Калі вы апынецеся на Плошчы Перамогі і ўбачыце, што на доме “Подзвіг народу” апошняя літара ператварылася ў “Ў”, будзьце ўпэўненыя, чыіх рук гэта справа…
Госці пачалі атакаваць кнігарню “Ў” без фармальнасцяў, адразу зрання. Паспаліты люд шпарка разбіраў кнігі па святочных цэнах і, задаволены, завозіў іх дадому, каб вярнуцца ўвечары. Час ад часу белыя яблыкі абажураў намерваліся ўпасці на галовы прысутных, але ўсе іхнія спробы гінулі на фазе ідэі, бо ўпасці ім не было куды. Дзень “Ў”, пра які так доўга казалі грамадская кампанія «Будзьма беларусамі!» і выдавецтва «Логвінаў», урачыста распачынаўся!
Літаратурны ранішнік для самых маленькіх пакінуў адно вялікае адчуванне, — так кранальна і пявуча гучыць мова беларускіх дзетак, а чаму б не кожную суботу? Пытанне адрасуецца кіраўніцтву “Ў”.
Што ж да кіраўніцтва, то сам Ігар Логвінаў цягам дня актыўна спрабаваў быць ва ўсіх залах кнігарні адразу і адказваць усім. Але караля, як вядома, робіць світа, таму матэрыялізаваць выдаўца віншаваннямі і вершаваннямі дапамагалі запрошаныя знакамітасці. Асабліва пераканаўча выглядалі Андрэй Хадановіч і Уладзімір Арлоў, якія дэкламавалі свае новыя вершы.
Узнагароджванне лаўрэатаў прэміі імя Максіма Багдановіча было прызначанае на 21 сакавіка, а інтрыга вакол яе скарацілася гэтым вечарам да дзевяці намінантаў. Намінанты ў галінах перакладу, прозы і паэзіі – Вольга Цвірко, Анка Упала і Віталь Рыжкоў прачыталі свае творы.
Музычную паўзу гарманічна запоўнілі гурты “Босае Сонца” і “Рэха”. Першыя, у скарочана-акустычным складзе, як след кранулі скрыпку дрыгвы беларускіх душ. Песні другіх былі болей пазітыўнымі, як і фронтмэн бэнда Андрусь Такінданг.
“Душы без цела нельга, а целу без душы — дрэнна!” — словы арт-дырэктара Паўла Касцюкевіча пераносілі ўсіх у фінальную стадыю аперацыі “Ўгодкі”. У ход ішла цяжкая артылерыя. Цяжкая і дзейсная. Валянцін Акудовіч абвесціў пра хуткае перавыданне аднаго са сваіх бестселераў, адправіў у накаўт усіх прысутных лязом вострай думкі і адразу ж перамясціўся ў суседні пакой, каб накаўтаваць усіх тамсама. Севярын Квяткоўскі ўласным прыкладам паказаў, што пісьменнік — таксама чалавек, не стаў чытаць нічога са сваёй творчасці і павіншаваў кнігарню і выдаўца, з захапленнем расказаўшы пра прыгоды Ігара Логвінава і кампаніі ў Налібоцкіх балотах.
Ад баек пра паходы, сапраўдных сяброў і глыбокае чалавечае ў дзверы душы настойліва грукнула настальгія… За барнай стойкай “Малака” было дастаткова ўтульна. Два чалавекі побач пілі піва й вялі прыцішаную размову. “Лёду касаваму апарату! Хутчэй!” — лямантавала нейкая кабета з кухні. “І віскі ягонаму аператару…” — дадаваў стомлены голас ёй услед. Каньяк быў добрым, а шакалад — горкім. “Я і кажу, там справаў на 20 хвілін, да таго ж я ведаю, дзе там лесвіца пажарная. Ты ўяві затое, як Логвінаў такі падарунак… ” — авантурна кранула вушы размова дваіх з півам. “Яшчэ 50!” — сказаў спецкарэспандэнт і рэзка павярнуўся да суседзяў. Вечар суботы пачынаў няўмольна змяняць свой колер….