Пасьля шасьцігадовага побыту ў Рэспубліцы Беларусь і праз 14 гадоў з моманту маіх першых кантактаў з гэтай краінай я трапіў – не зусім выпадкова – у горад Ольдэнбург. Ольдэнбург – гэта горад са 160000 жыхароў у фэдэратыўнай зямлі Ніжняя Саксонія ў Паўночнай Нямеччыне, дзесьці за 40 км ад г. Брэмэн. Інстытут славістыкі ўніверсітэта імя Карла фон Асецкі ў Ольдэнбургу, у якім я буду працаваць з кастрычніка, ужо некалькі гадоў спэцыялізуецца на беларусістыцы (беларускае мовазнаўства і літаратуразнаўства). Тут ёсьць некалькі цікавых дасьледчых праектаў, між іншым, адзін мовазнаўчы праект на тэму трасянкі. Аднак пра гэта я буду распавядаць пазьней!
Амаль чатыры тыдні я жыву ў Ольдэнбургу і ніяк не магу адчапіцца ад думкі, што поўнач Нямеччыны, як Ніжняя Саксонія так і Мекленбург-Пярэдняя Памэранія, мае шмат агульнага зь Беларусьсю, з той краінаю, дзе мне даводзілася вучыцца й працаваць шмат гадоў.
Ніжняя Саксонія ў тым сэнсе падобная да Беларусі, што яна вельмі плоская зямля, як і Беларусь, дзе найвышэйшае месца, Дзяржынская гара, мае вышыню ўсяго толькі 345 метраў. Шмат прыроды ў абедзьвюх землях і мала прамысловасьці. Як Паўночная Нямеччына, так і Беларусь з’яўляюцца слаба урбанізаванымі рэгіёнамі, але затое і тут і там існуюць шмат вёсак, маленькіх камун і пасёлак. Здаецца, што жыцьцё на вёсцы ўздзейнічае на лад жыцьця і на склад думак, на сьветапогляд у абедзьвюх землях падобным чынам. Штодзённае жыцьцё, падаецца, вельмі павольнае, сузіральнае, задуменнае, ціхае. У той час як Беларусь з’яўляецца краінай багатай лясамі, у Ніжняй Саксоніі, аднак жа, дамінуюць шырокія зялёныя раўніны: палі ды Heiden *. Адна з найбуйнейшых галін эканомікі ў паўночнанямецкіх землях – гэта сельская гаспадарка (як і ў Беларусі). У Ніжняй Саксоніі аднак, велічэзнае значэньне мае й турызм (а ў Беларусі?).