Каляды, Шчадрэц (Новы год) – самыя яркія і доўгачаканыя святы ў гадавым коле народных каляндарных абрадаў. Лічылася, што калі весела правесці пачатак Новага году, то ўвесь год будзе вясёлы і шчаслівы.
Кульмінацыя калядных абрадаў і чыннасцяў — абыход двароў групай калядоўнікаў 7 студзеня (калядны абыход) або 13 студзеня (шчадраванне). Склад калядоўнікаў мог вар’іравацца: у адных мясцінах хадзілі толькі хлопцы, у іншых – хлопцы і дзеўкі, або мужчыны і жанчыны.
Цэнтральнай асобай абыходнай групы была “каза” – сімвал Новага году, “новага сонца”. Згодна з тэкстам старажытнай песні, каза з казлянятамі хаваецца на гары, іх пераследуюць воўк з ваўчанятамі. Уратаваўшыся ад ваўка, каза трапляе да старога дзеда, які яе забівае: гэта ахвяра дзеля “адраджэння” сонца, надыходу Новага году.
Го-го-го, коза, го-го-го, сера,
Дзе ты рогі подзела?
На соль проела.
А соль дорога, а мера мала.
Под горою воўк з воўчэнятамі,
На горэ коза с козенятамі.
Выскочыў воўчок,
За козоньку цоб,
А воўчэнята — за козенята.
Выскочыў заец, стаў козу лаець:
Ты здзесь, козонька, не господыня –
Свойіх дзеток не покорміла,
Узела б серпок, нажала б снопок,
Покорміла б, поводзіла б
По сунічнічку, по бруснічніку.
Пошла б у тэ сэльцэ, у Міколаеўку,
У Міколаеўцы ўсе хлопцы-стрэлцы,
Позбіраліса, позмоўляліса,
Хочуць козу ўбіць, дай славу зробіць.
А я тых хлопцоў дый не боюса,
Только боюса старого дзеда,
Дзед як дасць у вушко – поцечэ юшка.
У групу калядных персанажаў маглі ўваходзіць таксама “дзед”, “конь” ці “кабыла”, “мядзведзь”, “воўк”, “жораў”, “бусел”, сарока”, “салдат”, “цыган”, “доктар”. Калядныя падарункі насіў “механоша”.
Першым у хату ўваходзіць “дзед”-павадыр, які вядзе за сабой “казу”. За імі ідуць музыка, механоша і ўся “світа”. “Каза” становіцца пасярод хаты, пры ёй павадыр, астатнія стаяць у парозе. Пахваліўшы гаспадароў, павадыр пачынае дражніць кіем “казу”, якая тут жа падае на зямлю, нібы памірае. Каб ажывіць казу, трэба яе задобрыць: што-небудзь падарыць. Гаспадары не шкадуюць пірагоў, сала, каўбасы, бо, вядома ж, калядная “каза” — сімвалічны гарант добрага ўраджаю ў наступным годзе.
Дзе коза туп-туп, там жыта сем коп.
Дзе коза рогом – там жыто стогом.
Зайшоўшы ў хату, калядоўнікі сыпалі зерне, здзяйсняючы рытуальны пасеў збожжа, які павінен быў забяспечыць поспех земляробчай працы, зычылі гаспадарам багатага ўраджаю, усякага дабрабыту, дачок пааддаваць, сыноў пажаніць. Атрымаўшы ад гаспадароў падарункі, калядоўнікі пераходзілі ў іншую хату.
Здымкі 2009 году, в. Пагост, Піншчына, серыя “Дахрысціянскія традыцыі”.