У 2010 менская багема завісае ў «Малацэ». А дзе тусілі нашыя паплечнікі з 1900 па 2000-ыя? У кожнага дзесяцігоддзя сваё культавае месца.
Уласную карту горада малююць не толькі помнікі архітэктуры. Менск – сукупнасць утульных куханек, прасмаленых бараў і трэшняковых клубаў. У іх нараджаюцца арыгінальныя творчыя ідэі і гарадскія легенды. Мы прапануем вам эвалюцыю культуры адпачынку Менска за цэлае стагоддзе вачыма тусоўшчыкаў.
1910-ыя: “АМЕРЫКАНСКІ КЛУБ” (зараз вул. Чырвоная)
Пабудаваны яшчэ да Першай Сусветнай вайны, вялікі драўляны будынак назвалі ў гонар менчукоў з ЗША і Канады. Менавіта яны забашлялі за пабудову клуба.
Клуб прыцягваў усю інтэлігенцыю Менска. Днём тут пад каву глядзелі кінцо, увечары муцілі тэатральныя спектаклі на невялікай сцэне. Працавала бібліятэка, недарагі буфет-сталоўка. Падчас вайны сталовая ператварылася ў рэстарацыю з моцнымі дрынкамі з-пад палы (афіцыйна спірт быў забаронены). На сцэне выступалі шансан’еткі, у глядзельнай зале стаялі сталы, за якімі госці валіліся ў карцішкі і лато.
У 1917 годзе, пасля Лютаўскай рэвалюцыі ў будынку “Амерыканкі” зарганізавалася Першае Беларускае таварыства драмы і камедыі “Беларуская хатка”.