Федарэнка Андрэй. Афганская шкатулка: аповесць, апавяданні. Мінск, 2009. – 256 с.
Якой вам бачыцца ідэальная кніга для дзяцей і падлеткаў?
Думаю, што кожны чытач мае свой вобраз такога выдання, і ўсё ж цяжка памыліцца, называючы агульныя прыкметы. Прыцягальная вокладка, абавязковыя малюнкі, кароткае апісанне зместу кожнага раздзелу… Займальная і пажадана заблытаная сюжэтная лінія, якая б надавала кнізе аб’ём, не даючы скончыцца раней часу. Час патрэбны, каб уявіць усё самому, ужыцца ў чужую фантазію, як у сваю ўласную. Як на маю думку, дык ідэальныя – “Рабінзон Круза” і “Палескія рабінзоны”, хоць з узростам іх значнасць для свядомасці згасае… І ўсё ж падсвядома застаецца адчуванне, што і сучасным дзецям, якія выраслі на кампутарных гульнях і экранізацыях “Гары Потэра”, важна сустрэць на сваім кніжным шляху падобнае выданне.
На жаль, кніга Андрэя Федарэнкі “Афганская шкатулка”, пра якую хочацца расказаць, адпавядае далёка не ўсім маім ідэальным пажаданням. Шэра-балотныя колеры вокладкі хутчэй напалохаюць патэнцыйнага чытача. Здзіўляюць і ілюстрацыі, ад якіх застаецца ўражанне, што яны адлюстроўваюць пасляваенную рэчаіснасць, а не сучаснае жыццё.
Між тым, менавіта пастаноўка вострых праблем цяперашняга грамадства вылучае “Афганскую шкатулку” з шэрагу сённяшняй літаратуры для юнага чытача. Не сакрэт, што прыгожае пісьменства, адрасаванае наймаладзейшаму пакаленню чытачоў, апошнім часам ператвараецца ў пісьмо гламурна-казачнае, дзе няма і не можа быць праўды жыцця.
Зусім іншы шлях абірае Андрэй Федарэнка. Аповесць, якая дала назву ўсёй кнізе (у ёй змешчана яшчэ восем апавяданняў) прыцягвае ўвагу не толькі дэтэктыўна-прыгодніцкім сюжэтам, які разгортваецца вакол пошуку шкатулкі з каштоўнымі камянямі. Яна запамінаецца праўдзівым адбіткам жыцця, дзе поруч з сяброўствам, дабрынёю, сапраўдным альтруізмам і пачуццём справядлівасці квітнеюць абыякавасць, цынізм, хцівасць, прага хуткай нажывы.
Так сталася, што станоўчымі якасцямі аўтар “Афганскай шкатулкі” надзяліў пераважна дзіцячых персанажаў, а адмоўнымі – дарослых. Здаецца, што ён цалкам салідарны з пазіцыяй сваёй маленькай, але ўжо бяздомнай гераіні Вікі, якая прамаўляе: “А вось якраз дарослым я менш за ўсё і веру”. І хоць малыя ў фінале аповесці дапамагаюць старэйшым, а тыя ў сваю чаргу здзяйсняюць мары дзятвы, адчуванне гэтага недаверу да разумнасці і гарманічнасці “дарослага свету” не знікае і на апошніх старонках кнігі.
Умоўнасць мастацкага твору дае Федарэнку мажлівасць падзяліць свет на дзве паловы, на мяжы якіх у закінутай леснічоўцы жыве былы воін-“інтэрнацыяналіст” Барыс Крушынскі. Да апошняга моманту аўтар прыхоўвае абставіны, якія прывялі яго героя ў месца з прыгожай “талстоўскай” назвай Вялікая Паляна. Але нарэшце, разам са зголенай барадой героя, знікае і таямнічая няпэўнасць гэтага ідэальнага вобразу “апошняга з магікан” – воіна, рамантыка, здзяйсняльніка мараў.
“Распалавіньваецца” ў аповесці і мараль, якая, так выглядае, розная для жыхароў мегаполісу і вёскі. І хоць той факт, што аўтар асуджае дэмаралізаванасць жыхароў мегаполісу, наўрад ці каго здзівіць, але нельга не парадавацца, што Федарэнку ўдалося стварыць адмоўныя персанажы пераканальна і без лішняга маралізатарства. Вось, да прыкладу, як разважае адзін з яго “гараджан”, які ў пагоні за каштоўнасцямі збіраецца абрабаваць магілу:
“Ну і што? Гадзіну, максімум дзве згубім – падумаеш! Пасмяемся потым, успамінаючы… Ды калі на тое пайшло, я званіў учора знаёмаму юрысту. Кансультаваўся. Нават калі накрыюць нас – нічога страшнага! За гэты артыкул – апаганьванне магіл – цяпер нават турмы не даюць, так, штраф, альбо у горшым выпадку, умоўны тэрмін…”
Як бачым, аповесць падымае зусім не дзіцячыя праблемы, і думаю, з цікавасцю будзе прачытаная дарослым чытачом. Апошнім раю звярнуць увагу на апавяданне “Цунгцванг”, якое асабіста мне ў гэтым зборніку спадабалася ці не найбольш. Таямніца, закладзеная ў яго сюжэтную лінію, трымаецца на рашэнні шахматнай задачы… Пэўным чынам гэты твор пераклікаецца з “Афганскай шкатулкай” – сваёй спецыфічнай падзеленасцю на чорна-белыя зоны, з якіх і напраўду складаецца наша з вамі жыццё.