Увядзеньне карты суайчыньніка ў замежжы – гэта адзін з тых законаў, якія павінныя абмяркоўвацца, уводзіцца і прымацца, а пасьля пільна кантралявацца выключна ў нацыянальна маналітных, дэмакратычных, і багатых дзяржавах.
Сёлета ў ліпені я ўдзельнічаў у V Зьезьдзе Беларусаў Сьвету. Адным з асноўных пытаньняў зьезду было прыняцьце „Прапановаў у праект закона „Аб беларусах замежжа””, якія агаворваюць галоўныя моманты зьвязаныя з так званым „Пасьведчаньнем беларуса замежжа” ці інакш кажучы „картай беларуса” i падставы да атрыманьня такога дакумэнту. Прапановы ў праект былі прынятыя шляхам адкрытага галасаваньня, большасьцю галасоў дэлегатаў зьезду. Самыя вялікія супярэчнасьці выклікаў „Артыкул 1. Асобы, якія адносяцца да беларусаў замежжа”, падпункт 1.1.5 – супраць якога прагаласавала, бадай, менш за дзесяць дэлегатаў. Я меў гонар быць адным сярод тых, што прагаласавалі супраць. Цяпер, калі эмоцыі ад V Зьезду Беларусаў Сьвету памалу спалі, лічу патрэбным патлумачыць сваю пазыцыю ў падыходзе да гэтага пытаньня.
Пасьведчаньне беларуса замежжа, як і аналягічныя дакумэнты ў іншых краінах (Польшча, Вугоршчына) даюць сваім суайчыньнікам у замежжы, якія ня могуць скарыстацца правам на двайное грамадзянства і па нейкіх прычынах ня маюць магчымасьці атрыманьня карты пастаяннага жыхарства, шматлікія правы. Гэтыя правы, між іншым, заключаюцца ў бясплатным атрыманьні візаў, неабмежаваным у часе знаходжаньні на тэрыторыі краіны, бясплатным навучаньні, сацыяльнай апецы, карыстаньні паслугамі службы аховы здароў’я, набыцьці маёмасьці і зямлі, праву на працу на аднолькавых умовах з грамадзянамі краіны, а ў пэрспэктыве, поўную інтэграцыю ў грамадзтва, з магчымасьцю атрыманьня карты пастаяннага жыхарства і грамадзянства. Адначасна адпаведныя законы агаворваюць падставы і ўмовы атрыманьня такіх дакумэнтаў. Менавіта апошні момант праекту можна лічыць найбольш непрадуманым.
Паводле прынятых прапановаў да беларусаў замежжа, між іншым, адносяцца „асобы, якія ўсьведамляюць сябе беларусамі, г.зн. сваім паходжаньнем, дзейнасьцю, ужываньнем беларускай мовы як штодзённай, выхаваньнем нашчадкаў зазначылі сваю прыналежнасьць да беларускага народу”. Асобы, якія рыхтавалі гэты дакумэнт і вядоўцы галасаваньня, не зважаючы, на пратэсты некаторых дэлегатаў, настойліва адраілі ўвядзеньне фармулёўкі „этнічныя беларусы”, спаслаўшыся на тое, што гэта „нагадвае ідэалёгію адной з перадваенных дзяржаваў” (вольнае цытаваньне спадара В. Голубева). Аднак калі можна пагадзіцца, што акрэсьленьне „этнічнасьці” даволі расплывістае і як кожны абстрактны тэрмін, з часам падлягае ўдакладненьню, то нельга запярэчыць таму, што ён і так нашмат больш канкрэтны за няўцямны тэрмін „паходжаньне”. Калі „этнічны беларус” – гэта кожны чалавек, чые бацькі нарадзіліся на этнічна беларускім абшары і адносілі або адносяць сябе да беларускага этнасу, то „беларус па паходжаньні” – гэта чыстае пустаслоў’е, якое ня мае за сабою ніякіх канкрэтных фактараў, дазваляючых „праверыць” ці „давесьці” свой зьмест.