Перапіс стаўся інфармацыйнай падзеяй яшчэ задоўга да свайго пачатку. Блогеры актыўна абмяркоўвалі, што і як трэба казаць перапісчыкам, а цяпер дзеляцца ўражаннямі ад перапісу, прычым, уражанні тут ёсць як з пазіцыі перапісчыкаў, так і, зразумела, з пазіцыі рэспандэнтаў. Таксама сустракаюцца і інструктары перапісчыкаў: блогерка kisa_anuta акурат з’яўляецца інструктаркай і распавядае, што:
“300 жителей переписывается одним студентом-переписчиком
5-6 студентов контролируется одним инструктором-контролёром обязательно с высшим образованием
10-12 инструкторов контролируются 1 заведующим и 1 помощником заведующего, которые ранее имели опыт в переписи
50 заведующих объединены в 1 район (у нас – Первомайский). Все данные подаются в исполком, в статистический отдел.
10 районов объединены в город Минск”
У сваім блогу kisa_anuta заўважае:
“Правяраю лісты – прыемна. Дастаткова народжаных ва Ўкраіне, Расіі, Эстоніі, Польшы, што жывуць тут з дзяцінства і пішуць беларускую роднай”.
У блогасферы ракурс мовы – адзін з найбольш папулярных ракурсаў абмеркавання перапісу. Пытанне мовы ў Беларусі – палітычнае. Таму не дзіва, што яшчэ да пачатку перапісу ў інтэрнэце заклікалі назваць беларускую мову роднай.
Хвалюе таксама і наяўнасць беларускамоўных бланкаў, і беларускамоўныя перапісчыкі, а калі і не размаўляюць па-беларуску яны самі, то прынамсі чакалася б запаўненне па-беларуску бланкаў “пад дыктоўку”.
Блогер dziaciuk заклікаў : “Мяне, як і шмат каго з беларускамоўных, абурае тое, як гэтая дзяржава чарговы раз абыходзіцца з нашымі законнымі правамі. І гэта пры тым, што згодна з перапісам 1999 году па беларуску ў хаце размаўлялі 37% жыхароў Беларусі. Чаму ж няма прынамсі 37% бланкаў па беларуску? Тэлефануйма і патрабуйма бланкі на беларускай мове! Хай тыя, хто арганізуе перапіс, зразумеюць, што нас шмат, і што беларускамоўны бланк – не выключэнне, а правіла!”
Між тым, з Магілёва прыходзяць звесткі пра наяўнасць (хоць і невялікую) гэтых самых беларускамоўных бланкаў, а разам з тым адзначаецца і іх незапатрабаванасць.
Але ёсць і тыя, хто адмаўляецца ўдзельнічаць у перапісе праз адсутнасць у перапісчыкаў гэтых самых беларускамоўных бланкаў.
З беларускамоўнымі перапісчыкамі – больш складана. Самі перапісчыкі сцвярджаюць , што ім не рэкамендуюць размаўляць па-беларуску, каб “не палохаць людзей”: “Да мяне асабіста падыйшла жанчына, якая кантралюе нашыя інструктарскія ўчасткі і сказала: “Ася, вы толькі, калі ласка, да людзей па-руску зьвяртайцеся! Калі захочуць самі па-беларуску, тады і пераходзьце на беларускую мову”.
Пэўная частка беларусаў патрабуе пазначэння сябе літвінамі (адпаведна і мовы сваёй – літвінскай). Разгарнулася нават цэлая кампанія за літвінскую ідэнтычнасць на Перапісе-2009 – тут падрабязна тлумачыцца, як і што трэба казаць перапісчыкам, каб зафіксаваць сваё літвінства.
Хтосьці нават бядуе, што яго запісалі беларусам: “Прыходжу ўчора дахаты, а маці радасная паведамляе, што да нас перапісчыца прыходзіла. Адпаведна, і мяне перапісалі… беларусам! А я ж хацеў украінцам запісацца! І родную мову украінскай паставіць. Бо беларусаў у нас гара, а украінцаў гулька. Але маці хваліла дзяўчыну, казала што харошая, усё старанна пытала і запісвала.”
Burbalka папярэджвае: “Будзьце ўважлівыя, сачыце за тым, што ў ваш перапісны ліст запісваюць, і якую ідэнтычнасць і мову вам спрабуюць навязаць” – Наталка распавядае пра свой досвед камунікацыі з перапісчыкамі, якія адвольна пазначылі для яе родную мову і мову зносінаў у сям’і расійскай, нават не зважаючы на тое, што з перапісчыкамі і Наталля і яе мама кантактавалі па-беларуску. Што праўда, хлопца-перапісчыка ўрэшце ўдалося такі змусіць да выпраўлення, як і да пазначэння ў графе нацыянальнасць – праваслаўная (па змоўчанні напісалі – беларуска).
Цікава, што шмат хто з рэспандэнтаў пасля сюжэта пра візіт перапісчыкаў да А. Лукашэнкі на пытанні пра родную мову і мову зносінаў дома адказвалі лаканічна – “як прэзідэнт”. Пра такую сітуацыю адзначаюць самі перапісчыкі-блогеры. Увогуле гэты сюжэт (з прэзідэнтам) выклікаў дастаткова вялікі розгалас у блогах. У такіх выпадках перапісчыкі пазначаюць абедзве мовы – беларускую і расійскую.
Пэўныя непаразуменні выклікалі і пытанні перапісчыкаў пра жыллёвыя ўмовы рэспандэнтаў – шмат хто быў негатовы да гэтых пытанняў, а толькі да пытанняў “пра ідэнтычнасць”, якія актыўна абмяркоўваліся яшчэ напярэдадні перапісу.
Хтосьці перажывае, што перапісчыкі да яго яшчэ не дайшлі, а хтосьці наадварот адмаўляецца перапісвацца нават пад пагрозай міліцыі. Дарэчы, тыя, да каго перапісчыкі па нейкіх прычынах не патрапілі, могуць самі пайсці на стацыянарны пункт перапісу і такім чынам паўдзельнічаць у перапісе. А ў некаторых нават атрымалася перапісацца колькі разоў.