“Каму гэта трэба?” Насамрэч, калі пахадзіць дзён з некалькі па хатах, складаецца ўражанне, што перапіс-2009 патрэбны адзінкам. І зусім не дзяржаве. Таму што рэчы, істотныя для дзяржавы, арганізуюцца па-іншаму. 3 ліпеня – салюты. 20 000 даляраў на электрамабіль прэзідэнцкаму сыну. Па 140 тысяч рублёў і бясплатны праезд на кастрычнік перапісчыкам. “Скажыце дзякуй, што вам наогул плацяць” (у народзе). Дзякуй за клопат пра грамадзянаў.
На выбары агітуюць ісці на выбарныя ўчасткі. А перапіс? Хай перапісчыкі самі прыйдуць. А мы падумаем, ці адчыніць ім, хоць каб паведаміць, што мы не ўдзельнічаем у перапісе, і да нас не трэба прыходзіць восем разоў. Перапісчыкі павінныя “шукаць да кожнага індывідуальны падыход” (словы адной спадарыні, пачутыя ў 20.30 у пад’ездзе). Чалавек, які патрабуе да сябе індывідуальнага падыходу з боку дзяржавы, павінен жыць сапраўды не тут. Таму што тут ВЫ павінныя шукаць свой падыход да дзяржавы.
Вашыя правы ніхто, акрамя вас, адстойваць не будзе. Калі вам важна сказаць пра сябе, то не чакайце, пакуль вас пра гэта спытаюць. Сваё жыццё чалавек стварае сам. У некаторых рэчах патрэбная прынцыповасць: як і на якой мове адказваць на пытанні перапісу, ці ўдзельнічаць увогуле, ці быць перапісчыкам. Колькі розных скаргаў: “Нас прымусілі”, “Добраахвотна-прымусова”. За руку ж ніхто не трымаў. Людзі добрыя, яны і падкормяць, і падтрымаюць добрым словам Людзей з Зялёнымі Партфельчыкамі; яны могуць быць ветлівымі і вельмі чалавечнымі, зразумеўшы становішча”. У гэтым яны едныя. Але незразумела, чаму частка таго ж народа, моладзь, не была едная, калі вырашала, ці трэба ім перапісваць кожнаму па 300 чалавек? Тыя …наццаць чалавек, якія вырашылі, што ім гэта не трэба, прагулялі навучанне, не падпісалі кантракты і сядзяць, задаволеныя жыццём. Магчымыя распальшчыкі нездаволенасці атрымалі сваё.
У краіне рэальны ўзровень беспрацоўя перавышае афіцыйны, асабліва ў малых гарадах. Але чаму перапісам займаюцца студэнты і бюджэтныя працаўнікі? А людзі на біржы стаяць сабе і стаяць. Ці нават яны разумеюць, што за 3–4 тыдні ў калгасе можна зарабіць больш?
З аднаго боку, абурае тое, як людзі ставяцца да перапісу: шмат каму занадта шматлікае ўсё роўна. Прычым іх так выхавалі: “нас змусілі” (зноў жа цытата). Чалавек сам сабе стварае свабоду. Чалавек сам дзейнічае. І што б ён ні зрабіў, гэта яго Выбар.
З іншага боку, абурае тое, што разумееш: у чымсьці людзі маюць рацыю. “Напішыце як-небудзь” (цытата). У дадзеным выпадку мэтай ёсць не дакладнасць дадзеных, а найбольшы ККД працы людзей пры найменшых выдатках сродкаў на гэта: хтосьці не правучыцца месяц, а заплаціць за навучанне, камусьці не дадуць прэміі памерам ледзь не ў паўзаробку.
А чаго вартыя дадзеныя, сабраныя спехам? Прастаўленыя аўтаматычна адказы на пытанні, з якіх рэспандэнту задаюцца не ўсе. Цікава, да якіх памераў даходзіць статыстычная хібнасць?
“Беручы ўдзел у перапісе, вы ствараеце гісторыю сваёй краіны”. Што такое ўдзел у гэтым стварэнні, калі людзі не вераць, што іх слова нешта значыць?..
(Усе цытаты – словы грамадзянаў, якія ўдзельнічалі ў перапісе, і не маюць дачынення да іфармацыі, што змяшчаецца ў перапісных лістах. Імёны, адрасы і іншыя канфідэнцыйныя дадзеныя тут не змяшчаюцца).