07.02.2017 | Гісторыя

Знойдзеныя парэшткі Кастуся Каліноўскага?

Фотаздымкі з сайту Літоўскага нацыянальнага музэю.

Фотаздымкі з сайту Літоўскага нацыянальнага музэю.

Сёлета ад 2 да 25 студзеня ў Вільні на пляцоўцы Гедымінавай гары падчас добраўпарадкаваньня тэрыторыі група археолягаў Літоўскага нацыянальнага музэю (ЛНМ) знайшла парэшткі чатырох чалавек. Археолягі высунулі гіпотэзу, што гэта могуць быць пахаваньні паўстанцаў 1863-1864 гадоў. Пра гэта паведамляецца на сайце музэю.

Памерлыя былі пахаваныя не паводле традыцыі

«Падчас дасьледаваньня мы выявілі пяць пахаваньняў, але поўнасьцю раскрылі і дасьледавалі два. У першай магіле мы знайшлі парэшткі аднаго чалавека, другая магіла была групавая, у ёй былі знойдзеныя парэшткі трох чалавек», — сказаў старэйшы навуковы супрацоўнік аддзелу сярэднявечча і новага часу ЛНМ, археоляг Арунас Калеюс.

Як цьвердзіць археоляг, памерлы быў пахаваны без труны і абсыпаны вапнай.

«Мужчына, знойдзены ў першай магіле, быў пахаваны ў вопратцы і ў скураным абутку з даўгімі халявамі да кален. Вопратка і абутак струхлелі. Лепш захаваліся толькі дэталі адзеньня — гузікі, спражка рэменя — вырабленыя зь неарганічных матэрыялаў. Памерлы пахаваны на сьпіне, з выцягнутымі нагамі, мяркуючы па стане касьцей — зь зьвязанымі за сьпінай рукамі», — расказвае Калеюс.

У другой магіле знойдзеныя парэшткі трох мужчын, памерлыя таксама пахаваныя бяз трунаў, абсыпаныя вапнай.

«Двое памерлых пахаваныя на сьпіне, адзін побач з другім. Адзін зь іх, паводле стану касьцей, пахаваны зь зьвязанымі за сьпінай рукамі. Трэці памерлы ляжыць на жываце, упоперак паверх двух першых. Гэта кажа пра тое, што памерлыя не былі пахаваныя належным чынам», — расказаў археоляг.

Прычына сьмерці памерлых пакуль што застаецца неўсталяваная. У дасьледаваных магілах кулі ня знойдзеныя.

Знойдзены мэдальён дазваляе высунуць гіпотэзу

«У архівах Літоўскага нацыянальнага музэю мы маем малюнак Уладзіслава Загорскага, на якім намаляваныя кветкі браткі, пасаджаныя паміж двума дрэвамі ў форме крыжа. Вакол кустоўе, а за ім вежа Гедымінавага замку. Археалягічных знаходак, якія б пацьвярджалі, што на гары былі пахаваныя людзі, мы дагэтуль ня мелі. Існавала легенда пра патаемна пахаваных паўстанцаў і пастаўлены ім крыж», — сказала дырэктарка ЛМН Біруце Кульніце.

Малюнак Уладзіслава Загорскага, які захоўваецца ў архівах Літоўскага нацыянальнага музэю

Малюнак Уладзіслава Загорскага, які захоўваецца ў архівах Літоўскага нацыянальнага музэю

Побач з парэшткамі аднаго з памерлых знойдзены срэбны мэдальён, выраблены ў сярэдзіне ХІХ стагодзьдзя. Гэтая знаходка дазваляе археолягам высунуць гіпотэзу, што памерлыя былі пахаваныя не раней за другую палову ХІХ стагодзьдзя. Паводле архіўных дадзеных, гэтыя парэшткі ўжо былі знойдзеныя ў 1915-1916 гг.

Таму выказваецца меркаваньне, што знойдзеныя парэшткі могуць належаць удзельнікам паўстаньня 1863-1864 гг., пакараным сьмерцю на Лукіскім пляцы ў Вільні.

Цяпер археалягічныя дадзеныя аналізуюцца. Нешматлікія знаходкі, выяўленыя падчас дасьледаваньня, кансэрвуюцца. Парэшткі перададзеныя спэцыялістам-антраполягам Мэдычнага факультэту Віленскага ўнівэрсытэту. Толькі пасьля дасьледаваньняў з удзелам навукоўцаў розных галінаў можна будзе адказаць на пытаньне, ці знойдзеныя парэшткі маюць дачыненьне да ўдзельнікаў паўстаньня 1863-1864 гг.

Гістарычныя зьвесткі

У 1863-1864 гг. На Лукіскім пляцы былі павешаныя або расстраляныя 21 удзельнік паўстаньня, у тым ліку яго правадыры — Зыгмунт Серакоўскі і Кастусь Каліноўскі. Рашэньне закапаць целы паўстанцаў пасьля экзэкуцыі на Гедымінавай гары было б невыпадковае — так маглі спрабаваць схаваць месца іх пахаваньня ад іх блізкіх і ад грамадзкасьці. Пасьля паўстаньня 1831 году на загад імпэратара Мікалая І на тэрыторыі Віленскага замку была абсталяваная крэпасьць. Яна была закрытая і недаступная для грамадзтва аж да самага канца ХІХ стагодзьдзя.

Вэрсію, што на Гедымінавай гары пахаваныя паўстанцы 1863 году, высунуў яшчэ ў 1904 годзе віленскі краязнавец Ўладзіслаў Загорскі. Пазьней у выданьні «Przewodnik po Wilnie» ён сьцьвярджаў, што на Гедымінавай гары пахаваны правадыр паўстаньня 1863 году Зыгмунт Серакоўскі, а таксама ксёндз Станіслаў Ішора і Баляслаў Калышка.

17 жніўня 1917 году быў усталяваны крыж для ўвекавечаньня памяці С. Ішоры і З. Серакоўскага, аднак нямецкія ўлады ў той самы дзень крыж прыбралі.

Адноўлены ён быў толькі ў 1921 годзе. А ў 1925 годзе побач з крыжам былі ўсталяваныя дзьве табліцы: адна з надпісам па-польску «Невядомаму жаўнеру», а другая з прозьвішчамі паўстанцаў 1863 году, пакараных сьмерцю на Лукіскім пляцы.

У чэрвені 1940 году крыж памяці паўстанцаў 1863 году, які стаяў на Гедымінавай гары, быў прыбраны.

Радыё Свабода


Дадаць каментар

*

*

Апошнія навіны

Яндекс.Метрика