— Усьведамленьне таго, што я беларус, прысутнічала на нейкім мэнтальным узроўні ў раньнім дзяцінстве, аднак пачало канчаткова фармавацца бліжэй да 7-10 гадоў. Я заўсёды вельмі шанаваў людзёў, што размаўлялі па-беларуску, нават да пэўнага часу меркаваў, што беларускамоўны чалавек ня можа быць дрэнным. Аднак жыцьцё паступова пераканала мяне, што ад валоданьня нашай мовай чалавек ня робіцца анёлам бяз крылаў, але мушу зазначыць, што сярод беларускамоўных маіх знаёмых больш адэкватных, чым сярод носьбітаў іншых моваў.
Калі мы з маці пайшлі ў менскі музэй Янкі Купалы, мне было недзе ля 9 гадоў, я хадзіў у расейскамоўную школу, дома мяне выхоўвалі ў духу інтэрнацыяналізму, забываючыся аднак на тое, што гісторыя пэўнае краіны мусіць разглядацца з пункту гледжаньня тытульнае нацыі. Заходзіў я ў музэй адным чалавекам, а выйшаў іншым. Менавіта тады, прайшоўшы ад і да гэты невялікі 2-х павярховы домік, наслухаўшыся таленавітых экскурсаводаў, я адчуў подых беларушчыны, які й зараз мяне падтрымлівае, калі здараюцца “чорныя” дні календару. Наагул, нашыя пісьменьнікі, такія як Максім Багдановіч, Васіль Быкаў, Уладзімер Караткевіч, Уладзімер Арлоў, Міхась Чарняўскі, Мікола Ермаловіч і, вядома ж, Янка Купала ды Якуб Колас, заўсёды былі, ёсьць і будуць для мяне асабіста ды, хочацца спадзявацца, для ўсіх беларусаў прыкладамі й сымбалямі сьвядомасьці, мэтаскіраванасьці й адданасьці свайму народу.
У сьвеце існуе шмат розных нацыяў, кожная зь якіх адметная па-свойму, ня буду пералічваць мажлівыя варыянты, Вы й так гэта чулі неаднаразова, скажу толькі, што жыць у Беларусі й звацца беларусам паводле пашпарту, цяпер паводле пасьведчаньня пра нараджэньне (узгадайце крылатыя выразы зь песьня Сержука Сокалава-Воюша) — гэта ня мой выбар.
Мой выбар — быць Беларусам зь вялікае літары, каб нашыя продкі, тыя людзі, што загінулі дзеля наступных пакаленьняў, ганарыліся намі зь нябёсаў, каб нашая мова й культура панавалі на айчынных прасторах, пры гэтым, як пісаў спадар Арлоў, нашыя госьці, прадстаўнікі іншых народаў, мусяць адчуваць сябе ўтульна, але заўсёды памятаць, хто тут госьць, а хто — гаспадар!
— Быць беларусам — што гэта значыць?
Быць беларусам – -мабыць, цяжка патлумачыць.
Быць беларусам – -няпростая праца.
Быць беларусам — людзьмі звацца!
Гэта ўрывак зь песьні Аляксандра Памідорава заўсёды грае ў мабільным, калі мне тэлефануе нехта з тых, хто, на мой позірк, варты “звацца беларусам”.
Алесь Мазанік, мэнэджэр беларускамоўных праектаў, музыка- ды кнігараспаўсюднік.