Антон Луцкевіч. Барацьба за вызваленьне. Вільня: Інстытут беларусістыкі, 2009. 670 старонак.
Гэтая кніга зьяўляецца лягічным працягам наступных выданьняў твораў Антона Луцкевіча: “Да гісторыі беларускага руху” (Менск, 2003), і „Выбраныя творы: Праблемы культуры, літаратуры і мастацтва“ (Менск, 2006).
Укладальнікам як папярэдніх, так і гэтага выданьня зьяўляецца найбольш аўтарытэтны на сёньня беларускі дасьледчык жыцьця і творчасьці Антона Луцкевіча Анатоль Сідарэвіч.
Ніводзін з твораў, якія ўвайшлі ў папярэднія выданьні, у дадзенай кнізе не дублюецца, а асноўны яе зьмест склала грамадзка-палітычная публіцыстыка Луцкевіча, напісаная апошнім на працягу сваёй актыўнай дзейнасьці ў якасьці беларускага палітыка і публіцыста – у 1906 – 1939 гг.
Тэксты пададзеныя ў храналягічнай пасьлядоўнасьці, бо, на думку ўкладальніка, такі падыход дазваляе лепей прасачыць разьвіцьцё дзеяча, ягоны жыцьцёвы і творчы шлях. Менавіта таму, хоць зьмешчаныя ў кнізе тэксты падзяляюцца на разьдзелы, зроблена гэта не паводле жанравага прынцыпу. У першым разьдзеле зьмешчаныя беларускамоўныя тэксты, аўтарам або суаўтарам якіх быў Луцкевіч, у другім — пераклады яго польскамоўных тэкстаў, акрамя артыкулу „Аграрная праграма“, у трэцім — дзёньнік. Маецца таксама разьдзел „Дадатак“.