Кажуць, што знакамітыя рэстаранныя зоркі “Мішлен” даюць не толькі за смак ежы, але і за атмасферу, environment. І ў гэтым сэнсе спектаклі Беларускага свабоднага тэатра застаюцца цікавым відовішчам, якое мусіць паспрабаваць кожны цікаўны.
Цяпер спектаклі паказваюцца ў офісным памяшканні ў цэнтры горада. І спачатку дзіўна адчуваеш сябе без звыклай тэатральнай завядзёнкі, але прызвычайваешся даволі хутка. Больш за тое, пачынаеш адчуваць цікавы эфект, пра які згадаю пазней.
Адным словам, гэта зноў пацверджанне тэзы – дзе мы, там і тэатр. Досыць простая тэхніка, простае абсталяванне, тры акцёры ў вышымайках і працоўных камбезах, некалькі мяхоў з саломай – гэта сапраўды нескладаны спосаб рабіць сцэнічнае мастацтва па-за тым, што мы прызвычаіліся называць сцэнай.
Але самая галоўная фішка Свабоднага тэатра – выканаўцы. Калі ў тэатра няма нават уласных сцен, то менавіта выканаўцы робяцца носьбітамі духу і ідэі тэатра. У канчатковай версіі спектакля “Зямля №2” (рэжысёр Уладзімір Шчэрбань) са старой гвардыі заняты толькі Павел Гарадніцкі, якога пакінулі на дэсерт у трэцяй частцы спектакля паводле п’есы “Лондан”. Спектакль складаецца з трох невялікіх монаспектакляў. У першых двух спектаклях – “Тытан” і “Спачуванне раптам адкрыла ёй…” – занятыя Андрэй Уразаў і Юлія Шаўчук адпаведна.
Рэжысёр адразу збівае глядацкія штампы ўспрыняцця. Андрэй Уразаў амаль не працуе “жывым планам”, мы бачым яго толькі ў жывой відэатрансляцыі, пры тым, што ён сядзіць непасрэдна перад намі, схіліўшыся перад камп’ютарам, раз-пораз толькі выскоквае з яго, каб чарговы раз панаракаць, што не атрымліваецца расказаць гісторыю як след. Маленькая вэб-камера паказвае буйным планам то галоўнага героя, то плед, быццам гэта паверхня далёкага Тытана, спадарожніка Сатурна, то партнёраў, якія разыгрываюць іншых дзейных асоб гісторыі. Дыстанцыю, якая ўтвараецца такім чынам, рэжысёр кампенсуе беглым рытмам маўлення, і гэта пазнавальная фіча Свабоднага тэатра – працаваць з рознымі рытмамі і хуткасцямі тэксту. Да таго ж Андрэй Уразаў прамаўляе тэкст жвавай, быццам узнятай інтанацыяй. І ўсё працуе на камічнасць, несур’ёзнасць таго, што адбываецца.
Юлія Шаўчук наадварот ужывую расказвае сваю гісторыю пра чорны дзень простага хлопца, які працуе грузчыкам на складзе. Гэты ўрывак таксама насычаны простымі візуальнымі прыёмамі, напрыклад, Шаўчук увесь час ці то б’е мяхі з саломай, ці то яе імі б’юць. На экране паказваюцца ўмоўныя часткі гісторыі на манер нямога кіно.
Саспенс гісторыі настолькі напружаны, што яна пралятае на адным дыханні. І хіба фінальная песня пра котку дае гэта самае дыханне перавесці. Сапраўдная котка ў гэты час спужана насілася між ног гледачоў.
Пасля невялікага перапынку Павел Гарадніцкі расказвае гісторыю пра слесара-сантэхніка і яго вандроўку ў Лондан. Выбітнасць гэтага выступлення заключаецца ў лёгкасці і непасрэднасці, з якой артыст камунікуе з публікай. Разагрэтыя ў даволі душным памяшканні гледачы з задавальненнем адказваюць на няхітрыя пытанні па сантэхнічнай прафілактыцы ці спяваюць песню Саладухі ў канцы. І самы важны момант спектакля таксама інтэрактыўны, калі герой Гарадніцкага вяртаецца на радзіму і з ім адбываецца істэрыка ў самалёце – па п’есе да яго прыязна і спачувальна ставіцца ў гэты момант суседка-іншаземка, і па спектаклі ён плюхнуўся між гледачоў на першы рад, а сталая жанчына з гледачоў супакойвала, гладзіла артыста па плячы. Гэта вельмі моцны тэатральны момант, за якія, мне здаецца, Свабоднаму тэатру многае даруюць нават прыхільнікі традыцыйных тэатральных каштоўнасцяў.
Кантакт артыстаў і аўдыторыі адбыўся напоўніцу. Усе з цяжкасцю ўлезлі, з задавальненнем пазнавалі пэўныя рэаліі часу. Абсалютна нікога не засмуціла ні тое, што п’есы Максіма Дасько не з’яўляюцца п’есамі ў традыцыйным сэнсе, ні адсутнасць іншых тэатральных умоўнасцяў.
Калі глядзець міні-спектаклі разам, то заўважная даволі тыповая сюжэтная схема ў Дасько, дзе ён закідвае свайго героя вельмі далёка ад звычайных умоваў (Тытан, лякарня, Лондан – наўрад ці істотная розніца ў дадзеным кантэксце, хаця Лондан, вядома, больш прыемны варыянт), і ў героя абавязкова адбываецца інсайт, дзе ён, слабы і бездапаможны, сустракае аблічча жыцця ва ўсёй прыгажосці. Прыгажосць жыцця, што праўда, выяўляецца ў выглядзе даволі прымітыўнай поп-музыкі, але глыбіня інсайту настолькі глыбокая, што эстэтычныя параметры становяцца не такімі важнымі.
Такім чынам, Беларускі свабодны тэатр здзяйсняе сваю праграму дэсакралізацыі тэатральнага мастацтва. Класіцысцкія нормы пра тэматычную ўзнёсласць лёгка разбіваюцца добразычлівай, хоць і хуліганскай атмасферай іх спектакляў. І тут офісная абстаноўка аказваецца якраз дарэчы. Такое адчуванне, што ты глядзіш жывую версію фэйсбука, дзе сябра расшарыў табе прыколы нашага гарадка, застаецца толькі націснуць падабайку ці як мы там гэта называем?
І такі метад паглядзець на сваю звыклую рэчаіснасць у рэжыме дабрадушнай самаіроніі выконвае функцыю рэлаксацыі не горш за традыцыйную стратэгіі, паглядзець на сцэне пра прынцаў і далёкае прыгожае замежжа, каб забыцца на гэтае праблемнае жыццё. Нягледзячы на тое, што з маім успрыняццем п’ес Дасько такі погляд не супадае.
Аляксей Стрэльнікаў, фота з фэйсбука Вікторыі Біран