10 руб. (столік) — папярэдне, 10 руб. (танцпляц), 15 руб. (столік) — у дзень. Інфа: +375 29 687-20-93.