Шматкватэрны дом непрэстыжнага раёну падступна хаваў квадратныя метры жылплошчы і кампутары з інтэрнэтам. Уладальнікі мінскай прапіскі мелі нахабства займацца сваімі справамі, калі перад іх кватэрамі паўставаў “грамадзянскі абавязак” – усеагульны перапіс.
“Это нужно тебе, мне и нашей стране” – вяшчалі бігборды і шматлікія абвесткі. Мінскія студэнты прыкладалі ўсе намаганні, каб трапіць у шэраг актывістаў перапісной кампаніі. На плечы перапісчыкаў клаўся ганаровы абавязак збору статыстычных дадзеных, а ў рукі давалася скарбонка гістарычнай вартасці – зялёны партфельчык. У адзін з дзён “кампаніі” мне пашэнціла трапіць у агульныя варункі перапісной камунікацыі.
Зялёныя дзверы з ружовым званочкам хавалі патэнцыйнага карыстальніка інтэрнэту.
– Добры дзень, перапіс.
– А чаму вы па-беларуску? Ладна, давайце хутка. У мяне няма кампутара, тэлевізара і халадзільніка. Затое ёсць вышэйшая адукацыя. Працую дворнікам. Бывайце.
Для абароны ад злодзеяў і ўздзеяння на несумленных рэспандэнтаў перапісчыкі мелі ліхтарык і свісток.
Працяглы свіст мусіў ахаваць ад небяспекі безабаронных перапісчыкаў, а асабліва перапісчыц. Часам перад імі паўставалі моўныя бар’еры. Дзверы ў адной з кватэраў адчыніла кітаянка. Пасля шматлікіх спробаў знайсці агульную мову ёй было прапанавана наведаць стацыянарны перапісны пункт. “У меня нет скола”, – расчаравана прамовіла замежніца. “Гэта няважна”, – суцешыла яе перапісчыца. “Няважна!” – з радасцю згадзілася прадстаўніца ўсходняе культуры і знікла ў глыбіні неперапісаных квадратных метраў. Адчуваўся недахоп кітайскага і в’етнамскага слоўнікаў.
У межах перапісу кватэры сталіся “дамахазяйствамі”, а людзі – рэспандэнтамі. Часам іх здзіўлялі пытанні “гістарычнай важнасці”.
“А каму гэта ўсё трэба, і што за пытанні ў вас такія?” – зазначаў уладальнік аднаго з “дамахазяйстваў”. – Я працую у падобнай арганізацыі, у калгасе, можна было ўсіх у ЖЭСе перапісаць”, – падводзіў вынік схільны да філасофіі рэспандэнт.
Лінгвістычны рэлікт – беларускамоўная перапісчыца – выклікала ў ахвяраў статыстыкі дваістыя ўражанні: хтосьці шчыра радаваўся і частаваў цукеркамі, іншыя здзіўляліся, нібы бачылі жывога Скарыну.
“Гэтая мова не наша, гэта ўсё захадам прыдумана, каб у краіне абстаноўку накаляць”, – адрэагаваў дзядуля сталінскай закалкі.
Між іншым, абстаноўка накалялася пытаннямі моўнага білінгвізму і высвятленнем прыхільнасці да адной з дзяржаўных. Калі выбар падаў на беларускую, узнікала пытанне да адсутнасці бланкаў на мове. Пэўна, кампутары ў аддзеле статыстыкі беларускую мову не вывучалі.
Перапісвалі аддана, як у лепшыя часы стаханаўскага руху, дарма не ўвялі спаборніцтвы па колькасці апісаных. Лічыць будуць гадамі, каб не абмінуць значных момантаў колькасці метраў і наяўнасці лецішчаў, “благаўстройства” дамоў і значнасці пасадаў.
За два гады, адведзеныя на падлікі, разлікі і ўдакладненні, пасады могуць змяніцца, а “благаўстройствы” – пагоршыцца, можа знікнуць інтэрнэт і кампутар, сантэхнікі стануць дырэктарамі, а дворнікі – слесарамі. Удакладнім, падлічым і зноў пералічым, бо справа перапісу – па-над крызісамі і асабістымі праблемамі. Нават мінскі метрапалітэн адчувае ўрачыстасць падзеі і бесперапынна натхняе грамадзянаў гучным напамінам: “Удзельнічаючы ў перапісе, вы ствараеце гісторыю сваёй краіны”.