Воўк, паводле беларускага этыялагічнага падання, быў створаны чортам, які зайздросціў Богу і дасканаласці божых стварэнняў, і спрабаваў стварыць сам. Пабачыўшы сабаку, чорт паставіўся да яго крытычна – малы, слабы, – і намерыўся зрабіць лепшага. Зляпіў з гліны большага, з вялікімі зубамі, яго мусілі ўсе баяцца. Тым часам ішоў Бог, і чорт стаў цкаваць свайго звера на Бога: “Кусі яго, кусі!”. Але чортава стварэнне засталося нерухомым, мёртвым. Тады Бог ажывіў яго: “Кусі, воўча, чорта!” воўк кінуўся на чорта, укусіў яго за нагу. Чорт ледзь выратаваўся ад яго на алешыне, абліўшы яе сваёю крывёю.
У іншым сюжэце апавядаецца, што ваўка зрабіў сам Бог, бо пранікся жалем да сіротак, якія засталіся без бацькоў, іх не было каму карміць.
Адкуль ваўкі
Гэта было так. Засталіся дробныя сіроты ад бацькі, ад маткі. Некаму было карміць іх, а ні даглядаць; нейдзе було ім падзецца. Тады бог зжаліўся над імі і здзелаў ваўкоў. А ўперадзі скот быў без пастухоў, самапасам хадзіў. Ну, ваўкі як сталі скот есці, шкоду дзелаць, людзі і давай наймаць пастухоў. І гэтых сірот нанялі. Сталі яны і сыты, і адзеты. А ваўкі так і пашлі адгэтуль.
Воўк з’яўляецца адным з герояў каляднага абыходу. У калядных песнях воўк з ваўчанятамі выступае як антыпод казы з казлянятамі. Ён спрабуе адолець казу, якая з’яўляецца сімвалам новага сонечнага году.
У чыстым полі лаза стаіць,
Каляда!
На тэй лазе каза сядзіць.
Прыйшоў да яе серанькі ваўчок:
– Да злезь, каза, патанцуім.
– Не палезу, цябе баюся.
Ў цябе, ваўчыго, хвост як памяло.
– Я ў пана быў, пакоі мёў.
– У цябе, ваўчыго, вочы вялікі.
– Я ў пана быў, грошы лічыў.
– Ў цябе, ваўчыго, язык шырокі.
– Я ў пана быў, талеркі лізаў.
Каза ратуецца ад ваўка, але трапляе да старога дзеда, які забівае яе, прыносячы ў ахвяру дзеля новага сонца.
Була в мэнэ маты-мачуха,
Послала ж мэнэ з рэшэтом воду.
Шчо й набэру – вода вытэчэ.
Дай брала ж бы я дай до ночэйкі.
Аж бэжыть-стонэ аж тры воўчэйкі,
Дай ўзялы ж мэнэ дай под ручэйкы,
Повэлы мэнэ у сухы лозы,
Тай сталы ж воны там дылытыся.
Одному ножкі, другому – ручкі,
Ох, а трэтёму – дай головочка.
Стара мачоха кросэнця ткала,
Тай за смішкамі ныткі порвала.
Ох а батэнько сукенку шые,
Тай за слёзамі світу нэ бачыть.
Молодыца жыто жала,*
Под мыжою дытя клала,
Выбыгае воўк із ліса:
Молодыцо, дытя плачэ.
Поколышы, сывы вовку.
Ой, рад бы я колыхаты.
Да боюся, коб ны ўзяты.
Аб паходжанні воўка
Бог сатварыў чалавека з гліны, а чорт сатварыў воўка,— і сталі з сабой закладацца. Бог гаворыць:
– Маё лепша.
А нядобры гаворыць:
— Маё лепша.
Спіраюцца. А бог кажаць:
— Ты сам на сваю работу будзеш тукаць, а мая работа будзець усяму свету радасць. Вот толькі паглядзі на маю работу,— з яе ўвесь свет завядзецца, а вот адступі і глянь на сваю.
Нядобры адступіў, а воўк ускочыў і пабег, і вужакі за ім папаўзлі. Тады чорт адвярнуўся і крыкнуў:
— Гаму!
А бог і засмяяўся:
— А вдто,— гаворыць,— чы не казаў я, ш’то ты і сам будзеш на сваю работу тукаць?
Ну, і век усе на воўка тукаюць…
Як чорт зрабіў воўка
Па стварэнні света чорт зрабіў воўка з дзерава, але такога вялікага, як каня. Прынёс да Бога і кажа:
— Ці добры будзе?
— Э, не, вялікі.
Чорт зноў стругаў, стругаў, зрабіў, як добра жарабя, і прынёс да Бога, а Бог кажа:
— Яшчэ вялікі.
Так ён зноў давай стругаць і выстругаў ужо якраз.
Прынёс да Бога, Бог кажа.:
— Цяпер добры.
Так чорт крыкнуў:
— Кусі, воўча, Бога!
А Бог:
— Кусі, воўча, чорта!
Воўк сунуўда чорта, а чорт няма дзе. Тут, дзе быўшы, схапіўся на алешыну і раздзёрся.
Цяпер, от як здзярэш кару на альшыне, то дзерава чырвона, а гэта кроў чорта.
Ваўкалак
Ваўкалак – гэта чараўнік, які ператварыўся ў ваўка, або чалавек ператвораны ваўкалакам. У воўчым выглядзе ён паядае людзей і скаціну. Такі воўк-пярэварацень надзвычай крыважадны і небяспечны. Ростам ён большы за звычайнага ваўка, асабліва вялікая галава; у яго чатыры вокі: два на лобе, два на патыліцы, так што ён бачыць ва ўсе бакі. Каб скінуцца ваўком, трэба тройчы перавярнуцца праз нож, які ўваткнуты ў зямлю, вымавіць адмысловае закляцце. Калі воўк досыць нап’ецца чалавечай крыві і захоча зноў стаць чалавекам, ён павінен тройчы перавярнуцца праз той жа нож, але ў другі бок. А калі хто-небудзь падпільнуе гэтыя ператварэнні і, у адсутнасць ваўкалака, выне нож з зямлі, то ваўкалак так назаўсёды застанецца ваўком. Звычайнага чалавека сілаю чар можна ператварыць у ваўка, ён таксама, воляй-няволяй, будзе харчавацца людзьмі ці жывёламі, але, калі яго будзеш цкаваць сабакамі або захочаш забіць, то ён заплача чалавечымі слязамі.
Як чараўнік абярнуў вясельны паязд у ваўкоў
Некалі ехалі маладыя з вянца і, астанавіўшыся ў канцы сяла, прасілі вышоўшага мельніка, каб ён адчыніў ім весніцы. Але той не ўважыў іх просьбы і сказаў на ехаўшага спераду свата:
— Нявёлькі пан, і сам можаш адчыніць.
— А якім ты велькім панам тут зрабіўся; бадай табе камень лопнуў!
Адно што сват сказаў гэта слова, як у мліне зрабіўся нейкі велькі стук. Калі паглядзіць туды мельнік — аж яго камень, як сказаў сват, разляцеўсё надвое. Тады ён выскачыў зноў на двор і крыкнуў на дружбу:
— Гуж, га!
После гэтых слоў мельніка людзей на возах як не было. Уся дружба абярнулася ў ваўкоў і пабяжала ад сяла ў лес. Гэты мельнік зрабіў ім быць ваўкалакамі сем лет. Так яны і бегалі… Маладая і дружкі як былі ў стужках, так на іх была.
Жаніх-ваўкалак
Любіў адзін хлопец дзяўчыну да не захацеў яе ўзяць, а ўзяў другую. Перад шлюбам пайшоў ён кланяцца ды зайшоў к сваёй першай палюбоўніцы ў хату. Маці яе ды кажа яму:
— Вот бачыш, якая добрая твая маладая, нават і на шыю нічога табе не дала. На, вазьмі хоць гэту хустачку і завяжы, каб шыя не была голая,— і падала яму беленькую хустачку.
Малады гэта нічога не зразумеў, узяў ды завязаў яе сабе на шыю. Выйшаў ён з хаты, аглядваецца, адно ж і рукі, і ногі яго абрастаюць воўчаю шэрсцю, толькі на шыі, дзе была хустачка, засталася белая лапінка. Далей стаў ён глядзець, дак і сусім ужэ аброс, а заміж рук і ног парабіліся ў яго воўчыя лапы. Страшна стала яму ў сяле. Стаў ён ракам і пабег у лесі доўга жыў там з ваўкамі. 3 таго часу і стала можна зрабіць чалавека ваўкалакам.
Жаўнер і ваўкалак
Ішоў жаўнер на вёску на вечарынку. Дарога ішла каля вясковага магільніку. Раптам бачыць ён, як адна магіла расчынілася, з яе вылязае нябожчык і накіроўваецца да вёскі ўпярод жаўнера. Жаўнер думае: «Куды гэта ён пайшоў? Напэўна, вернецца назад. Дай лягу ў яго труну». Улез жаўнер у магілу, лёг у труну, закурыў трубку махоркі і чакае. Каля поўначы прыходзіць нябожчык.
— Ты зачым забраўся ў маё месца? — кажа нябожчык служываму.
Пайшла спрэчка.
— А ты куды хадзіў? — запытвае служывы.
Злуючыся, нябожчык адкаэвае:
— Гэта мая справа. Выходзь хутчэй з магілы, бо мне прыйшоў час класца на сваё месца!
А жаўнер упарта крычыць:
— Не пушчу, пакуль не скажаш, гдзе быў, што рабіў!
Яшчэ спрачаліся, нябожчык усё не казаў сваю тайну. Калі ўжо засталася адна хвіліна да поўначы, дык ён мусіў сказаць:
— Быў я ў вёсцы Дудары і там усю дружбу вясельную ў ваўкоў абярнуў.
А жаўнер кажа:
— Ага, нячысцік, ты памёр, а што робіш? Вось ты іх зрабіў ваўкамі, а мне павінен сказаць, як іх ізноў зрабіць людзьмі.
Нябожчык упарта не жадае сказаць.
— У такім выпадку я застануся на тваім месцы, — кажа жаўнер.
І тады нябожчык прымушан быў сказаць жаўнеру сваю тайну.
— Вось вазьмі адшчапі ад маёй труны трэску, запалі гэту трэску, пакуры кожнага ваўка, і будзе чалавек.
— Калі гэта праўда, дык я пушчу цябе на месца, — кажа жаўнер і захапіў з сабой трэску.
Не паспеў толькі жаўнер выйсці з труны, як нябожчык улез умагілу, і яна адразу зачынілася.
Жаўнер падыходзіць да вёскі і бачыць у гародах многа ваўкоў, а ўся вёска, сабраўшыся, — плачуць, енчуць, крычаць.
— Чаго вы сабраліся і чаго плачаце? — запытвае жаўнер.
Яны яму і апавядаюць, як нячысцік абярнуў іх суседзей і радзімых у ваўкоў.
Жаўнер кажа:
— Што мне будзе, дык усіх зраблю людзьмі?
— Усё, што ў нас ёсць, дык мы згодны аддаць за гэта, — адказваюць сяляне.
Жаўнер так і зрабіў, як казаў яму нябожчык, і вось дзіва: ваўкі ізноў сталі людзьмі.
Сяляне шчодра ўзнагародзілі жаўнера, і з тэй пары ён эажыў шчасліва і багата.
Вядзьмак-ваўкалак
Жылі два саседы. Адзін бедны, другі багаты. Багаты быў вядзьмак, а бедны — добры чалавек. Бедны купіў каня і вывеў на выган, а багаты ўзяў тры нажы, утачыў у зямлю і пачаў куляцца. Перакуляуся праз адзін нож – у яго галава стала воўчая, перакуляўся праз другі — тады ўвесь стан стаў воўчы, ён перакуляўся праз трэці — тады і ногі зрабілісь воўчыя. Тады ён паляцеў і задушыў каня, а бедны выняў адзін нож, як ён задушыў каня. Воўк задушыў і бяжыць назад к нажам, штоб адвярнуцца назад на чалавека. Прыбег. Як перакуліўся праз адзін нож — тады стала галава чалавечча; як перакуліўся праз другі нож — тады ўвесь стан зрабіўся чалавеччы; перакуліўся трэці раз, але ногі асталіся воўчыя, бо не было трэцяга нажа.
Здымкі — в. Сасновы Бор, Расонскі р-н, Віцебская вобл.: ад 28.02.2008 па 20.01.2009
Тэкст — Ірына Мазюк