20.02.2017 | Культура

Зьвер пад зоркай палярнай, альбо 7 гісторый пра зубра

Колькі лаўцоў на начлезе зьмяшчала зубрыная шкура? Хто забіў апошняга вольна жывучага зубра? Як зубр мог зьмяніць лёс Аляксандра Ягелончыка і ўсяго каралеўскага двара? Як зьвязаны зубр з рэзыдэнцыяй Дзеда Мароза?

1. Выгляд і звычкі волата-зубра

Зубры з магутным целам на зграбных нагах і вялікай галавою, з парай загнутых рагоў на шырокім ілбе і кароткай бародкаю, з роўнай поўсьцю і кучаравыя, калісьці жылі на раўнінах і ў лясах ад Пірэнэйскага паўвострава да Заходняй Сыбіры. Сустракаліся зубры і ў Англіі, і ў Паўднёвай Скандынавіі. Частыя паляваньні зьнішчылі большую частку зуброў, рэшта ж схавалася ў лясных гушчарах. Іх апошнім прытулкам, а пасьля і месцам адраджэньня стала Белавеская пушча.

Паўтысячагодзьдзя таму зубры, вага якіх магла сягаць да тоны, былі буйнейшымі за сваіх нашчадкаў.

«Волатным целам сваім ён настолькі вялікі, што, калі раняць сьмяротна і ранены ўкленчыць, трох паляўнічых садзіцца ў яго між рагамі, — піша аб зубрах Мікола Гусоўскі. — Зьлямчаны клін барады памялом вытыркае з-пад сківіц, з позірку зыраць і злосьць, і нянавісьць, і ярасьць. Грыва калматая шчыльна да самых лапатак шыю ўкрывае, зьвісаючы ўніз па калені». Хадзіла нават легенда, што на шкуры забітага волата-зубра маглі спаць на начлезе 15 лаўцоў.

Сёньняшні зубр важыць ад 700 да 850 кіляграмаў, спажываючы ўдзень каля 40-50 кіляграмаў рознага зяленіва і выпіваючы 50 літраў вады, якую ўзімку часткова замяняе сьнег. Рацыён зубра складаюць прыкладна 400 відаў расьлін, а таксама гародніна, сена, якімі яго цяпер у халодную пару частуе чалавек. Улетку зубр аддае перавагу сакавітай траве, а ўвосень галоўным прысмакам становіцца сьпелы жолуд, радзей — ягады і грыбы. Зубры жывуць статкам, у якім пануе матрыярхат. У спакойныя часы зубры ідуць па лесе павольна, нясьпешна. Аднак у выпадку небясьпекі па загадзе мудрай зубрыхі здольныя перайсьці на лёгкі і хуткі галоп, пераскокваючы шырокія равы і перашкоды, што даходзяць да двух мэтраў у вышыню.

З-за дзікага нораву і сілы магутнай зубра называлі царом над усімі зьвярамі. Небясьпечным для зубрынага статка магла быць хіба што зграя ваўкоў ды чалавек, што выйшаў на паляваньне. Першым жа зубр ніколі не нападзе. «Не чапай — не зачэпіць, — дае параду Мікола Гусоўскі. — Будзе стаяць, як укопаны, не страпянецца». І пільна назіраць. Уцёкі — адзінае выйсьце для чалавека, бо за ўцекачом зубр бегчы не стане.

Увосень пушча напаўняецца асаблівым зубрыным мыканьнем. Распачынаецца пэрыяд яру, які цягнецца з тыдзень. Пасьля чаго самцы неўзабаве пакідаюць статак, а для зубрых надыходзіць пара мацярынства. Праз дзевяць месяцаў на сьвет зьяўляюцца 22-23-кіляграмовыя цяляты, якія ўжо праз паўтары гадзіны здольныя крочыць за маці і пераймаць яе паводзіны. Зубрынае малако надзвычай тлустае, таму зубраняты хутка растуць. Жывуць зубры 20-25 гадоў. У няволі, у выпадку добрага ўтрыманьня, іх жыцьцё можа аказацца на гадоў дзесяць даўжэйшым.

2. «Вам пра зуброў паляўнічы ў нас кожны раскажа…»

Паляваньне здаўна лічылі лепшым бальзамам падупаламу целу і духу. «Больш у ім лекаў для цела, чым нават у зельлі, — перакананы Мікола Гусоўскі. — Можа, таму і палюе ў нас кожны з маленства. Лепшая практыка воку, лякарства для вуха — высачка зьвера з яе пастаянным дазорам».

У старажытнасьці людзі палявалі перадусім дзеля мяса. Так, здабыўшы зубра, можна было накарміць цэлы род. Цяпер жа зубрынае мяса — сапраўдны дэлікатэс. Ва ўсім сьвеце зубры знаходзяцца пад пільнай аховай, аднак час ад часу адбываецца кантраляваны службамі аховы прыроды адстрэл гэтай жывёлы. У гэтым выпадку мяса можа патрапіць на стол рэстарацыі. Так, адна з найбольш папулярных кавярняў Варшавы Zeliony Niedźwiedź падае каўбасу з зубра, печанае мяса альбо сэрца запаведнай жывёлы.

Апошні прытулак зубра, Белавеская пушча, з даўніх часоў была месцам удалага паляваньня. У запаведных лясах здабываў зуброў, тураў і высакароднага аленя Ўладзімер Манамах. Ягайла тут назапашваў дзічыну для свайго 100-тысячнага войска, што прыняло ўдзел у Грунвальдзкай бітве. Зубрыныя аблавы ладзіліся часта — памеры і нораў зубра зрабілі яго жаданай здабычай падчас паляваньня. «Вам пра зуброў паляўнічы ў нас кожны раскажа, — чытаем у „Песьні пра зубра“. — Толькі спытай — прагаворыць да ранішніх пеўняў». Аднак лавіць гэтага зьвера было няпроста і надзвычай небясьпечна. Першым зубр не нападае ніколі, аднак, баронячы сябе і свой статак, будзе біцца да апошняга. «Схібіш з разьлікам — і паправіцца часу не будзе», — папярэджвае Мікола Гусоўскі. Каб злавіць зубра, паляўнічыя выкарыстоўвалі пастку — вузкі двухсьценак даўжынёю ў некалькі кілямэтраў, падзелены на адсекі, альбо пасынкі-пасткі. Як толькі зубр трапляў у пасынак, прагон закрывалі на засоў і па адмысловым сыгнале распачыналі атаку на зьвера, пускаючы ў яго дзіды, стрэлы, дроцікі, пікі. Паранены зубр вар’яцее, страшна рыкае і з нянавісьцю глядзіць на ворагаў. Дарэчы, былі выпадкі, калі зубр толькі позіркам забіваў неспрактыкаваных паляўнічых — маладое сэрца не вытрымлівала і разрывалася ад жаху перад разьюшаным зьверам.

Асабліва частым госьцем пушчы быў Вітаўт — княскія ловы падтрымлівалі боегатоўнасьць ваяроў у міжваенны час, вынішчаючы боязь і страх з іх сьвядомасьці. Ратнікі Вітаўта летам былі на войнах, а з піліпаўкі і па грамніцы мелі аддуху ў лясах, палюючы на зьвера.

Зьвер здабываўся па-рознаму. Аднак найлепшай здабычай лічылі тую, што дастаўлялі ў лягер жыўцом. «Высач, злаві, прывядзі, не скалечыўшы, зубра, — піша Гусоўскі. — Гэта ўжо мужнасьць, і доблесьць, і нават геройства». Каб злавіць зубра жывым, высякалі адмысловы клін, з якога для зьвера выйсьця ўжо не было. Зьверху на яго накідвалі пятлю, вяроўкамі зьвязвалі ногі і вялі ў лягер, дзе палоннага чакала апошняе выпрабаваньне. Коньнікі павінны былі пацэліць у выпушчанага на пожню зубра, загадзя адзначыўшы адмысловай зарубкай сваю стралу. Найвышэйшую ўзнагароду атрымліваў той, хто здолеў сьмяротна параніць зьвера.

Паступова паляваньні набываюць выгляд пышнай забавы для двара. Аднак не заўсёды каралеўскія ловы сканчваліся пасьпяхова для гледачоў. Мікола Гусоўскі апісвае выпадак, як аднойчы ў Белавескую пушчу на зубрыную аблаву прыехаў Аляксандр Ягелончык з жонкай Аленай у кампаніі фрэйлін і знаці. Цесьляры загадзя збудавалі ў лесе памост у тры сажні на тоўстых апорах з лесьвіцай збоку. Пышна апрануты двор весяліўся ў чаканьні незабыўнага відовішча. Нарэшце пачуўся паляўнічы шум і на пожню выскачыў скрываўлены зубр з коп’ямі ў загрыўку. Яркая чырвань каралеўскіх убораў яшчэ больш разьюшыла зьвера, які са страшным рыкам кінуўся на памост і з усяе моцы ўдарыў у яго рагамі. Другі ўдар, відавочна, прымусіў бы каралеўства і княства апрануцца ў жалобу.

Напрыканцы XVI стагодзьдзя зуброў у пушчы паменела. І каранаваныя асобы ўзялі на сябе апеку над зьверам. Вёўся ўлік зьвяроў, вызначаліся колькасьць жывёл для адлову і асобы, хто меў права на паляваньне. Кацярына ІІ, да прыкладу, у часы свайго валадараньня дазволіла ў пушчы неабмежаванае паляваньне, акрамя адстрэлу зуброў. Аднак у вялікай колькасьці апошнія адстрэльваліся для эўрапейскіх музэяў. У 1802 годзе зуброў абараняе царскі ўказ Аляксандра І аб забароне паляваньня на белавескага волата.

У 1860 годзе на паляваньне ў пушчу выходзіць Аляксандар ІІ. Заўзяты паляўнічы, ён удзельнічае ў ловах толькі аднойчы. Больш за тое, цар абмяжоўвае паляваньне на зубра. Бронзавага зубра, пастаўленага ў яго гонар, цяпер можна ўбачыць на польскай частцы Белавескай пушчы. Апекаваўся зубрам і Аляксандр ІІІ. На часы яго ўладараньня пушча знаходзіцца ва ўласнасьці царскай сям’і, у Белавежы збудаваны паляўнічы замак, куды з Гайнаўкі па чыгунцы на бліскучыя паляваньні прыяжджалі найясьнейшыя асобы. Падчас нямецкай акупацыі пушча становіцца паляўнічымі ўгодзьдзямі Гэрынга і высокапастаўленых асобаў Германіі. Пасьля вайны ў запаведным лесе палююць Хрушчоў, Брэжнеў, Машэраў. Пад пагрозай — зьнікненьне не толькі асобных відаў жывёл, але і самой пушчы…

3. Зьнікненьне і адраджэньне

Апека і забаронныя ўказы не ўратавалі зубра ад зьнішчэньня. 1 студзеня 1927 года, згодна з міжнародным перапісам, у сьвеце засталося 52 зубры, калісьці вывезеныя з Белавескай пушчы і жыўшыя ў няволі. Апошняя вольная пушчанская зубрыца была забіта ў лютым 1919 года. Верагодна, у зьвера пацэліў лясьнік з вёскі Сточак Варфаламей Шпаковіч.

Ідэя зьберагчы зубра ад выміраньня належыць польскаму дасьледчыку Яну Штольцману. Неўзабаве ўтварылася Міжнароднае аб’яднаньне па ўратаваньні зубра, і ўжо ў 1926 годзе сьвет пабачыла Сусьветная племянная кніга зуброў. Праз тры гады ў Белавескую пушчу былі завезеныя 5 зуброў з Польшчы, Германіі і Швэцыі.

1944 год падзяліў пушчу на дзьве часткі. 16 зуброў белавескага падвіду засталіся на тэрыторыі Польшчы, аднак праз два гады зубрыны гадавальнік паўстаў і на беларускай частцы. Працу ўзначаліла, прысьвяціўшы ёй 30 гадоў, навуковы супрацоўнік Людміла Корачкіна. Першымі гадаванцамі беларускай пушчы сталі пяць зуброў каўказска-белавескага паходжаньня. Аднаго з іх звалі Пугінал. Яго пудзіла цяпер можна ўбачыць у Музэі прыроды Белавескай пушчы. Ён памёр у 1962 годзе ва ўзросьце 20 гадоў і пяці месяцаў.

Пераезд першых зуброў праз савецка-польскую мяжу зафіксаваны на плёнку. Відэа знакавага ліпеньскага дня можна ўбачыць на афіцыйнай старонцы Нацыянальнага парку Белавеская пушча. Пазьней да іх далучыліся зубры белавескай лініі, завезеныя з Польшчы. Пушчанскія егеры дзённа і ночна назіралі за зубрамі, вялі запісы, даглядалі іх, кармілі. У 1953 годзе сямёра зуброў былі выпушчаны на волю. Прайшло яшчэ 15 гадоў і патрэба ў гадавальніку адпала, бо ўсе зубры атрымалі свабоду. Неўзабаве загоны разабралі, а пабудаваны для егераў драўляны домік і паляна перад ім, дзе зімой падкормлівалі зуброў, прыстасавалі пад рэзыдэнцыю Дзеда Мароза.

Да гэтага часу ў пушчы засталіся толькі белавескія зубры, а жывёл з дамешкам каўказскай крыві вывезьлі ў лясы Ўкраіны і Паўночнага Каўказу. На сёньня ў Белавескай пушчы жыве больш за 500 чыстакроўных зуброў. На пачатку ХХ стагодзьдзя ва ўсім сьвеце не засталося ніводнага дзікага зьвера. Разьвядзеньне ў няволі і далейшая акліматызацыі дазволілі вярнуць жывёлу ў натуральнае асяродзьдзе. Цяпер зубры жывуць у Беларусі, Польшчы, Украіне, Літве, Латвіі, Вугоршчыне, Малдове, Гішпаніі, Расеі, Кіргізіі.

4. Дзе ў Беларусі зубр жыве?

На сёньня ў Беларусі жыве больш тысячы зуброў. Каля паловы зубрынага насельніцтва Беларусі трэба шукаць у Белавескай пушчы, дзе жывёлы гадуюцца ў экскурсійных вальерах і на волі. Гісторыю пушчы і яе жыхароў захоўвае Музэй прыроды, што разьмешчаны на тэрыторыі парка.

Бярэзінскі біясфэрны запаведнік стаў другім месцам у краіне, дзе ў 70 гады зьявіліся зубры. Убачыць зубра і нават пакарміць зьвера хлебам і гароднінай можна і ў лясным заапарку, адкрытым штодзень на тэрыторыі запаведніка.

У 1987 годзе зубры зьявіліся ў Прыпяцкім нацыянальным парку — цяпер іх агульная колькасьць набліжаецца да ста.

Каля 200 зуброў вольным статкам жыве ў заказьніку «Азёры» на Гарадзеншчыне. Штогод з дазволу і згоды Міністэрства прыроды ў гаспадарцы ладзяць паляваньне на зубра — вядуць адстрэл старых і хворых жывёл, якія ўжо не ўдзельнічаюць у жыцьці статка. Колькасьць зуброў у Азёрах штогод павялічваецца, што прымушае кіраўніцтва гаспадаркі шукаць для жывёл новыя тэрыторыі. Так, некалькі дзясяткаў азёрскіх зуброў пераехала на Віцебшчыну. Плянуецца пераезд у іншыя раёны Гарадзеншчыны, а таксама за межы краіны.

Жывуць зубры і ў Налібоцкім заказьніку на Валожыншчыне. З 1994 года, калі пасьля доўгай адсутнасьці гэты зьвер зноў зьявіўся ў Налібоцкім лесе, статак налічвае больш за сотню асобінаў.

Вялікая папуляцыя зубра жыве на Магілёўшчыне на тэрыторыі Асіповіцкай лясной гаспадаркі. Тут на зубра можна не толькі паглядзець, але і паўдзельнічаць у паляваньні — напрыканцы восені і зімою егерская служба прапануе індывідуальныя ловы на зьвера.

Абжываюць зубры і Палескі радыяцыйны запаведнік — цяпер у тутэйшых лясах разам з іншымі не менш цікавымі жывёламі жывуць 116 зуброў. Праўда, на тэрыторыю заказьніка можна патрапіць толькі з дазволу адміністрацыі з суправаджальнікам і ў адмысловай форме.

Адным з найбольш зручных месцаў для назіраньня за зубрамі ў Беларусі можна назваць турыстычны комплекс «Чырвоны бор» на Віцебшчыне, што разьмешчаны на тэрыторыі заказьніка. Тут магчымыя лясныя прагулкі, джып-сафары, а таксама фотапаляваньне з гарантыяй убачыць і сфатаграфаваць не толькі зубра, але і самых шустрых і няўлоўных жывёл.

5. «Песьня пра постаць, дзікасьць зубра і паляваньне на яго»

Менавіта зубру прысьвечаны твор выдатнага паэта-лацініста эпохі Адраджэньня, які стаўся клясыкай беларускай літаратуры.

У кастрычніку 1523 года ў кракаўскай друкарні Ераніма Віетора быў адціснуты першы экзэмпляр «Песьні пра зубра» Міколы Гусоўскага. Зборнік складаўся з напісанай лацінскаю мовай паэмы, 11 вершаў і празаічнага прысьвячэньня каралеве Боне Сфорца, якая матэрыяльна падтрымала выданьне кнігі. Друкарня Віетора з уласнай паперняй знаходзілася на Казімежы — цяпер вуліца ў гэтай частцы горада, дзе стаяў гістарычны будынак, носіць імя друкара. Добра абсталяваная друкарня Віетора славілася дрэварытамі, якасьцю паперы і дасканалай працай з тэкстам. Сам Віетор называў сябе chalcographus accuratissimus, альбо надзвычай старанным друкаром, за што і атрымаў тытул тыпографа каралеўскай канцылярыі Жыгімонта Старога. З кнігарні выходзілі кнігі на польскай, лацінскай, нямецкай мовах, па-вугорску і па-грэцку. Віетор супрацоўнічаў з аўтарамі гуманістамі, аднойчы нават быў пакараны за выданьне прац Марціна Лютэра. Кнігі з друкарні Віетора разыходзіліся па прыватных калекцыях. Некалькі асобнікаў зьмяшчала і знакамітая бібліятэка Храптовічаў у родавым маёнтку на Наваградчыне.

Працу над «Песьняй пра зубра» Мікола Гусоўскі распачаў у 1521 годзе ў Рыме, дзе выпускнік прэстыжных унівэрсытэтаў Балёньні, Вільні і Кракава апынуўся ў складзе літоўска-польскай дыпляматычнай місіі, якой кіраваў глава пасольства біскуп Эразм Вітэліюс. Бой італьянскіх быкоў на арэне нагадаў Гусоўскаму зубрыную аблаву на радзіме. Па просьбе Вітэліюса паэт піша паэму, якая разам з пудзілам зубра павінна была стаць падарункам папу Льву Х Медычы. Аднак ні папа, ні біскуп паэмы прачытаць не пасьпелі, бо неўзабаве сталі ахвярамі чумы, што лютавала ў Эўропе.

Мікола Гусоўскі нездарма стаў аўтарам «Песьні пра зубра». Ураджэнец цэнтральнай Беларусі, ён добра ведаў Белавескую пушчу, бо гадаваўся ў сям’і княжацкага палясоўшчыка, а магчыма, і паляўнічага. Бацька часта браў сына на лясныя абходы, дзе вучыў хлопца нячутна ступаць і прыкмячаць зьвяроў па бярлогах нюхам, і вухам, і вокам. Край свой Гусоўскі не раз абыходзіў пешшу, а ў пагоні за зьверам пераплываў з канём лясныя рэкі і строму паўнаводнага Дняпра. Добры коньнік і стралец, ён не раз удзельнічаў у ловах. Пазьней, замяніўшы стрэлы пяром для пісаньня, ён назаве сябе сьледапытам і лясным чалавекам, які добра арыентаваўся ў лясных нетрах.

Дзякуючы перакладніцкай працы Язэпа Семяжона, Натальлі Арсеньневай і Ўладзімера Шатона, мы маем магчымасьць чытаць «Песьню пра зубра» па-беларуску. У 1982 годзе на студыі Беларусьфільм зьявілася мультыплікацыйная вэрсія паэмы ў бачаньні рэжысэра Алега Белавусава. 25 верасьня 2008 года Беларусь адзначала 485-годзьдзе першай публікацыі паэмы. З гэтай нагоды выйшла памятная паштоўка з арыгінальнай маркай і выявай волата-зубра. Жыве песьня Гусоўскага і ў беларускай музыцы. Рок-гурт «Сузор’е» у 2008 годзе выпусьціў альбом «Песьня пра зубра», які патрапіў у дзясятку лепшых альбомаў года па вэрсіі музычнага гіда experty.by. У альбоме Verbum гурта сярэднявечнай музыкі «Стары Ольса» гучыць песьня на словы Міколы Гусоўскага.

6. Зуброўка — моцная як зубр

Зуброўка — адна з расьлін, якая ўваходзіць у рацыён зубра. І горкі напой, вядомы ў Рэчы Паспалітай з XVI стагодзьдзя. І сувэнір-пачастунак, што ахвотна вязуць з Беларусі.

Духмяная і лекавая зуброўка здаўна расьце ў Белавескай пушчы. Адметнасьць гэтай шматгадовай зёлкі ў тым, што яна ўтрымлівае кумарын. Рэчыва з пахам толькі што скошанага сена ўздымае апэтыт і спрыяе добрай працы страўніка. Цьвіце зуброўка ў траўні-чэрвені. Маючы розныя колеравыя адценьні — ад сьветла-жоўтага да бурштынавага — кумарын надае напою зелянкавае адценьне і спэцыфічны лугавы водар. Напой, настоены на гэтай траве, назвалі зуброўкай. У Беларусі яе гатуюць у Менску і Берасьці з рэктыфікаванага сьпірту, зерня, сухога жытняга хлеба, зуброўкі, мёду. Настойка мае мацунак 40% і гаркавы прысмак. Падаюць яе да халоднага мяса, дзічыны, птушкі і халодных закусак. Традыцыйна кілішкам зуброўкі запівалі бігас — зімовую страву з капусты, розных гатункаў мяса і вяндлінаў, сушаных грыбоў і сьліваў.

7. Зубр — на гербе, залатой манэце і крэдытнай картцы

Для Беларусі зубр стаў адным з яскравых сымбаляў краіны, у якім спалучаюцца мужнасьць, сіла і свабода. Так, надзвычай свабодалюбівы зубр не паддаецца дрэсіроўцы, і дапамогу ад чалавека ў выглядзе падкормліваньня ўзімку ён прымае не інакш як з каралеўскай годнасьцю.

Выявы зубра і яго імя актыўна выкарыстоўваюцца ў брэндынгу цэлай краіны і асобных прадпрыемстваў. Скульптура зубра вітае гасьцей у нацыянальным аэрапорце, шматмэтровы сылюэт зубра можна ўбачыць на трасе Менск-Берасьце — менавіта гэта дарога вядзе ў Белавескую пушчу. Вобраз зубра зьмешчаны і на эмблеме Белавескага нацыянальнага парка. Выява зубра ўпрыгожвае герб і сьцяг Берасьцейскай і Гарадзенскай абласьцей, а таксама прысутнічае на дзяржаўных сымбалях Сьвіслачы.

Зубр зьмешчаны на эмблеме першага ў краіне заапарка, які быў закладзены ў Гародні аматарам прыроды Янам Каханоўскім у 1926 годзе. Да 75-годзьдзя Гарадзенскага заапарка ў Беларусі быў выпушчаны паштовы штэмпэль — вядома, з малюнкам высакароднага зьвера. Да гэтага ў філятэліі зубр прысутнічаў на паштовай марцы 1996 года. Сылюэт зубра добра вядомы прыхільнікам хакейнага клюба «Дынама», а ў 2014-м волат увогуле стаў талісманам чэмпіянату сьвету па хакеі.

Зубр прысутнічаў на звароце 100-рублёвай купюры 1992 года, а таксама на срэбных і залатых памятных манэтах. Знайшлося месца зубру і на плястыкавых картках — крэдытка ад «Альфа-банка» пад назвай «Моцная». Як сымбаль надзейнасьці на сваім лягатыпе зубра ўжывае «Белшына» і пінскі вытворца акумулятараў ZUBR. Некалі зубр прысутнічаў і на прадукцыі Менскага аўтамабільнага завода — выпушчаны ў 1947 годзе грузавік МАЗ-200 зьявіўся з выштампоўкай зубра на капоце.

Прыклады ўжываньня вобраза зубра можна пералічваць даволі доўга. Зубр — гэта і каталёг беларускіх інтэрнэт-рэсурсаў, і прыдарожная карчма, і кампанія, што прафэсійна кіруе фондамі прамых інвэстыцыяў, і бэйсбольны клюб. Зубр прысутнічае на цукерках, адзеньні, посудзе, на паштоўках, у кнігах і фотаальбомах. А для многіх — ва ўспамінах і асацыяцыях з нашай краінай.

Фота Сяргея Плыткевіча, www.planetabelarus.by

Радыё Свабода


Дадаць каментар

*

*

Апошнія навіны

Яндекс.Метрика