— Мае бабулі і дзядулі – “тутэйшыя”, паходзяць з вёсак Стаўбцоўшчыны. Але ўсведамленне сябе беларусам прыйшло некалькі гадоў таму, падчас вандроўкі па Індыі. Два месяцы ў краіне, якая для заходняй ментальнасці здаецца іншай планетай, моцна абвастрылі пачуццё “беларуса”. У Індыі я перачытаў дапаможнік па гісторыі Беларусі і амаль усяго Караткевіча.
Шмат беларусаў “абуджаецца” менавіта за мяжой. Пачынаюць чытаць літаратуру, цікавіцца гісторыяй. Грошы. Візы. Як толькі беларусы пачнуць ездзіць далей за Пухавічы, адразу пачнецца ўздым нацыянальнай ідэі. “Чым вы адрозніваецеся ад іншых народаў?” – гэта першае пытанне, якое гучыць ад іншаземцаў. І сам, калі вандруеш, шукаеш тыя ж самыя адрозненні. У кожнай нацыі сваё адчуванне жыцця. Кожны народ бачыць свет па-рознаму. Гэта самае цікавае: зразумець, чаму тая ці іншая нацыя жыве менавіта так. Ёсць агульныя рысы: чым больш мора і сонца, тым больш усмешак на тварах і менш жадання працаваць. Чым халадней і складаней жыць, тым больш даверу да слова чалавека – занадта вялікі кошт памылак. Таму паўночныя людзі надзейныя, як скала.
Так званую абыякавасць да жыцця, інэртнасць беларусаў таксама лёгка растлумачыць: у падзеях апошніх 200 гадоў зніклі гены непакорнасці. Выжылі толькі хамелеоны, непрыкметныя людзі, якія не ўступаюць у канфлікт. Іншых павесілі ці расстралялі. З мовай і культурай тая ж самая гісторыя: “Что недоделали русские штыки, доделает русская школа”, – гэтыя словы Мураўёва падхапіла і савецкая школа, выхаванцам якой з’яўляюся і я.
За мяжой нас амаль не ведаюць, хіба “Чарнобыль-Лукашэнка”. Я б іншым народам расказаў пра беларусаў так: гэта народ, які знішчалі ўсе апошнія стагоддзі, і досыць паспяхова. Глядзіце на нас, мы прыкладам. Каб народ прытомнасць страціў – дастаткова забраць у яго гісторыю і мову. Але вы, менавіта вы, французы, амерыканцы, кітайцы – увесь свет, можаце нас абудзіць. Прыязджайце, сфармуйце попыт на нашыя нацыянальныя адметнасці, адрозненні ад іншых. Верашчака, губы лася ў воцате і шляхта ў рэстаранах. “Я кахаю…” – толькі да яе, каханай. Бо ўсё астатняе беларусы любяць. І шэпт дажду, і подых навальніцы, і спевы жаўранка ў аблоках: як у эскімосаў некалькі сінонімаў да слова “снег”, так і ў нацыі рамантыкаў асаблівае стаўленне да словаў кахання. Таварышы турысты, каб даведацца, хто такія беларусы, Караткевіча чытайце, “Ладдзя Роспачы” павінная стаць адвечнай песняй. Ці, іншаземнае спадарства, запрашайце да сябе. Пакажыце беларусам, што кожны народ імкнецца падкрэсліць, “я – не такі, як іншы”. Каталонцы не лічаць сябе іспанцамі, баварцы досыць кпліва глядзяць на астатнюю Германію. Дзе нашыя палешукі, у якіх нават свая мова ёсць? Пакуль няма і беларусаў, але абавязкова з’явяцца: грошы, візы.
Яшчэ нацыянальная ідэя – вельмі добры бізнэс. Нацыянальным можна добра зарабляць. У сусветным культурным працэсе цяпер вялікім попытам карыстаюцца менавіта нацыянальныя адметнасці. Паўднёвая Амерыка ці Афрыка, Індыя ці Кітай – уся справа ў тым, хто перадасць адчуванне жыцця свайго народа на зразумелай усёй Зямлі мове. “Мільянер з трушчоб” як прыклад. Таму сучасны беларус не павінен чапляцца толькі за беларускую мову, за Якуба-дзядзьку ды Янку Купалу. Ён павінен зрабіць мікс з нацыянальнага з сусветным і сучасным.
Грошы – і танныя візы… Усё, што цяпер нам патрэбна.
Джон Ленан, сэр Пол, MGMT разам с Сhemical Brothers – усё гэта разам, але з моцным беларускім акцэнтам – вось мой вобраз “homo беларус сучасны”.
Той, да якога трэба ісці, мультыкультурны чалавек сусвету. Які ўспрымае ўсіх, Талстога-Дастаеўскага і Кена Кізі пад спевы Manu Chao. Выдатна валодае рускай, беларускай і англійскай мовамі. І пажадана вучыць мову суседа, паляка ці літоўца.
Грошы. Танныя візы.
З імі мы набудзем масштабнасць мышлення. Адчуванне, што Лондан не так далёка, а вучыцца ў Паўдневай Афрыцы цікава. А спевы, літаратуру-танцы трэба рабіць так, каб прадаваць сусвету, не звужаць тэмы на варыяцыі сахі-касы ці таталітарнасці ўлады. Грошы. Візы. Ці іх адсутнасць ва ўсе краіны свету.
І ўсё будзе добра.
Я шлях ад чалавека абыякавага, “тутэйшага”, да “беларуса” прайшоў гады за два, штуршком Індыі. Цяпер магу ўпэўнена разважаць аб баявой крывіцкай магіі ці ліцвінстве беларусаў. Не забываючыся пра тое, што ў Еўропе сумна, у Індыі брудна, у Расіі жорстка, але ўсюды – цікава рознымі поглядамі на жыццё. І, самае прыемнае ва ўсіх вандроўках, – вяртанне на Радзіму.
Да сваіх людзей.
Да братоў, да беларусаў.
Я з імі ментальна супадаю. Таму пытанні мовы і іх “беларускасці” мяне не вельмі непакояць. Як толькі з’явяцца грошы і танныя візы – мы адразу ўбачым нараджэнне беларусаў як нацыі асобнай.
Гэтаксама як два гады таму “нарадзіўся” беларусам я.
Зміцер Навіцкі, журналіст