Янкі, альбо астатні наезд на Літве. Уладзіслаў Ахроменка, Максім Клімковіч. Кінараман-фарс. Мінск “Медисонт”, 2007
Дупа яе была вабная. Янка Лабановіч зірнуў на яе і зразумеў: гэта лёс.
“Янкі, альбо астатні наезд на Літве”.
Ад кнігі, што пачынаецца словамі пра дупу, можна чакаць такога ж правакацыйнага зместу. Кінараман-фарс “Янкі, альбо астатні наезд на Літве” – гэта замешаны на “беларускім буржуазным нацыяналізме” прыгодніцкі вестэрн з прыкметамі шызоіднай лухты. Нястрымныя фантазіі Уладзіслава Ахроменкі і Максіма Клімковіча адрываюцца напоўніцу: чаго вартая бабуля – боскі дзьмухавец, што вандруе з папугам на плячы і замарынаваным чэлесам у слоіку.
Падзеі адбываюцца каля 1939 году, перад заключэннем пакта Молатава-Рыбентропа. У пралогу аўтары знаёмяць нас з галоўнымі героямі і паказваюць, хто каму вораг і сябра. Чацвёра неспакойных хлопцаў, якіх клічуць Янкі (Янка, Іван, Янкель, Аянька) і Пярдолэк – нягоднік у манастыры кармелітак – паспрачаліся пра тое, хто мае права глядзець на вабноты мулаткі Ісабэлі. Манашка Тэкля ўшчувае іх за гэта і наракае, што няма на дзетак бацькі. Нават хроснага. Вуаля – на сцэне з’яўляецца бацька. Праўда, у лепшых традыцыях вестэрна, гэта Хросны, італьянскі мафіёзі беларускага паходжання. Ён страляе па групоўцы іншага галавы мафіі, італьянца Карла Спагеці. І ў фінале сцэны Спагеці і Хросны братаюцца перад агульным ворагам – паліцэйскімі. Мінае час – і падзеі развіваюцца па іншым сцэнары, з канфліктам, завязаным на праблеме незалежнасці Беларусі. Мы бачым тых жа персанажаў, што і ў прадмове, плюс пэўную колькасць так званых мудзіл – тых, хто спрабуе мачкануць “чэсных пацаноф” – нацыяналістаў. Старыя ворагі і сябры не змяняюць сваіх роляў.
Нашую рэчаіснасць можна ўбачыць па-рознаму. І вось тут яе абмалявалі так, што спачатку захапляешся моцнымі слоўцамі, сарказмам… А пасля пазнаеш у камічна-эпічных героях тыповых прадстаўнікоў беларускай фаўны: шасцёркі, што служаць любой уладзе, змагары-ідэалісты. Інтэрнацыянальнае італьянска-амерыканска-беларускае змаганне за незалежнасць, шчодра аздобленае цытатамі з беларускіх вершаў, лёгка праецыруецца на сённяшні дзень: заўзятыя нацыяналісты-небеларусы часамі робяць для краіны больш за некаторых тутэйшых.
Цымус кнігі не ў складанасці характараў ці заблытаных спляценнях лёсаў.
Ён у гераічным змаганні з негераічна-непафаснымі элементамі, каторыя эпас пераўтвараюць у кпіны. Негеройскія каленцы герояў сведчаць пра дакладнае разуменне таго, за што варта аддаць жыццё, а за што – не. Не сорамна зрабіць алкагольнае бырла з нябожчыка-жандара, труп каторага падкінулі на фабрыку, каб пасля абвінаваціць гаспадароў у забойстве.
Галоўныя персанажы – не абы-якія нацыяналісты, а буржуазныя. Гэта нетыпова для 1930-х, калі беларускі нацыяналізм больш вядомы як з’ява сацыялістычная з абодвух бакоў савецка-польскай мяжы. Калі дваццатае стагоддзе мае выбітных людзей збольшага ў галіне культуры, то тут зробленая спроба стварыць герояў-суперменаў, прычым універсальных, для некалькіх канфесій.
Кінараман атрымаўся. Магчыма, з перавышанай колькасцю спецэфектаў, але затое з галівудскім сюжэтам, узрошчаным на беларускім грунце. Калегі савецкіх джэнтэльменаў удачы схіляюцца ў рэверансах.