2 верасня, трэці год запар пасля свайго адраджэння ў 2008 годзе, адбыўся фестываль «Рок па вакацыях». Гледачоў гэтым разам было не вельмі шмат. Затое ідэю фестывалю — магчымасць сустрэцца пасля летняга адпачынку і паслухаць улюбёных музыкаў — усе напоўніцу скарысталі. Падавалася, толькі адзінкі не былі знаёмыя паміж сабой. Выбіваліся з агульнай тусоўкі толькі маладзёны — фанаты The Toobes, якія, верагодна, раней на такія канцэрты і не хадзілі.
Затое нельга было сказаць, што музыкі вярнуліся з вакацыяў. Складалася адчуванне, што палова гуртоў штодзённа ўлетку гралі на буйных еўрапейскіх фестывалях ці працавалі грузчыкамі, і сіл на гэты канцэрт у іх не засталося. Наступным разам гледачоў можа быць яшчэ менш… Фору астатнім па драйве далі хіба што Drum Ecstasy, The Toobes і Neuro Dubel.
Першым зноў не пашанцавала: пад энергічную музыку гурта скокалі адзінкі. Нейкі злы рок напаткаў «бубначоў» гэтым годам: на летні «Дзень сям’і» ніхто не прыехаў, на нядаўнім «Аксамітным сезоне» іх ніхто не дачакаўся, а цяпер давялося выступаць першымі перад яшчэ зусім не напоўненай залай. Затое можна было паглядзець у дзеянні на новага бубнача Змітра Харытановіча. Было цяжка паверыць у тое, што гэта яго літаральна другі канцэрт разам з гуртом. Відавочна, адзін з найлепшых бубначоў краіны мае такі досвед, што можа хутка ўліцца ў любы, нават такі складаны калектыў, як Drum Ecstasy.
ZM99 таксама спрабавалі разварушыць гледачоў, граючы старыя «змяіныя» хіты, а таксама новыя, але ўжо вядомыя песні кшталту «Горад» ці «Вечар’ОК». Толькі ўсё роўна нічога не атрымлівалася: ці то «запальваць» Зоі Каральчук перашкаджала сукенка ў абліпку, ці то гледачоў больш прываблівала піва. Зрэшты, гэта і зразумела: на ўваходзе ў «Рэактар» усіх сустракалі напаўаголеныя дзяўчыны ад бровару «Баброў» і прапаноўвалі пачаставацца півам «на халяву». Некаторыя аматары піва нават спецыяльна заходзілі па некалькі разоў, каб надэгуставацца ў запас. Толькі пад апошнюю песню гурта, калі на сцэну выйшаў Юра Навумаў з Neuro Dubel, людзі пачалі танчыць. Музыкі пажартавалі пра «філію „дзюбялёў“» на сцэне (гітарыст і басіст ZM99 таксама граюць у Neuro Dubel), сыгралі кавер на «Время распрощаться» і… развіталіся.
ZM99
Наступіў самы павольны момант фестывалю — выступы гуртоў «У нескладовае» і «Далі». Апошнія замянілі beZ bileta, якія, паводле афіцыйнай версіі, не змаглі выступіць праз тэхнічныя перашкоды, а па неафіцыйнай — праз сыход з гурта аднаго з яго удзельнікаў.
Далі
Праекту «У нескладовае», створанаму для папулярызацыі беларускае культуры за мяжой, будзе цяжка канкураваць з гуртамі, створанымі проста для таго, каб граць класную музыку. Раман Арлоў называе новую творчасць «сучаснай музыкай у шырокім разуменні», але, відавочна, гурт яшчэ не знайшоў сваё гучанне. А існаванне ў якасці «салянкі» з розных музыкаў, якія нават не кожны раз могуць сабрацца на выступы, ставіць пытанне, ці зможа праект выканаць сваю місію…
У нескладовае
Вось «Крама» сваю справу ведае і добра робіць ужо шмат гадоў. Выступ «Крамы» на любым канцэрце — бяспройгрышны крок арганізатараў. Пры першых жа гуках песняў гурта танцпляц запаўняецца ягонымі прыхільнікамі. Ну а што адбываецца падчас выканання старых добрых хітоў кшталту «Бяжы, хлопец!», і казаць не трэба.
Крама
Шмат пісаць пра выступ маладых хуліганаў The Toobes таксама не трэба. Яны проста выходзяць і валяць свой бескампрамісны рок-н-рол. Жывёльны драйв прымушае каўбасіцца ўсіх: і тых фэнаў, якія прыйшлі толькі дзеля «тубзаў», і нават дарослых дзядзек, якія толькі чыталі пра гэты гурт у інтэрнэце.
The Toobes
Тлустую кропку пад «Рокам па вакацыях — 2010» паставілі ветэраны Neuro Dubel. У гурта пачалася чарговая маладосць, мяркуючы па іх апошніх канцэртах і па матэрыяле, які ўвойдзе ў новы альбом «Аўтары праўды». Сапраўдны панк-рокавы чад і, чорт яго бяры, гэта крута!
Neuro Dubel
На першым фота – Neuro Dubel