Эмблема фестывалю
Лялечнае мастацтва аб’яднала тэатральныя калектывы розных краін, творчыя канцэпцыі і падыходы на сцэне VI Беларускага міжнароднага фестывалю тэатраў лялек, што праходзіць у Мінску з 24 па 30 траўня.
Аляксей Ляляўскі
На ўрачыстай цырымоніі адкрыцця фестывалю галоўны рэжысёр Беларускага дзяржаўнага тэатра лялек Аляксей Ляляўскі адзначыў: «Я лічу, што наш Бураціна, які адарваў усе свае ніткі, кажа нам пра тое, што ў гэтыя дні мы павінныя быць свабоднымі і дзяліцца з гледачом той радасцю, якую адчуваем на сцэне».
Спектакль «Фасад»
Цудоўным, абсалютна непараўнальным спектаклем «Фасад» стартаваў фестываль – сваю працу на суд публікі першым прадставіў Беластоцкі тэатр лялек. Выразныя, пластычныя (нягледзячы на памеры) лялькі, лаканічнае дзеянне, зразумелае без словаў, літаральна зачаравала гледачоў. Невыпадкова гэты спектакль ужо мае ўзнагароды іншых фестываляў.
Спектакль «Фасад»
Сапраўды, беларусы атрымалі выключную магчымасць – пабачыць найлепшыя пастаноўкі замежных калектываў і пазнаёміцца з апошнімі прэм’ерамі айчынных лялечных тэатраў.
Спектакль «Фасад»
Сярод замежных удзельнікаў трэба адзначыць тэатр «Агора» з Бельгіі, Латвійскі тэатр лялек, «Тэатр у чэмадане» з Эстоніі і Міні-тэатр са Славеніі. З Расіі завіталі «Чамадан-дуэт “Квам”» (Санкт-Пецярбург), Архангельскі і Кемераўскі абласныя тэатры. Украіну прадстаўляе Палтаўскі лялечны тэатр. На фестываль таксама з’ехаліся ўсе айчынныя лялечныя тэатры – мастацкія калектывы з Брэста, Віцебска, Гомеля, Гродна, Маладзечна, Магілёва і Мінска.
Спектакль «Фасад»
Каля дваццаці фестывальных паказаў, як для ўжо сталых тэатралаў, так і для маленькіх гледачоў, пройдуць на пяці сталічных пляцоўках.
Спектакль «Фасад»
Акрамя таго, арганізатары ладзяць так званы «Вечаровы клуб», дзе можна абмяняцца меркаваннямі наконт убачанага, падыскутаваць са стваральнікамі спектакляў і паслухаць музычныя калектывы: «Серебряную свадьбу», «Нагуаль», Нона-Band, «Рэха», «Или-или», «Дыліжанс-джаз». Таксама ў Клубе возьме ўдзел Тэатр сучаснай харэаграфіі D.O.Z.S.K.I.
Спектакль «Фасад»
Аб тым, што чакае гледачоў на працягу найбліжэйшага тыдня, можна даведацца на сайце Тэатра лялек.
Гурт «Нагуаль»